Шаноўнае панства, вось што мяне асабіста пужае ў нашай беларускай медыяпрасторы, гэта не тое, што яна ў сферы ўплыву іншай краіны — тое якраз зразумела, — а што сярод тутэйшых медыяперсанажаў ідуць бясспынныя спробы нармалізацыі надзвычай палітычна ангажаванай рыторыкі і пункту гледжання пад выглядам дыялогу ды плюралізму меркаванняў.

Развялося сярод наведвальнікаў мінскіх кавярняў «аналітыкаў», «экспертаў» ды іншых цікавых персанажаў, якія пад выглядам гарантаванага сродку для росту вашага… дабрабыту прадаюць вам асліную мачу ды штурхаюць няшчаснае беларускае акно Овертана ўсё бліжэй да Мажая. Таму вам маленькае папярэджанне.

Некалі я зарокся чытаць эканамічныя ды фінансавыя прагнозы ды аналізы ў медыя былога СССР. Дарэчы, быў у гэтым пачыне я не адзін, тамака нас быў цэльны форум саўдзельнікаў. Маўляў, немагчыма ў плыні бруду знаходзіць, а тым больш даваць нейкае меркаванне. А тая плынь бруду, якая часам даходзіла да стадыі «чорная сперма фашызму», пачалася як падрыхтоўка да самі ведаеце чаго.

Найбольш аўтарытэтныя з таго кагалу перасталі наведваць постсавецкія версіі «Форбсаў», аўтахтонныя РБК ды іншыя «Гукі папсы». Усе іх аналізы ды назіранні застаюцца прамеж сваіх на тусоўках. Чаму? Бо, калі нехта ўсё ж вылезе са сваім «аўтарскім» меркаваннем, на яго набяжыць натоўп сведкаў секты канца даляра, ротшыльдаў, рэптылоідаў ды анунакаў і пачнуць навешваць ярлыкі, тупаць нагамі ды смачна плявацца. Карацей, чалавек, што хацеў папярэдзіць, як дорага яго краіне могуць каштаваць аблуды, будзе ўвесь у лайне, ды ўсё адно лемінгі пабягуць біцца галавой аб лёд. Навошта? Калі вы не хочаце выбару паміж пялевінскай дылемаю быць під..сам у клоўнаў ці клоўнам у під..саў, вы выбіраеце савет Лао Цзы і ідзяце падалей ад імпертарскага двара ў горы, каб навучыцца слухаць космас (дарэчы, гэта лёгкі адказ на пытанне, чаму ў савецкай улады няма для вас іншых чыноўнікаў, пісьменнікаў ці хакеістаў).

Але ж публіка працягвае есці нейкія паўфабрыкаты, якія прыпраўляюць відавочнай лухтой. У яе няма альтэрнатывы. Публіка не можа не есці! Абменам інфармацыі жывуць усе калектыўныя жывёлы: і галкі, і мурашы, і бабуіны. З таго бухцяць не толькі тут у нас, у постсавецкіх пенатах, гэта паўсюль. Напрыклад, фондавы рынак ЗША расце ўжо колькі гадоў, а валацільнасць зніжаецца. Але ж у медыя 24 гадзіны трэба забіваць эфір, таму кожны дзень рынак расце з новае нагоды. І чым далей, тым прасцей назіральніку зразумець, што тое, што гэтыя галовы вам кажуць, не мае да рынку аніякага дачынення. Потым, калі вы пабачыце, як рынак будзе падаць кожны дзень з абсалютна новай нагоды, вы зусім перастанеце верыць у той капіталізм, надзенеце швэдар з Чэ Геварам, купіце золата на ўсё, што ляжыць пад матрацам, падпішацеся на паблікі з тэорыямі суветнай змовы ці нават уступіце ў новую лібертарыянскую ўтопію кшалту Galt's Gulch Chile. І вось тут мы падыходзім да тэмы.

Мае тутэйшыя сябры чытаюць найбольш папулярныя беларускія сайты, і там эксперты абмяркоўваюць важныя для жыцця тэмы — колькі будзе каштаваць даляр, еўра і біткойн, як сказваецца на інвестыцыйным клімаце адзіная мытная прастора ды ўсялякія вучэнні. І часам пытаюцца, а што? Ды нічога, усё будзе нармальна, трэба больш думаць аб тым, на што можаш уплываць… Але ж кажуць: вось эканаміст Г. кажа тое, а аналітык Б. іншае… Я сумленна адкрыў адзін такі артыкул… І ледзь не разліў каву на парткі! …Торговля резаной бумагой… Госдепартамент «крышует» спекуляции… мировой кризис, между тем, продолжается… І гэтак далей. Абама з Сорасам праз Більдэбэргскі клуб усіх нас кантралюць і кормяць далярамі, а іх кантралюць рэптылоіды. Дарэчы, гэтыя штампы выдумалі ў саміх ЗША, а ўжо потым іх падняла ў мэйнстрым спачатку французская, а потым і савецкая крытыка капіталізму. Пасмяяліся і забыліся.

Але праз некалькі дзён я атрымаў значна больш вытанчаны прадукт. У ім праз набор статыстычных паказчыкаў даводзілася, што нашай эканоміцы анічога не свеціць пры ўжо складзеных параметрах міжнараднага падзелу працы, таму й трэба надалей захоўваць бягучую мадэль. Карацей, панства, пашматвектарыліся ды паехаелі далей ушчыльняць «саюзную дзяржаву», бо больш мы нікому непатрэбныя. Яшчэ маладзёнам — IT, няхай пагуляюцца. А з нізкай базы ў нас як ірване расці ВУП, як Мюнхаўзен з балота… І тут ужо я насцеражыўся. Другі эксперт даказваў, што мы адкрыты ўсім магчымым прапановам, але паколькі з Захаду іх ці тое няма, ці яны нешта марудзяцца, таму мы ідзем на Усход. Амаль вымушаныя, бо проста памерці як хочацца ў Парыж, але столькі тэхнічных перашкод… Таму лепей на Калыму, толькі не вызначыліся пакуль, хто будзе ўзначальваць дэлегацыю.

Далей пайшло як па масле. З эканомікі экспертная падборка натуральна саскочыла ў нейкую геапалітыку. У востра палемічным артыкуле вельмі элегантна аўтар перакруціў, што, маўляў, няма аніякае істотнае розніцы паміж Бруселем, Вашынгтонам і Масквою. Таму, калі ўжо будуем ажно тры саюзы, дык і трэба трываць, бо інакш бы нам Вашынгтонскі абкам выкрадаў якіх хацеў грамадзян з нашай тэрыторыі, дыктаваў бы цэны на газ… Ажно захацелася дадаць, што і якія сыры нам прадаваць, і ў якія мяхі бульбу пакаваць. У наступным да праблемаў саюза дадалі фальшывы эквівалент, што вось Фінляндыя не сварыцца з Расіяй, і глядзіце, як добра жыве, заробкі высокія, а тая Украіна… Ці вось з розных краёў Еўропы: што якая там розніца паміж Каталоніяй, Косава і Крымам, паўсюль жа нешта парушаецца, а ў нас стабільна, Вайшнорый няма… У пятым артыкуле… Карацей, замест праблем таго, што нам у эканоміцы лепшага з сусветнага досведу знайсці, укараніць ці палепшыць з улікам тутэйшых праблемаў, шаноўныя эксперты расказваюць, колькі ракетных комплексаў на тонна-кіламетр нафтапрадуктаў трэба атрымаць, каб яйцаноскасць не перавысіла сусветныя паказчыкі з улікам ураджайнасці цукровага бурака ў Краснадарскім краі. Эканоміка ўся зводзіцца да геапалітыкі: як зарабляць грошы і не «злаваць» Маскву (не карміць троля).

Ну і канешне, як не ўзгадаць аднаго эксперта з вертыкалі, які эпічна абагульняе, што ў нас такая дзяржава і інстытуты, таму што такі народ! Трэба ж было карміцца за падаткі гэтага народа колькі гадоў, каб да гэтай галактычна вялікай высновы прыйсці разам з іншымі глыбока прафесійнымі дацэнтамі і кандыдатамі, з якімі ён зараз выдае свае забаўляльныя памфлеты. І астатнія эксперты ўспрымаюць гэта як прагрэс, бо яго папярэднік наогул казаў, што народ заеўся і не па сродках жыве.

Зразумела, куды прасцей, калі насупраць адкрытыя прайдзісветы, дагматыкі і прапагандысты. Яны не могуць працаваць з дадзенымі, фактамі і любымі альтэрнатыўнымі меркаваннямі. Гэта вельмі цяжка. Прасцей сказаць нешта кшталту: «Разве русский человек может читать «Капитал» Маркса?! Это же повредиться можно головой!» І далей пра тое, як трэба ахвяраваць сваім дабрабытам і нават сваімі дзеткамі, толькі каб перамагла нейкая хімерычная ідэя. Яны ўздзейнічаюць на эмацыйным узроўні, аргументацыя накіраваная на страхі людзей, на іх абсалютную неабароненасць перад магутнымі сіламі прыроды, улады ды царскай апрычніны. Хочацца глядзець і ненавідзець, глядзець і ненавідзець… Таму проста іх пазнаць і адфільтраваць. Вось ён, глядзіць на вас з плаката зверху ўніз — былы юрыст-міжнароднік і разведчык-нелегал, у гвардзейскай форме з трыма «георгіямі» і партэтам Сталіна на пузе. А зверху тыя самыя анёльчыкі, што яму напэўна нашэптваюць, якія фільмы, карціны і кнігі пісаліся пад дыктоўку самаго д’ябла ў падвалах ЦРУ. Адзін раз пабачыш — і не пераблытаеш. Для таго блазнам і патрэбны бразготкі, а клоўнам — макіяж, каб не блыталі.

«Эксперт-аналітык» — гэта іншая парода. У яго ёсць адукацыя, падрыхтоўка, пэўныя факты ды лічбы пад бокам. Касцюм сядзіць, акуляры брэндавыя. Гэта — не дыпламаваны баран, а чалавек, які праз сваю магчымасць граць словамі і лічбамі на жыццё зарабляе. Хто папіццот, а хто і паболей. Эксперт — не партызан, не адзін з палітычных палюсоў, а быццам незалежна ацэньвае праблему. Ён не рэкламуе чыйсьці прадукт, ён упісвае яго ў свой, з таго ці наўмысна, ці неасэнсавана, але працуе на пэўную пазіцыю. І ўчытвацца трэба ў тэкст, каб зразумець, куды ён хіліць. Бо палітычны прадукт будзе недзе ў глыбіні тэксту, у самым цэнтры, калі вы ўслед за аўтарам аналізуеце праблему, тады і заўважыце. Бо, калі вы прагартаеце, напрыканцы эксперт вам скажа, што ён за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага. За мадэрнізацыю, рэформы, рост прадпрымальніцтва і плюралізма… Пайшлі па партвейн.

Такі мяккі «продукт-плэйсмэнт» дае вам уражанне альтэрнатывы грамадскай думкі, але ж паціху падводзіць вас да тых жа самых пазіцый, што і тыя, хто плюецца ў сваю плазму кожны вечар. Проста гэтая прапаганда працуе на больш падрыхтаваную аўдыторыю, у тым ліку і на саміх аўтараў. Яна дадае і дадае кантэнту, які нармалізуе пазіцыю аднаго з полюсаў дыскусіі па пэўнай тэме — ад школьных перапынкаў да размяшчэння авіябаз і права вета ў ААН — і далей ужо гэта пазіцыя становіцца па змоўчанні кансэнсусам. Акно Овертана каціцца, як кола. Гэта тэхналогія вядомая з ХХ стагоддзя і апісана неаднаразова ў падручніках і антыўтопіях, але цяпер у лічбавым грамадстве яе рэкламны патэнцыял запрацаваў на поўную магутнасць. Бо людзі фільтруюць інфармацыю па сваіх інтарэсах і сацыяльных колах, таму палітычнаму прадукту трэба трапіць менавіта да іх.

З таго, напрыклад, калі на самым папулярным заходнім фінансавым партале час ад часу піша былы рускі «стартапер», я ведаю, што там няма чаго чакаць, акрамя нармалізацыі апошніх дзеянняў яго краіны з пэўнай маральнай, гістарычнай ці аналагічнай аргументацыяй. Нават добра, усе тролі ў гэты дзень там абараняюць права на «альтэрнатыўнае меркаванне». Але калі падобная аргументацыя раптам праслізгвае ў аўтараў г.зв. кансерватыўных інстытутаў, якія замест адзінага постымперскага свету зноўку загаманілі аб існаванні імперый ды сфераў уплыву, відаць, што акно сапраўды штурхаюць. Нармалізуюць. Быццам нехта хоча перайграць Карыбскі крызіс, які быў паразаю ідэі мабілізацыйнага грамадства СССР і іншых утопій…

Таму, панства, калі вы сапраўды хочаце даведацца пра кошт даляра ды што будзе з Уберам, падыходзьце да экспертаў як да выбару смятаны ў краме. Вытворчасць — адкуль узяўся і дзе працаваў шаноўны пан, каб зразумець, адкуль такія выбітныя веды. Склад — асноўныя паказчыкі і аргументы, якія ўваходзяць у яго рыторыку, асцерагайцеся вялікай колькасці штучных дадаткаў у выглядзе прапагандысцкіх штампаў. Сертыфікацыя, зноў жа. Я б засцярогся браць занадта вадкую ці занадта тлустую экспертызу. Юрыдычная адказнасць ды магчымасць зваротаў — эксперт не абавязаны ўступаць у палеміку, але ён павінен усведамляць сваю адказнасць і папярэджваць вас пра вашую. Напрыклад, гэты артыкул не з’яўляецца інвестыцыйным саветам ці прапановаю набываць смятану, не рэкламуе вытворцаў смятаны, з таго адказнасці перад тым, чаго вы там наеліся, я не нясу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?