23.09.2017 / 11:04

Навукоўцы распрацавалі антыцелы, якія забіваюць 99% штамаў ВІЧ 6

Амерыканскія навукоўцы распрацавалі антыцелы, якія забіваюць да 99% штамаў ВІЧ і здольныя знішчыць інфекцыю на ранняй стадыі. Злучэнне здольнае атакаваць тры ключавыя кампаненты віруса, паведамляе ВВС.

Science Photo Library

Аўтарамі распрацоўкі сталі Нацыянальныя інстытуты аховы здароўя ЗША і фармацэўтычная кампанія Sanofi.

Міжнародная супольнасць па барацьбе з ВІЧ (IAS) назвала распрацоўку навукоўцаў «цікавым прарывам».

Клінічныя выпрабаванні рэчыва плануецца пачаць у 2018 годзе.

Цяпер навукоўцы спрабуюць перамагчы ВІЧ, выкарыстоўваючы так званыя шырока нейтралізуючыя антыцелы, якія здольныя забіваць значную частку штамаў віруса і прадухіляць заражэнне.

Новая распрацоўка навукоўцаў, прадстаўленая ў навуковым часопісе Science, аб'ядноўвае тры тыпы такіх антыцелаў у магутнае рэчыва трайнога дзеяння.

«Яны [новыя антыцелы] больш магутныя і аказваюць больш шырокае дзеянне, чым любое асобна ўзятае натуральнае антыцела з вядомых на сённяшні дзень», — кажа адзін з аўтараў даследавання Гэры Нейбел.

Самыя магутныя прыродныя антыцелы здольныя перамагчы да 90% штамаў ВІЧ.

«Мы дасягнулі ахопу ў 99%, і ён дасягаецца пры вельмі нізкай канцэнтрацыі антыцела», — адзначае Нейбл.

У выніку вопытаў на 24 малпах ні ў адной з жывёл не з'явілася інфекцыя пасля ўвядзення ім віруса ВІЧ.

Кіраўнік Міжнароднай супольнасці па барацьбе з ВІЧ Лінда Гейл Бекер адзначае, што вобласць прымянення новых антыцелаў можа быць значна шырэйшая, чым можна ўявіць сёння.

«Сёння яшчэ раняя стадыя, і я як навуковец з нецярпеннем чакаю першых выпрабаванняў, якія павінны пачацца у 2018 годзе», — кажа Бекер.

Кіраўнік Нацыянальнага інстытута ЗША па вывучэнні алергічных і інфекцыйных захворванняў Энтані Фаучы назваў адкрыццё інтрыгуючым.

«Камбінацыя антыцелаў, кожнае з якіх звязанае з рознымі бакамі ВІЧ, лепш за ўсё здольная пераадолець ахоўную рэакцыю віруса і дасягнуць эфектыўнага ўзроўню лячэння і прафілактыкі», — адзначае навуковец.

Вірус ВІЧ валодае высокай здольнасцю да мутацыі, і імуннай сістэме чалавека складана адначасова змагацца з рознымі відамі штамаў.

8
Руслан / Адказаць
23.09.2017 / 12:13
Грэцкая прыстўка "ἀντί-" чытаецца як [an.tí] і ў беларускім вымаўленьні гучыць, як "анці-". Адпаведна мусіць і запісвацца: Анціцелы, анціфашызм, анціпод. Навошта выдумляць нейкую дзіўную і нехарактэрную для мовы транскрыпцыю на злом языка? Гучыць і выглядае вельмі карчакавата і цяжкаўспрымальна
1
Чытач / Адказаць
23.09.2017 / 13:56
Грэцкая прыстўка "ἀντί-" чытаецца як [an.tí] і ў беларускім вымаўленьні гучыць, як "анці-"
Руслан, гэта па-старажытнагрэчаску. А па-новагрэчаску гучыць як [adí] ці "адзі-" ў беларускім вымаўленні.
Анціцелы, анціфашызм, анціпод
З пералічаных Вамі лексем у старажытнагрэчаскай існаваў толькі "ἀντίπους". Ці варта запазычваць новагрэчаскую транскрыпцыю αντισώματα "адзісомата", αντιφασισμός "адзіфасізмос"? Прасцей трымацца традыцыі, зафіксаванай у беларускіх слоўніках:
http://slounik.org/search?dict=&search=%D0%B0%D0%BD%D1%82%D1%8B%D1%86%D0%B5%D0%BB%D1%8B&x=0&y=0
http://slounik.org/155294.html
http://slounik.org/search?dict=&search=%D0%B0%D0%BD%D1%82%D1%8B%D0%BF%D0%BE%D0%B4&x=0&y=0
2
нардная мова / Адказаць
23.09.2017 / 17:25
Тут наконт вымаўлення " анты-анці " тыповы выпадак, як з назвай горада Маладэчна. Афіцыйная назва горада - Маладзечна, а тутэйшыя старажылы (ня толькі гарадскія, але і вясковыя) кажуць Маладэчна. Гісторыя ўзнікнення цяперашняй афіцыйнай назвы такая, што калі прыйшлі ў 1939 годзе маскалі то з польскай мовы пераклалі на маскальскі дыялект рускай мовы, як Молодечно, а ўжо потым пераклалі на нашую рускую мову літвінаў , як Маладзечна, што гучыць не натуральна, так як у нашай мове пры перакладзе пры выбары паміж мяккімі "дзь","ць" і цвёрдымі "д", "т" пры магчымасьці схіляюцца да цвёрдых "д","т". Прывяду прыклад: у тым жа Маладэчне (маім родным горадзе) існуе фірма ,назва якой на маскальскім дыялекце рускай мовы "Дилис Косметик" , але на нашай мове ніхто не скажа "Дзіліс Касмецік", а скажуць "Дыліс Касметык". Нашая мова болей мужчынская.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру