Выдала грошы і страхавая кампанія, але не ўсе. Уладальніку разбітай ушчэнт BMW Юрыю Пашкевічу, каб поўнасцю кампенсаваць кошт аўтамабіля, прапанавалі прадаць цэлыя запчасткі.

Мінская ДАІ нарэшце кампенсавала пацярпелым па справе аб «жывым шчыце» маральныя страты і выплаціла ім 22 мільёны рублёў. Пра гэта распавёў Юрый Пашкевіч, уладальнік BMW, што была пашкоджана больш за іншыя аўтамабілі «жывога шчыта».

«Выплацілі ўсім і ў поўным аб’ёме. Мне, жонцы і дзіцяці па 6 мільёнаў, значыцца, 18 мільёнаў нашай сям’і, Алене Каўпаковай — 2 мільёны, а Лёша з Косцем па адным мільёне».

Юрый Пашкевіч таксама адзначыў, што грошы за пашкоджаныя аўтамабілі вярнула і страхавая кампанія, але не ўсе.

«Машына была прызнаная цалкам «загінулай». Я яе купляў за 5 тысяч долараў. «Белдзяржстрах» налічыў 10,5 мільёнаў рублёў, а да выплаты 7 мільёнаў 200 тысяч. Яны кажуць, што паводле закона, я мушу прадаць тыя запчасткі, якія засталіся, і тады атрымаецца тая сума, за якую я купіў машыну».

Аднак Юрый Пашкевіч з гэтым не згодны. Кажа, што машыну купляў не па запчастках, а ўсю цалкам. І страхаваў яе таксама не па кавалках.

«Атрымліваецца, што яны мне выплачваюць крыху больш за палову, а астатняе сам прадавай, шукай, рабі, што хочаш. А невядома, прадасі ты гэтую машыну за месяц, за паўгода ці за год».

Вера Страмкоўская, адвакат пацярпелых, паведаміла Еўрарадыё, што справа вакол страховак будзе вырашацца ў грамадзянскім судзе.

«Яшчэ будзе грамадзянскі суд з гэтай нагоды. Пытанне з аўтамабілем яшчэ не вырашаліся ў судзе. У крымінальным судзе разглядалася пытанне маральных стратаў. А рэальныя страты мы і разгледзім грамадзянскім судзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?