Як паведаміў партал lrytas.lt, беларускі памежнік зайшоў на тэрыторыю Літвы, прабыў там меней за хвіліну і вярнуўся на тэрыторыю Беларусі. Інцыдэнт адбыўся ў зоне адказнасці Друскеніцкай памежнай заставы.
Камеры назірання зафіксавалі, як практычна ўздоўж дзяржаўнай мяжы ідуць і кураць два беларускія памежнікі, піша DELFI.
Ілюстрацыйнае фота.
На камерах зафіксавана, як чалавек падышоў да памежнага слупа, азірнуўся, ступіў на тэрыторыю Літвы, прайшоў не больш за 2,5 метра і штосьці ўзяў з зямлі — найхутчэй, грыб. А пасля ступіў назад. Парушэнне мяжы трывала менш за хвіліну, аднак фармальна дзяржаўная мяжа была парушана.
У пракуратуры, якая вядзе праверку, агенцтву BNS паведамілі, што раней такія інцыдэнты здараліся з грыбнікамі, а з беларускімі адказнымі асобамі — упершыню ў практыцы пракурора.
Беларускі бок прызнае факт парушэння мяжы, аднак парушальніка называе «нявысветленай асобай».
На сустрэчы, якая адбылася пасьля інцыдэнту на запыт літоўскага боку, беларускія адказныя асобы паведамілі, што расследуюць інцыдэнт і паведамяць пра вынікі літоўскім калегам.