Кіраўнік Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк у інтэрв’ю сайту informnapalm.org выказаў сваё меркаванне, чым могуць скончыцца вучэнні «Захад-2017».
«Пасля сканчэння вайсковых забавак (вучэнняў) частка расейскага войска будзе вывезеная з Беларусі, гэта ўсім пакажуць і раструбяць. Вайсковая тэхніка, бранятэхніка, артылерыя і схаваная частка жаўнераў застанецца», — кажа Зянон.
На думку Зянона, калі сціхне інфармацыйны шум, то расейскае войска зноў ціха зойдзе на тэрыторыю Беларусі. Пасля чаго будуць створаныя ўдарныя групоўкі на поўдні і паўночным захадзе краіны.
«У гэты час магчыма заключэнне «міждзяржаўнага» пагаднення або дамовы з Лукашэнкам адносна ўвядзення і дыслакацыі «абмежаванага» кантынгенту расейскага войска ў Рэспубліцы Беларусь (з прыкладу краінаў былога Варшаўскага блоку) у сувязі «з пагрозай арміі NATO», — выказвае версію палітык.
Зянон Пазняк мяркуе, што Пуцін можа захацець напасці на Украіну з тэрыторыі Беларусі.
«Неверагодна, каб Лукашэнка даў загад беларускаму войску страляць па ўкраінцах. Крывавы канфлікт будуць правакаваць расейцы, каб уцягнуць беларусаў у вайну. Таму ўкраінцам давядзецца здзяйсняць адасабленне расейскіх войскаў, а з беларускай арміяй праводзіць сепаратныя перамовы і прыймаць пагадненні. Гэта можа атрымацца. У тым ліку і з Лукашэнкам», — перакананы старшыня КХП-БНФ.