Яшчэ адносна нядаўна выпечка найпрасцейшага кекса была для мяне сапраўдным выклікам. Але паступова, дзякуючы практыцы і непераадольнай любові да смачнай ежы, усё змянілася. Я аддаю перавагу рэцэптам, якія не патрабуюць залішніх высілкаў і доўгіх «танцаў з бубнам» ля пліты. Таму ўпэўненая: атрымалася ў мяне — атрымаецца і ў вас.
Я люблю сезоннасць у выпечцы, таму пачаць нашы кулінарныя прыгоды прапаную з грушава-міндальных кексаў. Міндальная мука камусьці можа падацца занадта дарагім і экзатычным інгрэдыентам. Але ўявіце сабе маё здзіўленне, калі, гартаючы «Літоўскую кухарку» Вінцэнты Завадскай, я пабачыла, што для нашых продкаў гэтая мука была даволі звыклым складнікам печыва і дэсертаў. Да таго ж, яе не шкадавалі: «вазьміце 12 жаўткоў, шклянку дробна пасечанага міндалю»…
У нашым рэцэпце міндальнай мукі зусім няшмат. Можна купіць міндаль і самастойна здрабніць яго ў блендары — выйдзе танней. А можна ўвогуле замяніць той жа колькасцю цэльназерневай мукі, а для водару і смаку дадаць улюбёныя прыправы — цынамон, кардамон… Але раю ўсё ж паспрабаваць міндаль, ён надае кексам незвычайную тэкстуру і лёгкасць.
Грушава-міндальныя кексы
Вам спатрэбіцца:
- 100 г пшанічнай мукі
- 100 г цэльназерневай мукі
- 50 г міндальнай мукі
- 2 ч. л. разрыхляльніку
- 90 г цукру
- 90 г масла
- 1 яйка
- 175 мл малака
- 2 вялікія грушы
Як рабіць:
1. Грушы пачысціць і нарэзаць невялікімі кубікамі.
2. Змяшаць тры віды мукі з разрыхляльнікам і цукрам. Дадаць пакроенае кубікамі масла і расцерці ўсё ў крошку.
3. Яйка злёгку ўзбіць відэльцам, змяшаць з малаком. Выліць у сумесь масла і мукі, размяшаць да аднароднасці (але ні ў якім разе моцна не вымешваць).
4. Дадаць парэзаныя грушы і зноў асцярожна размяшаць.
5. Запоўніць цестам формачкі прыкладна на 3/4. Зверху можна пасыпаць міндальнымі пялёсткамі ці рубленым міндалем з цукрам. Я ж зрабіла штрэйзель: змяшала ў крошку прыкладна па 30 г міндальнай мукі, цукру і масла.
6. Пячы 20-25 хвілін пры 200ᵒС.