З пачатковай школай пры сталічным Доме міласэрнасці, якой апекаваўся айцец Фёдар Поўны, здарылася дзіўная сітуацыя. За месяц да пачатку навучальнага года святар атрымаў ліст з аддзела адукацыі з паведамленнем, што школа закрываецца.

Сутнасць гісторыі такая: пры Доме міласэрнасці доўгі час існавала пачатковая школа для дзяцей з першага па чацвёрты клас. Спачатку гэта былі дзеці, прыпісаныя да школы №137, пасля — да школы №61, будаўніцтва якой і пачалося пры актыўным удзеле а. Фёдара.

Дзеці лічыліся вучнямі гэтых школ, але ў рэальнасці займаліся на тэрыторыі Дома міласэрнасці. Умовы былі камфортныя — падлогі былі з падагрэвам, крэслы супраць скаліёзу.

Дом Міласэрнасці ў Мінску, фота kudago.com

Дом Міласэрнасці ў Мінску, фота kudago.com

Плацілі бацькі толькі за харчаванне, каля 40 рублёў на месяц. Гэта даражэй, чым у школе, затое і кармілі некалькі разоў на дзень.

Настаўнікі да школьнікаў прыходзілі са школы №61, да якой і былі прыпісаныя. І вось цяпер стала вядома, што ўсе заняткі ад пачатку навучальнага года перанесліся ў саму школу.

Пра прычыны гэтага існавалі розныя здагадкі: у прыватнасці, у інтэрнэце шырыліся чуткі пра «палітычную недабранадзейнасць» школьнікаў, якія, маўляў, не хацелі ўступаць у піянеры і БРСМ.

«Наша Ніва» паспрабавала выясніць, чаму ж насамрэч перанеслі класы.

Айцец Фёдар Поўны рэзка абвяргае ўсе чуткі.

«Я ў інтэрнэце чаго толькі не чытаў. Скажу так: мы вельмі шчыльна супрацоўнічаем з БРСМ, нават разам аднаўляем цэрквы. Пра піянерыю і ўсё астатняе — гэта лухта», — кажа ён.

«Па-першае, гэтыя класы ніколі не былі праваслаўнымі. Памылкова так думаць, — дадае Поўны. — Гэта звычайныя класы звычайнай школы з, падкрэслю, «праваслаўнай формай выхавання на традыцыях беларускага народу». Мы ніякім чынам не ўплывалі на сістэму адукацыі: адукацыя была выключна школьнай».

Святар тлумачыць, што факультатыў па асновах хрысціянскай культуры праводзіўся адзін раз на тыдзень, дый той быў добраахвотным.

«Я разумею і школу, і сістэму адукацыі. Нават чыста па-чалавечы, ёсць такое паняцце — рэўнасць: да нас конкурс 10 чалавек на месца, а ў тую школу не хочуць ісці. Дырэктарка кажа: давайце мы такія самыя класы створым, а бацькі ўсё роўна да нас… Канечне, былі розныя меркаванні і ў бацькоў, і ў педагогаў. Клас не заставаўся як суцэльная адзінка: да іх дадавалі новых дзяцей, хтосьці пераходзіў у іншыя школы. Я таксама прыйшоў да высновы, што клас павінен быць у школе. Яны і не мусілі быць пры Доме міласэрнасці, але так выйшла… А хто быў ініцыятарам пераносу? Я не ведаю. Так супала, відаць. Я ў гэты працэс не ўмешваўся», — рэзюмаваў а. Фёдар. Ён запэўнівае, што памяшканні былых класаў не будуць прастойваць. Маўляў, у Дома міласэрнасці хапае спраў, каб іх заняць — гэта нядзельныя школы і для дзяцей, і для дарослых, хор і гд.

Але як стала вядома «Нашай Ніве», гэта была ўжо не першая спроба перанесці пачатковыя класы ў школу, але раней ад іх «адбіваліся».

Справа ў тым, што з 2015 году класы фармальна сталі па-за законам, бо раней іхняе існаванне на тэрыторыі Дома міласэрнасці рэгулявалася пагадненнем паміж праваслаўнай царквой і Міністэрствам адукацыі, дзе яны былі прапісаныя асобным пунктам. А вось у 2015 годзе падчас перазаключэння дамовы, якую падпісвае мітрапаліт Павел, пункт пра гэтыя класы з тэксту знік.

Летась у Поўнага атрымалася адстаяць іх, а сёлета за іх біліся ўжо толькі бацькі, якім было важна, каб іх дзеці займаліся менавіта пры Доме міласэрнасці — яны нават хадзілі на прыём да міністра адукацыі Ігара Карпенкі.

«Я так разумею, айцу Фёдару надакучыла біцца, — кажа бацька аднаго з школьнікаў. — Таму мы самі пісалі лісты, каб не закрывалі: прынамсі дайце давучыцца тым, хто там займаецца. Была сустрэча з міністрам у пятніцу, у пазапрацоўны час. Карпенка быў ветлівы, але па сутнасці не сказаў нічога: маўляў, «разумею, што там добра», але «вы ж разумееце, нам нельга рабіць такі прэцэдэнт».

«А прэцэдэнтам ён лічыў, што не можа навучальная ўстанова знаходзіцца на тэрыторыі рэлігійнай суполкі. Тады ўсе суполкі захочуць адкрыць сабе школы. Ён казаў, што ў нас мультыкультурная дзяржава і што трэба выбудоўваць неяк нацыянальную ідэнтычнасць, як быццам бы гэтая школа неяк адмоўна ўплывала на яе. Я гэтага не зразумеў. Карпенка сказаў, што справа вырашаная, і школы не будзе. Сустрэча была пратакольная. Ён апеляваў да таго, што існаванне гэтых класаў супярэчыць закону, казаў, што на яго ціснуць і ён не можа ўжо нічога змяніць».

Таксама бацькі сказалі нам, што хадзілі з гэтым пытаннем да Мітрапаліта Паўла, але той сказаў ім звярнуцца да яго пісьмова.

Дырэктарка школы №61 не стала нічога каментаваць, сказаўшы, што ёй «трэба параіцца з начальствам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?