Аляксандр Лукашэнка і міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу 20 верасня будуць назіраць за вучэннямі на агульнавайсковым палігоне «Барысаўскі». Пра гэта паведаміў падчас брыфінгу прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны Беларусі Уладзімір Макараў, піша Tut.by.
Як распавёў прадстаўнік Мінабароны журналістам, на палігоне пройдуць вучэнні па адбіцці нападу ўмоўнага праціўніка, правядзенні контрнаступлення з наступным разгромам праціўніка і аднаўленнем страчанага становішча.
Самалёты Су-34 і Су-25, верталёты Мі-24 і Мі-28Н нанясуць удары па сілах умоўнага праціўніка. Самалёты Су-24МР ажыццявяць кантроль вынікаў удараў авіяцыі, а верталёты Мі-8 высадзяць дэсант.
У ходзе розыгрышу тактычных эпізодаў будзе прадэманстраваная магчымасць новых узораў узбраення і ваеннай тэхнікі, распрацаваных арганізацыямі абароннага сектара эканомікі Беларусі. У ліку дэманстраванай тэхнікі лёгкабраняваны аўтамабіль «V1» (ААТ «МЗКЦ») з процітанкавым ракетным комплексам, бронетранспарцёр «Кайман» з 7,62-мм чытарохрствольным авіяцыйным кулямётам ГШГ (Глаголеў, Шыпуноў, Гразеў), радыёэлектронная стрэльба «Навальніца-Р» для барацьбы з мультыкоптарамі вытворчасці ААТ «КБ Радар», а таксама мадэрнізаваныя танкі Т-72 БМ3.
За актыўнай фазай вучэння будуць назіраць прадстаўнікі міжнародных арганізацый (ААН, АБСЕ, НАТА, СНД, АДКБ, МКЧК), ваенна-дыпламатычнага корпуса замежных краін, акрэдытаваныя пры амбасадах сваіх краін у Беларусі, і ваенныя назіральнікі ад Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швецыі і Нарвегіі.