ТАСС
Дэлегацыя Чачні на чале з Рамзанам Кадыравым наведае Беларусь 25 верасня.
Пра гэта паведаміў сёння журналістам на брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, піша БелТА.
Пра гатоўнасць прыехаць у Беларусь для абмеркавання перспектыў развіцця супрацоўніцтва кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў яшчэ ў лістападзе мінулага года ў адказ на запрашэнне Лукашэнкі, якое прагучала ў час размовы з расійскімі журналістамі.
«Паважаны Аляксандр Рыгоравіч! Вельмі крануты Вашымі добрымі словамі ў адрас Чачэнскай Рэспублікі і чачэнскага народа! (…) Лічу сваім абавязкам запэўніць, што з такой жа павагай мы ставімся да Вас асабіста, да Рэспублікі Беларусь і да беларускага народа! Адназначна, прымаю Вашу крытыку, як ад мудрага, вопытнага палітыка, лідара дружалюбнай Расіі дзяржавы і братняга народа! Лічу для сябе за гонар прыехаць у Мінск і сустрэцца ў любы зручны для Вас час», — пісаў тады Рамзан Кадыраў у сваім інстаграме.