З-за збою ваеннай тэхнікі два чалавекі апынуліся ў шпіталі. Імаверна, інцыдэнт адбыўся незадоўга да візіту на палігон кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна.
Вось відэа інцыдэнту:
На чарговым этапе расійска-беларускіх вайсковых вучэнняў «Захад-2017» адбылося здарэнне: на палігоне «Лужскі» пад Санкт-Пецярбургам адбыўся міжвольны пуск ракет класа «паветра-зямля» з верталёта Ка-52, паведамляе Эхо Москвы.
«Яны ляцелі на цэлі, заставалася метраў 500, па заданні на баявым шляху ўключаюцца ланцугі ўзбраення, яны ўключылі, але там нешта закарацілі, і ракеты пайшлі самі. У аскепкаў разлёт вялікі, згарэлі як мінімум два аўтамабілі, два чалавекі атрымалі цяжкія траўмы, цяпер яны знаходзяцца ў шпіталі. Гэта была трэніроўка перад нейкай паказухай. Пацярпелі, хутчэй за ўсё, журналісты», — паведаміла сайту 66.RU дасведчаная крыніца.
Дакладная дата, калі адбылося здарэнне, невядомая. «Гэта адбылося ўчора, ці пазаўчора», — распавёў суразмоўца.
Пазней прэс-служба заходняй ваеннай акругі (ЗВА) удакладніла падрабязнасці інцыдэнту.
Адзначаецца, што распаўсюджанае ў інтэрнэце відэа, дзе верталёт страляе па грамадзянскіх машынах, знята не на «Захадзе-2017», а ў іншы час, і ніхто не пацярпеў. Пашкоджанні атрымаў толькі адзін грузавік. Калі менавіта гэта адбылося, не ўдакладняецца.
«На выкладзеных у сацыяльнай сетцы відэакадрах зафіксаваны выпадак, які адбыўся ў іншы перыяд часу, калі экіпажы верталётаў армейскай авіяцыі ў рамках лётна-тактычнага вучэння адпрацоўвалі практыкаванне па паражэнні наземных цэляў. Сістэмай навядзення аднаго з верталётаў быў здзейснены памылковы захоп цэлі. У выніку трапляння некіравальнай ракеты атрымаў пашкоджанні адзін з грузавых аўтамабіляў без людзей», — растлумачылі ў прэс-службе ЗВА.