Калі б прынц поп-арту, Эндзі Ўорхал, падняўся са сваёй стракатай плястыкавай труны і прыйшоў у менскую галерэю «Падземка» на выставу Людмілы Кальмаевай, ён быў бы страшэнна ўсьцешаны. А як жа — у беларускім мастацтве яго справа жыве і перамагае.

Поп-арт як ён ёсьць

Іван Жахлівы забівае свайго сына ў мужчынскай прыбіральні Менскай опэры, проста між шыхтамі пісуараў. Мона Ліза, загадкава усьміхаючыся, робіць касіркай у платным туалеце.

Вобразы клясычных твораў мастацтва на строгі загад Людмілы Кальмаевай сядаюць на ўнітаз.
Тут пануе цытатнасьць, скразныя перапеўкі -- але ў поп-арце як ў поп-арце. Поп-артавы мастак дэкляруе «вяртаньне да рэальнасьці», але рэальнасьці, трэба дадаць, апасродкаванай мас-мэдыямі. Крыніцай натхненьня поп-артавых мастакоў зрабіліся глянцавыя часопісы, рэкляма, лёгка пазнавальныя вобразы зорак і гістарычных асобаў. Мастачка не пашкадавала нават Леду Сальвадора Далі, гэтага прэдцечы поп-арту, чалавека, які, можна сказаць, і вынайшаў мастацкі шахер-махер = эксплюатацыю агульнавядомых вобразаў на ўласных палотнах.

Ад мастачкі, канечне, не чакалася нейкага ўсебаковага Toilet Study, але, ідучы на гэтую выставу, хацелася дакрануцца да забароненага. Хацелася атрымаць адказ на пытаньне, чаму, калі купляеш у краме скрутак туалетнай паперы і шыбуеш зь ім па вуліцы, дык пад пільным канвоем позіркаў, рука міжволі цягнецца схаваць той скрутак, сама сабой залазіць у торбу, а як няма торбы -- самазапіхвае ў кішэнь і г.д. На выставе хацелася ўбачыць вачыма мастачкі схаваную часткай чалавечай культуры, якія лічацца «табу». Ці сям-там ня лічацца. У Індыі, напрыклад, на вуліцах стаяць грамадзкія прыбіральні безь дзьвярэй. У некаторых заходніх краінах з нутранагу боку дзьвярэй хатняй прыбіральні зусім адсутнічае засаўка...

У «Падземцы» анансаванага дыялёга культураў не адбылося.

Праект, які першапачаткова ўяўляў сабой сэрыю фатаздымкаў прыбіральняў розных краінаў і меўся распавесьці пра нацыянальныя адметнасьці іх наведваньня, заблукаў, пайшоў іншым шляхам, мастакоўскі пачатак перамог дасьледніцкі, але ўрэшце адбылася іншая неблагая рэч — трыюмф поп-арту ў цэнтры Менску. Атрымаўся першарадны трыб’ют Энді Ўорхалу, чый 80-гадовы юбілей мы ня так даўно азначылі, схадзіўшы ў «McDonalds’» і заліўшы ў сябе 0,33 «Coca-Cola».

Вялікія людзі з малымі патрэбамі

Мэрылін Манро хадзіла да ветру.

Элвіс Прэсьлі кіраваўся туды ж.

Джон Ленан дня ня мог пражыць бяз гэтага.

Клязэтны гумар, які набывае і больш вычварныя формы за прыведзеныя вышэй экспромты, усё адно вабіць. На чарговым стэндзе сваёй выставы мастачка таксама экспэрымэнтуе зь непрыстойнымі жарцікамі. Пасьля мастацкіх вобразаў на белае зеўра мэтаскіравана садзяцца гістарычныя постаці. Вось, калі ласка, жонка Кенэдзі і мільярдэр Анасіс, Усама Бэн-Лядэн і Фідэль Кастра. А вось — сямейны партрэт Бушаў з унітазам.

І гэтае гвалтоўнае пасаджэньне робіць з нашай сьвядомасьцю дзіўную мэтамарфозу. Нягледзячы на тое, што мастацтва Кальмаевай пераходзіць у комікс, не шукае сутнасьці, але само спалучэньне высокага і нізкага, безупыннае чаргаваньне гістарычных асоб з туалетнымі прыладамі робіць сваё. Яскравы прыклад таго, калі

мастак дапамагае чалавецтву сьмеючыся разьвітацца з мінулым. Мы амаль паблажліва глядзім на Ёсіфа Вісарыёнавіча, што ўсьсядае на карачках.
Пасьля простых кампутарных маніпуляцыяў Людміла, нечакана для нас і самой сабе, робіцца мастачкай-гуманісткай. Пэўна, згодна са старажытнай прымаўкай дызайнэраў: «Фаташоп» уратуе сьвет».

Сьмех-сьмехам, але як быць з Гітлерам? Яго таксама на ўнітаз? Ага, і яго. Усе ў сад!

Колісь, пабачыўшы акопы Першай сусьветнай, Яраслаў Гашак іранічна заўважаў, што, мяркуючы па пакінутых рэчах, наступныя пакаленьні назавуць нашу эпоху цывілізацыяй эмаляваных гаршкоў. Тут можна дадаць, што тварам эпохі зробіцца Айнштайн на гаршку.

Выстава працаў Людмілы Кальмаевай працягнецца да 16 верасьня.
Дадамо толькі, што прыбіральня арт-галерэі на дні выставы будзе служыць месцам творчага выяўленьня. На сьценах туалету наведнікі абсалютна беспакарана могуць пакінуць вядомыя імі непрыстойныя прымаўкі.

П.С. Пішучы гэты артыкул, аўтар 6 разоў ужыў слова «ўнітаз»і 7 — «поп-арт».

Галерэя «Падземка». Праспэкт Скарыны, 43.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?