Аляксандр Калінін стварыў арганізацыю, якую назваў «Хрысціянская дзяржава Святая Русь».

Спрэчкі ў Расіі вакол фільма «Матыльда» атрымалі новы паварот. У Маскве суд арыштаваў лідара незарэгістраванай арганізацыі «Хрысціянская дзяржава Святая Русь» Аляксандра Калініна.

Афіцыйна яго падазраюць у здзяйсненні ціску на кінатэатры ў сувязі з паказам фільма «Матыльда».

Раней паліцыя завяла крымінальную справу па артыкуле «Прымус да здзяйснення здзелкі або да адмовы ад яе здзяйснення» ў сувязі з пагрозамі гвалту і прычынення шкоды, якія рассылаліся кінатэатрам.

Калініна затрымалі 20 верасня ў Ліпецкай вобласці. Пры ператрусе ў яго знайшлі ўлёткі са словамі «За Матыльду гарэць». Затрыманыя і некаторыя іншыя актывісты «Хрысціянскай дзяржавы», названай па аналогіі з «Ісламскай дзяржавай».

Фільм рэжысёра Аляксея Учыцеля «Матыльда» апавядае пра сувязь расійскага цара Мікалая ІІ з каханкай, балерынай Матыльдай Кшэсінскай, заснаваны на рэальных гістарычных падзеях. Фільм выклікаў пратэсты Праваслаўнай царквы, якая прызнала Мікалая ІІ святым. Радыкальныя праваслаўныя актывісты нават ладзілі падпалы.

33-гадовы Калінін і ягоная арганізацыя заяўлялі пра мэту аднаўлення расійскай манархіі ў межах былога Савецкага Саюза.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?