На Нацыянальным прававым партале апублікаваны ўказ №337 «Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб» ад 19 верасня 2017 года. Дакументам пашыраецца пералік відаў эканамічнай дзейнасці, якімі грамадзяне маюць права займацца без рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў пры ўмове выплаты адзінага падатку.
Ва ўказе таксама прапісаны памеры базавых ставак адзінага падатку для фізічных асоб, якія будуць займацца эканамічнай дзейнасцю без рэгістрацыі ў якасці ІП.
Стаўкі дыферэнцыююцца у залежнасці ад населеных пунктаў: у першую групу ўваходзяць Мінск, Мінскі раён, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, у другую — Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Жлобін, Жодзіна, Ліда, Мазыр, Маладзечна, Наваполацк, Орша, Пінск, Полацк, Рэчыца, Светлагорск, Слуцк, Салігорск, у трэцюю — астатнія населеныя пункты.
Так, стаўкі адзінага падатку пры рэалізацыі хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, гатовай кулінарнай прадукцыі для першай групы населеных пунктаў складуць 16—97 рублёў, для другой — 15—60 рублёў і для трэцяй — 10—60 рублёў. Пры прадастаўленні фізічным асобам жылых памяшканняў, садовых домікаў, дач для кароткатэрміновага пражывання стаўкі адзінага падатку будуць раўняцца 15—145, 42—145 і 23—120 рублёў адпаведна за кожнае жылое памяшканне, садовы домік, дачу, здадзены ў наём.
Памер базавай стаўкі адзінага падатку за выкананне работ і аказанне паслуг па дызайне інтэр'ераў, графічным дызайне, афармленні (упрыгожванні) аўтамабіляў, унутранай прасторы капітальных пабудоў, памяшканняў, іншых месцаў, мадэляванне прадметаў афармлення інтэр'еру, тэкстыльных вырабаў, мэблі, адзення і абутку, прадметаў асабістага карыстання і бытавых вырабаў складзе 55—97, 50—87 і 30—57 рублёў адпаведна.
За дзейнасць, звязаную з рамонтам гадзіннікаў, абутку; рамонтам і аднаўленнем, уключаючы перацяжку, хатняй мэблі з матэрыялаў заказчыка; зборкай мэблі; наладкай музычных інструментаў, адзіны падатак вызначаны ў памеры 25—86, 20—86 і 15—79 рублёў адпаведна.
Стаўкі адзінага падатку пры распілоўцы і колцы дроў, пагрузцы і разгрузцы грузаў складуць 5—39, 4,5—37 і 4—18 рублёў адпаведна.
Пры вытворчасці адзення (у тым ліку галаўных убораў) і абутку з матэрыялаў заказчыка стаўкі вызначаны ў памеры 25—113, 19—113 і 17—80 рублёў, пры ажыццяўленні тынкавых, малярных, шкляных работ, работ па ўкладцы пакрыццяў падлогі і абліцоўванні сцен, абклейванні сцен шпалерамі, мураванне (рамонт) печы і каміна — 52—145, 42—145 і 23—120 рублёў адпаведна.
Распрацоўка вэб-сайтаў, усталёўка (наладка) камп'ютара і праграмнага забеспячэння, аднаўленне камп'ютараў пасля збою, рамонт, тэхабслугоўванне камп'ютараў і перыферыйнага абсталявання, навучанне працы на персанальным камп'ютары абыдуцца ў 55—97, 50—87 і 30—57 рублёў адпаведна.
Стаўкі пры аказанні касметычных паслуг, паслуг цырульніка, паслуг па манікюры і педыкюры складуць 38—116, 32—60 і 21—47 рублёў адпаведна.