16.09.2017 / 21:35

Паўночная Еўразія пад уладай слоў: выйшла інавацыйная гісторыя Расіі і суседзяў 20

Рэдакцыя расейска-амерыканскага часопіса «Ab Imperio» на працягу апошніх гадоў працавала над праектам новага курсу расейскай гісторыі. Выдадзеная сёлета праца «Новая імперская гісторыя Паўночнай Еўразіі. Канкуруючыя праекты самаарганізацыі VII—XVIII ст.». прапануе арыгінальны погляд на гісторыю рэгіёна, скіраваны супраць старых схем і штампаў. Кнігу рэцэнзуе Антон Лявіцкі.

Паўночная Еўразія

Галоўнай задачай даследавання, задуманага як свайго кшталту эксперыментальны падручнік, быў не збор архіўных крыніц (як гістарычную навуку разумеюць у Беларусі), але пастаноўка арыгінальных пытанняў, ужыванне паняццяў і крытычны перагляд традыцыйных апавяданняў аб мінуўшчыне.

Заміж Расіі ў фокусе увагі знаходзіцца «Паўночная Еўразія» - умоўны рэгіён, у які ў залежнасці ад гістарычнага перыяду «ўваходзілі» розныя сучасныя краіны (у тым ліку Беларусь, Украіна, Польшча, балтыйскія краіны і інш.).

Гэты наватвор выкарыстаны для таго, каб унікнуць выдаткаў звычайных нацыянальных гісторый. Яны пішуцца так, нібыта пэўная краіна існавала заўсёды: з падручнікаў па гісторыі Беларусі выключаюцца Кіеў і Ноўгарад, а ў правобраз «нацыі» адвольна запісваюцца Полацкая зямля і Тураўская воласць.

Нешта падобнае адбываецца і з гісторыяй Расіі, якая з часу Карамзіна канцэнтруецца на гісторыі дзяржавы і займаецца сімвалічным прысваеннем вялікай традыцыі, пачатак якой ляжыць у т. зв. «Кіеўскай Русі» (аўтары карыстаюцца набліжанай да крыніц назвай — «Роуськая зямля» ці проста «Роусь»).

Наступствы такога спосабу пісаць гісторыю могуць быць далёка небяскрыўдныя. Мяркуюць, што гісторыкі ХІХ стагоддзя, занятыя такімі этнічнымі чысткамі ў сваіх працах (калі гісторыя Расеі, то толькі пра расейцаў, і г. д.), спрыялі ідэалогіям, якія ў наступным стагоддзі выклікалі рэальны выбух этнічнага гвалту.

Уява «Паўночнай Еўразіі» дазваляе аўтарам курса сканцэнтраваць увагу на іншых працэсах, чым гэта робіцца звычайна. Ім абыходзяць досвед самаарганізацыі і салідарнасці (так яны разумеюць нацыю), змены ў сацыяльным уяўленні (калі дзяржава з асабістага ўладання манарха стала клопатам пра супольны дабрабыт) і стыхійнае кіраванне разнастайнасцю.

Такая перспектыва дазваляе рэгулярна ўключаць у аналіз такія розныя краіны і супольнасці мінуўшчыны, як казацтва, Бліскучую Порту і Рэч Паспалітую абодвух народаў.

Нацыя

Карціна мінуўшчыны, якую прапануюць аўтары курса, не засяроджаная на адной нацыянальнай дзяржаве. Гэта не значыць, што паняцце нацыі губляе сваё значэнне. Наадварот, сюжэт аб нацыі адносіцца да скразных у кнізе.

У вызначэнні самога паняцця аўтары натхняюцца разважаннямі Бенедыкта Андэрсана. Нацыя разумецца як уяўленая прастора салідарнасці, як «жывое перажыванне завочнага сяброўства ў грамадзе «сваіх». Гэта не прыроднае адзінства групы людзей, а спосаб арганізацыі палітычнай супольнасці - допуску да грамадзянскіх правоў.

Зразуметая такім чынам нацыя пераўтвараецца ў прадукцыйны інструмент гістарычнага аналізу. Магчыма, слабасцю прапанаванай трактоўкі з’яўляецца шырыня яе магчымага дастасавання. Напрыклад, аўтары падручніка трактуюць як нацыю і феадальную сістэму васальнага падпарадкавання, і рускую інтэлігенцыю пачатку ХХ стагоддзя.

Тым не менш, даследчы прыбытак ад такога падыходу відавочны. Ён дазваляе іначай зірнуць на нацыю як на канкрэтны прадмет гістарычнай размовы.

Эмпірычная дакладнасць такога падыходу дазваляе сфармуляваць новыя пытанні, убачыць раней праігнараваныя паралелі. Напрыклад, чаму шляхецкая дэмакратыя ў Рэчы Паспалітай мела поспех у XVІ стагоддзі, а ў далейшым заняпала?

Або як неапратэстанты-штундзісты паўплывалі на практыку ўкраінскага нацыяналізму?

Пры гэтым не знікаюць з-пад увагі і тагачасныя ўяўленні пра нацыю; яны мелі свае канкрэтныя наступствы. XIX стагоддзе стала эпохай фарміравання нацыяналізмаў, і Расія не была выняткам. З 1860-х гадоў колішняя імперыя, існаванне якой вынікала з дынастыі, стала ўсё часцей разумецца як нацыянальная дзяржава расейцаў. Астатнія народы станавіліся «іншародцамі» - чужынцамі, нядобранадзейным элементам. Асабліва моцна засвоіў гэтую ўяву Мікалай ІІ, мяркуюць аўтары падручніка. Ягоная няздольнасць бачыць разнастайнасць сваёй дзяржавы, удзел у ёй нярускіх народаў яны лічаць адной з прычын драматычнага краху ягонай дынастыі.

Удзел у сучаснасці

Паняцце нацыі сэнсава звязана з іншым важным узроўнем падручніка. Гаворка ідзе пра ўдзел у еўрапейскай сучаснасці. Гэты сюжэт непасрэдна важны для беларускага чытача.

У XVІ стагоддзі, паказваюць даследчыкі, у тагачаснай Еўропе існавала некалькі «парахавых імперый» - магутных дзяржаў, якія вызначалі палітыку таго часу. Такія краіны, як Асманская імперыя ці Масковія (у нейкай ступені і Рэч Паспалітая), вылучаліся вайсковай магутнасцю. Але большасць гэтых дзяржаў у далейшым заняпалі.

Прычына гэтага ляжала ў спосабе ўяўлення дзяржавы і грамадства (сацыяльным уяўленні), лічаць аўтары. У ХVІІ стагоддзі ў еўрапейскіх дзяржавах пачынае пашырацца камералізм - вучэнне аб тым, што дзяржава павінна быць уладкаваная рацыянальна і ставіць за мэту дабрабыт падданых.

Імклівае пашырэнне гэтых ідэй прывяло да таго, што ў ХVІІІ стагоддзі паступова змянілася ўяўленне супольнасці, якая жыла ў межах пэўнай дзяржавы. Зараджаецца ідэя нацыі як крыніцы дзяржаўнага суверэнітэту. Вынікі «камералісцкай рэвалюцыі» можна бачыць ужо ў развіцці асветнага абсалютызму.

Але не ўсе грамадствы ў роўнай ступені здолелі засвоіць камералізм. Перадумовай поспеху гэтага вучэння была наяўнасць развітой грамадскай сферы - прасторы публічнай дыскусіі. Менавіта ў яе межах адбывалася ўкараненне гэтага светапогляду. Краіны, якія не мелі такіх грамадскіх сфер, прайгралі гістарычнае спаборніцтва.

Выпадкі Рэчы Паспалітай і Масковіі тут складаюць відавочнае выключэнне. Першая аказалася на ўзбочыне прагрэсу з цэлага шэрагу прычын; аўтары «Новай імперскай гісторыі» лічаць, што галоўную ролю адыграла слабаць рэспубліканскай улады. У тагачаснай жа Масковіі моцная цэнтралізаваная ўлада з сярэдзіны ХVІІ стагоддзя адкрыла для сябе патэнцыял камералізму. Свайго піку ягонае пераможнае шэсце ў Расіі дасягнула ў XVІІІ стагоддзі.

З таго часу Расія традыцыйна разглядалася як сучасная дзяржава, раўнапраўны суб’ект еўрапейскай супольнасці. Яскрава відаць гэта ў 1850-я гады, калі паражэнне ў Крымскай вайне было асэнсаванае як траўматычнае адкрыццё ўласнай адсталасці - адлучэння ад еўрапейскай культуры сучаснасці. Гэта стала магутным унутраным імпульсам для рэформаў.

У гэтым кантэксце становіцца ясна, як імперыя спрыяла «нацыянальнай самаарганізацыі народаў». Рэарганізуючы архаічны імперскі механізм, улады Расіі сутыкнуліся з дынамічнай разнастайнасцю падуладнай ім тэрыторыі. У працэсе кіравання гэтымі тэрыторыямі яны спрыялі з’яўленню новых народаў і нацый. Як гэта адбылося з беларусамі, апісаў Валер Булгакаў (у кнізе «Гісторыя беларускага нацыяналізму»). «Новая імперская гісторыя» дазваляе ўбачыць беларускі выпадак у шырэйшым кантэксце.

Панаванне слоў

Кнізе ўласцівы шэраг важных навацый, якія не выпадае разглядаць тут падрабязна. Гэта і шматлікія дасціпныя тлумачэнні агульнавядомых сюжэтаў (ад Вольгі са Святаславам праз смуту да аграрнага пытання рэвалюцыйнай эпохі). Гэта і строгая арганізацыя матэрыялу вакол некалькіх выразных сюжэтаў (кіраванне разнастайнасцю і самаарганізацыя праз вынаходства і запазычванне ідэй).

Гэта, урэшце, дэманстрацыя таго, што традыцыйны падзел працы паміж гуманітарнымі дысцыплінамі - хібны: гісторыкі таксама могуць працаваць з тэорыяй (пра гэта не ведаюць не толькі ў Беларусі).

Галоўная ўстаноўка кнігі ў тым, каб вывучаць уладу слоў (дыскурсаў ці ўяўлення). Гэта добра відаць, напрыклад, у тлумачэнні апрычніны Івана Жахлівага. Нечуваны выбух гвалту аўтары падручніка тлумачаць адсутнасцю мовы, пры дапамозе якой Іван IV мог асэнсоўваць царскую ўладу. Напружаны пошук выразных сродкаў прывёў яго ад каранацыі - праз спробу заваяваць новыя тэрыторыі (Лівонскі ордэн) - да вар’яцкай інсцэніроўкі заваёвы ўласнай краіны.

Гэткае разуменне гістарычнага працэсу (у нейкай ступені проціпастаўленае гістарычнаму матэрыялізму) дзейнічае на метаўзроўні кнігі. З яго вынікае разуменне практычнай рацыі гістарычнай навукі.

Менавіта гісторыкі, лічаць аўтары, канструююць вобразы будучыні. Гэта тлумачыцца ў прадмове з красамоўным загалоўкам: «Каму будзе патрэбная гісторыя заўтра». Адсюль ясна вынікае і палітычны эфект, якога павінна дасягнуць гэтая кніга. Ці, прынамсі, магла б - каб знайшла шырокі ўжытак у педагагічнай практыцы.

Безумоўна, з такой інтэрпрэтацыяй гістарычнага працэсу можна спрачацца. Але гэта не скасуе галоўных перавагаў гэтай працы. Узорнае выкарыстанне сучасных гуманітарных тэорый робіць яе абавязковай для прачытання ў Беларусі, прынамсі, для гісторыкаў.

Антон Лявіцкі

10
Верны / Адказаць
16.09.2017 / 22:16
Рускія кніжкі чытаць урэдна. Ад іх бывае Чачня Крым Дамбас. нам эта нада?
0
Гість / Адказаць
17.09.2017 / 02:17
К сожалению вынужден с вами согласиться
2
M113 / Адказаць
17.09.2017 / 02:51
Еўразія? Лолшто? Зашмат нехта думае пра Расею, адсталую краіну, якая была і будзе ў хвасце цывілізацыі. Занадта вялікую ролю ёй надае.
Паказаць усе каментары/ 20 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру