17.09.2017 / 16:37

Стала вядома, хто і якімі сумамі фінансуе кнігі пра «Мураўёва-рэфарматара» і «Белую гвардыю Белай Русі» 47

Цягам апошніх гадоў у Расіі выйшла нямала кніг, арыентаваных на беларускага чытача. Аўтары — так званыя «заходнерусісты», якія адмаўляюць права Беларусі на незалежнасць. Там і Бендзін, і Крыштаповіч, і аўтар заблакаванага ў Беларусі «Спутніка і погрома» Авяр'янаў-Мінскі.

Раней мы падрабязна пісалі пра гэтае кола. 

Чытайце: Хто хоча зрабіць з Беларусі Заходнюю Расію — дасье

Усе яны разам і паасобку штампавалі творы, дзе даводзілі думкі пра «агульнарускую дарогу», якая толькі і можа прывесці Беларусь да росквіту.

Вось і новыя тры кнігі рыхтуюцца да выхаду. Хто гэта аплачвае?

Як высветліла «Наша Ніва», сродкі на напісанне русафільскіх кніг, нацэленых на беларускую аўдыторыю, выдаткоўвае расійская арганізацыя CIS-EMO.

Гэта своеасаблівая арганізацыя. CIS-EMO расшыфроўваецца як Commonwealth of the Independent States — Election Monitoring Organization. Яна была створаная як процівага БДІПЧ АБСЕ і назіральным місіям АБСЕ. 

CIS-EMO паслядоўна прызнавала свабоднымі і справядлівымі выбары ў Расіі, Беларусі, Казахстане, Таджыкістане ды іншых краінах, дзе назіральнікі АБСЕ канстатавалі або фальсіфікацыі, або страх і адсутнасць канкурэнцыі.

Але з часам арганізацыя CIS-EMO выйшла за межы першапачатковай місіі.

Яна выдае зборнікі тыпу «Парушэнні правоў чалавека ў Літве», «Новая Еўропа Уладзіміра Пуціна» (на вокладцы — Пуцін з Лё Пэн), «Крывавыя злачынствы бандэраўскай хунты».

Саму гэтую арганізацыю стварылі ў 2003 годзе, на чале стаў расійскі паліттэхнолаг Аляксей Качаткоў, які працаваў у Дзярждуме, адказваў за сувязі з краінамі былога СССР, цяпер узначальвае фонд «Народная дыпламатыя» і мае сувязі ў тым ліку з беларускім «Румолам». 

Расійскі дзяржаўны сацыяльны ўніверсітэт у Мінску, 28 кастрычніка 2016. Расійскі фонд «Народная дыпламатыя» прэзентуе студэнтам «вядомага чарнагорскага журналіста». Побач у акулярах сядзіць Сяргей Лушч. Нагадаем, што ў Чарнагорыі нядаўна была сарваная спроба дзяржаўнага перавароту, арганізаваная расійскімі структурамі. 

Чытайце таксама: Ад неанацызму і змагання з «юда-хрысціянскай акупацыяй» да студыі Давыдзькі: спецматэрыял пра кіраўніка «Румола» Сяргея Лушча

Ад 2013 году CIS-EMO узначальвае Аляксандр Бядрыцкі, супрацоўнік Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў. Ён пазіцыянуе сябе як знаўца амерыкана-расійскіх адносін і спецыяліст па інфармацыйных войнах. 

Чытайце таксама: Дырэктар Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў: Незалежнай Беларусі быць не можа

Вось спіс некаторых кніг, выдадзеных CIS-EMO за час яго работы:

К. Аверьянов-Минский, В. Мальцев. «Белорусский национализм против Русского мира»

Л. Криштапович, А. Филиппов. «БССР и Западная Белоруссия: 1919-1939»

А. Бендин. «Михаил Муравьев-Виленский. Усмиритель и реформатор Северо-Западного края Российской империи».

Н.Н. Малишевский. «Белая гвардия Белой Руси» (Серия «Славные имена Белой Руси»).

Материалы молодёжного форума «Общее культурное наследие России и Белоруссии». (24 апреля 2017 г.)

Гордость Советской Белоруссии. Книга I. (Серия «Славные имена Белой Руси»).

Материалы круглого стола «Россия и Белоруссия: общее культурное наследие». Смоленский гуманитарный университет, 10 декабря 2016

Материалы международного круглого стола «Цивилизационные основы государственности России и Белоруссии»

А адкуль сродкі на гэта? Арганізацыя CIS-EMO атрымлівае грошы з дзяржаўнага бюджэту Расіі: прэзідэнт штогод выдае Распараджэнні, якія маюць на мэце грантавую падтрымку «некамерцыйных няўрадавых арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у развіцці інстытутаў грамадзянскай супольнасці, рэалізуюць сацыяльна значныя праекты ў сферы абароны правоў і свабод чалавека».

Вось гэтае распараджэнне за 2016 год, напрыклад, на сайце прэзідэнта Расіі.

Гранты, у сваю чаргу, звычайна праходзяць праз Нацыянальны дабрачынны фонд Расіі, або праз Расійскі саюз моладзі, у чыіх «конкурсах» «перамагае» CIS-EMO. 

Колькі грантаў ад прэзідэнта Расіі атрымалі гэтыя аўтары на свае кніжкі?

Мы знайшлі некаторую інфармацыю.

Так, у 2016 годзе яны атрымалі два з паловай мільёна расійскіх рублёў (каля $45 тысяч) на «распрацоўку гуманітарнага падмурка расійска-беларускай інтэграцыі, супрацьдзеянне фальсіфікацыі гісторыі».

Што ўключае праект? «Распрацоўку і выданне тэматычнай літаратуры па беларускай гісторыі і супольнай гісторыі Расіі і Беларусі і яе распаўсюд сярод экспертнай супольнасці, студэнцкага і масавага чытача».

Як гаворыцца ў рашэнні аб выдзяленні сродкаў, «праект нацэлены на аднаўленне агульнарускай ідэнтычнасці грамадзян Расіі і Беларусі,

супрацьдзеянне фальсіфікацыі гісторыі шляхам асвятлення мінулага Беларусі без нацыяналістычных скажэнняў і перадзёргванняў. У выніку ў грамадзян Беларусі мае сфарміравацца пазітыўны вобраз Расіі, што будзе спрыяць ўмацаванню двухбаковых адносінаў ў межах Саюзнай дзяржавы РФ і РБ».

Гэта не адзіны грант у тым годзе, які атрымала загадкавая CIS-EMO, да якой прыбіліся беларускія публіцысты, таму мы не можам сказаць, колькі кніг напісана канкрэтна за гэтыя $ 45 тысяч.

Столькі ж грошай CIS-EMO, напрыклад, атрымала на падрыхтоўку экспертнага даклада «Стратэгія ўзаемадзеяння з замежнымі НПА на постсавецкай прасторы». Траціна гэтага «экспертнага даклада» прысвечана Беларусі, якую там абвінавачваюць у распальванні сепаратызму (!) на Смаленшчыне і ў Калінінградскай вобласці. Даклад выйшаў у 2016 годзе.

На гэты даклад таксама былі выдаткаваныя 2 500 000 расійскіх рублёў (каля $45 тысяч) прэзідэнцкага гранту. Прычым у гэтым разе бачна, што грошы браліся «на Крым», а атрымаўся даклад пра Беларусь і Казахстан. 

Але вернемся да тых $ 45 тысяч за даклад. Такім чынам, ці не цана гэта за адну кнігу?

Гэтыя кнігі распаўсюджваюцца збольшага задарма, але прадаюцца і за грошы — у асобных праваслаўных інтэрнэт-крамах Беларусі, кшталту «Святла Фавора».

Некаторыя ўніверсітэты, напрыклад, Магілёўскі дзяржаўны імя Куляшова, нават мелі летась неасцярожнасць правесці ў сваіх сценах прэзентацыю кнігі «Несвядомая гісторыя Белай Русі». Яе правёў заходнерусіст Леў Крыштаповіч.

У планах CIS-EMO цяпер — выбіць грошы на вывучэнне «перспектыў супрацоўніцтва прыгранічных вобласцяў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь».

«Саюзная дзяржава Расіі і Беларусі існуе ўжо 20 гадоў, але інтэграцыйныя працэсы ідуць не так хутка, як меркавалася спачатку. Адна з прычын гэтага, як уяўляецца, малая распрацаванасць праблемы супрацоўніцтва прыгранічных вобласцяў РФ і РБ», — пішуць аўтары ў заяўцы на грант.

Выглядае, што CIS-EMO з «маніторынгавай арганізацыі» ператварылася ў структуру, паралельнай задачай якой стала прасоўванне ідэй «рускага свету» і фінансаванне асоб, якія адстойваюць выгадныя для Расіі ідэі. Прычым калі ў краінах Еўрасаюза гэта ідэі выхаду краін з ЕС, то ў Беларусі гэта думка пра несамастойнасць беларусаў як нацыі і патрэбе Беларусі расійскага парасона.

Арцём Гарбацэвіч

3
Piotr / Адказаць
17.09.2017 / 16:50
CIS-EMO, по всей видимости, является подставной организацией ФСБ, а выделяемые ей средства берутся из бюджета ФСБ, по статье "расходы на подрывные операции за рубежом", или что то в этом роде.
5
Бай / Адказаць
17.09.2017 / 16:54
Распил очередной.
3
M113 / Адказаць
17.09.2017 / 17:07
Бай, канешне распіл, толькі ад таго іх дзейнасць меньш шкоднай не робіцца. А тое, што падобных маргінальных пісакаў неяк праводзяць ў сцены ўнівераў - зусім гамон. 
І зноўку распаўсюдам гэтага займаецца РПЦ. 
Паказаць усе каментары/ 47 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру