Большую частку праграмы, як заўсёды, складуць самыя крутыя айчынныя праекты, удзельнікаў якіх у гэтым годзе цікавіць Булгакаў і Меерхольд, геніяльнасць і жорсткасць.

Кошт квіткоў сімвалічны: усяго 5 рублёў.

Прадстаўляем вам падборку найцікавейшых пастановак, якія проста нельга прапусціць.

Любоў людзей і любоў да людзей

Тэатр «На балконе».

Тэатр «На балконе».

Спектакль: «Каханне людзей»

Хто: Тэатр «На балконе» (Мінск, Беларусь)

Калі: 21 верасня ў 21:00

Дзе: Ліцэй БДУ

Злачынства без пакарання, смерць у імя шчасця, амаральнасць дзеля нармальнасці — спектакль уяўляе сабой калейдаскоп з жыцця людзей, якія жывуць у чаканні цуду. Творчы тандэм рэжысёра Дзмітрыя Цішко, вучня мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра Мікалая Пінігіна, і найстарэйшага студэнцкага калектыву Беларусі, тэатра «На балконе», з’яўляецца прэм'ернай пастаноўкай па п'есе аднаго з самых запатрабаваных маладых беларускіх драматургаў Дзмітрыя Багаслаўскага.

«Тры …», або Новае прачытанне чэхаўскай п'есы

Спектакль: «Тры …»

Хто: Тэатр «Мадэрн» (Масква, Расія)

Калі: 23 верасня ў 21:00

Дзе: Ліцэй БДУ

На гэты спектакль варта прыйсці ўсім аматарам Антона Паўлавіча. Авангардная пастаноўка ад Маскоўскага драматычнага тэатра «Мадэрн» (дыпломны спектакль майстэрні Веры Глаголевай і Алега Фаміна), дзе класічны сюжэт змешчаны ў далёка не класічныя рамкі. Апавяданне будзе весціся праз прызму жаночых успамінаў і разважанняў.

Філіпінскі «Эдып» у найлепшых традыцыях Паўднёва-Усходняй Азіі

Спектакль: «Эдып»

Хто: Тэатр «DULAANGFILIPINO» (Маніла, Філіпіны)

Калі 24 верасня ў 21:00

Дзе: Ліцэй БДУ

Старая тэма пра галоўнае: ідэя прароцтва і лёсу не губляе актуальнасці і па сённяшні дзень. Пастаноўка прыйдзецца даспадобы аматарам філасофіі, псіхалогіі і, вядома ж, антычнай культуры. У аснову ляглі тры фіванскія п'есы, запраўленыя ўсходнімі матывамі, выдатнай сцэнаграфіяй і віртуознай гульнёй са святлом.

Свет эмоцый на мове танца

Спектакль: «Я хачу быць з табой»

Хто: Томаш Базан і Тэатральны праект «МААТ» (Люблін, Польшча)

Калі: 27 верасня ў 19:30

Дзе: Ліцэй БДУ

Ці ёсць мяжа чалавечым магчымасцям? Як дакрануцца да адлюстравання ў люстэрку? Гасцявы праект прафесійнага аўтара і выканаўцы з Польшчы Томаша Базана па-новаму адкрывае свет цялесны і свет духоўны. Карпатлівая даследчая праца на працягу 10 гадоў жыцця стала вынікам экстраардынарнага перформансу на сцэне. Гэта трэба ўбачыць, каб перавярнуць свой светапогляд.

Монаспектакль пра самы трагічны вобраз жанчыны

Спектакль: «Медэя. Адрынутая»

Хто: Тэатр «ORZU ARTS» (Лондан, Вялікабрытанія)

Калі: 27 верасня а 18:00

Дзе: Ліцэй БДУ

Эўрыпід, Сенэка і Хайнэр Мюлер — неверагодны сімбіёз антычнага міфа і сучаснага жыцця ўвасобіўся ў пастаноўцы гасцявога прафесійнага тэатра «ORZU ARTS» з Вялікабрытаніі. Рэжысёр стварыў вобраз жанчыны, якая спазнала асалоду кахання і пагібельнае зачараванне пачуццямі. Галоўная тэма: Яе любоў да Яго і Яго нелюбоў да Яе. Асуджаную кахаць таго, хто не любіць, сыграе таленавітая актрыса са Швейцарыі. Гэты мультынацыянальны праект ужо паспеў заваяваць прызнанне і любоў як крытыкаў, так і гледачоў, і ідзе ў Лондане пры нязменных аншлагах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?