Пра гэта са спасылкай на міністра замежных спраў Майкла Марціна паведамляе Irish Times.

Паводле выданьня, сёньня з Масквы ў Менск на перамовы аб будучыні дзіцячага адпачынку ў Ірляндыі прыбывае амбасадар гэтай краіны ў Расеі і Беларусі.

Напярэдадні кіраўнік ірляндзкага замежнапалітычнага ведамства сустракаўся са старшынёй дабрачыннай праграмы Chernobyl Children’s Project International. Падчас размовы было адзначана, што ірляндзкі бок будзе шукаць шляхі для фармальнага пагадненьня зь Менскам, якое б дазволіла і надалей ладзіць беларускім дзяўчаткам і хлопчыкам адпачынак і лекаваньне ў Ірляндыі.

Як заявіў міністар Майкл Марцін, ірляндзкі амбасадар павінен перадаць беларускаму боку «задаволенасьць Дубліна традыцыйным працяглым супрацоўніцтвам зь Менскам у галіне дзіцячага аздараўленьня». Майкл Марцін сказаў, што калі беларускаму ўраду будзе патрэбная для такіх паездак фармальная дамоўленасьць, ён «меў бы гонар бліжэйшым часам абмеркаваць гэтае пытаньне», бо гэта дазволіць ірляндзкаму ўраду «шчыльней супрацоўнічаць зь беларускімі міністэрствамі аховы здароўя, юстыцыі, адукацыі», каб у далейшым пазьбегнуць «розных юрыдычных момантаў».

Міністар выказаў спадзяваньне на сустрэчу са сваім беларускім калегам. Паведамляецца, што ў гэты чацьвер зь Лёндану ў Дублін прыбудзе амбасадар Беларусі ў Брытаніі і Ірляндыі.

«Я ведаю, што адмена дзіцячага аздараўленьня выклікала вялікую занепакоенасьць у тых ірляндзкіх сем’ях, якія бяруць удзел у праекце вось ужо 17 гадоў», — сказаў Майкл Марцін. Ён дадаў, што робіць усё, каб забясьпечыць «гэтаму праекту, які вытрыманы ў лепшых традыцыях ірляндзкай дабрачыннасьці і гасьціннасьці», далейшае існаваньне.

Кіраўніца Chernobyl Children’s Project International Эдзі Рош выказала задавальненьне ад сустрэчы зь міністрам. Яна спадзяецца, што ірляндзкія ўрадоўцы знойдуць, як зьняць забарону на дзіцячыя паездкі, інакш «найвялікшая шкода ад такой ізаляцыі будзе самім чарнобыльскім дзецям».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?