Пераход усіх краін Еўрасаюза на еўра не гарантуе эканамічную ўстойлівасць садружнасці. Пра гэта заявіла ў пятніцу ў Берліне канцлер ФРГ Ангела Меркель на прэс-канферэнцыі з прэм'ер-міністрам Францыі Эдуаром Філіпам, паведамляюць інфармагенцтвы.
«Валюта важная, але яна не можа гарантаваць, што мы ў Еўропе будзем моцнымі», — сказала яна. Пры гэтым Меркель падкрэсліла, што валютная палітыка павінна быць увязаная з эканамічнай. «Але эканамічная палітыка ў нас неаднастайная», — канстатавала кіраўнік кабінета міністраў.
Каментуючы выказванні кіраўніка Еўракамісіі Жан-Клода Юнкера аб пераходзе ўсіх краін ЕС на еўра, яна сказала: «Для нас важна, каб крытэрыі для пашырэння еўразоны выконваліся як і раней». Меркель пры гэтым нагадала, што некалькі гадоў таму ў еўразону ўдалося прыняць краіны Балтыі, Славакію і Славенію.
Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»