У сераду навукоўцы з CERN скончылі працоўны дзень шампанскім. Запуск калайдэру прайшоў удала. А 10-й ранку пучок пратонаў упершыню правялі па ўсёй даўжыні 27-кілямэтровага паскаральніка.
Адзін за адным навукоўцы правяралі кожны з васьмі сэктараў унікальнага «гадронаправоду» і ставілі птушачкі насупраць усіх пазыцый. Магніты факусавалі ды ўтрымліваюць пучок як мае быць, крыягенныя сыстэмы, разнастайныя датчыкі ды дэтэктары працавалі карэктна, да іншых сыстэм таксама нараканьняў ня ўзьнікла.

Што праўда,

прыхільнікам апакаліптычнага сцэнару гэтая серада не прынесла спакою. Справа ў тым, што гадроны запускаліся на хуткасьці ў 30 разоў меншай за прадугледжаную, і пратоны міжсобку не сутыкаліся, а значыцца, і не маглі нічога ўтварыць — ані чорных дзірак, ані навуковых адкрыцьцяў.

Напоўніцу гадронны калайдэр мяркуюць запусьціць у дзень ягонай афіцыйнай «інаўгурацыі», 21 кастрычніка.

Вялікі гадронны калайдэр можна назваць навуковым праектам году, нават дзесяцігодзьдзя. Праца над ім пачалася яшчэ ў 90-я.

ВГК уражвае сваімі «звыш-». Звышпамер — кола 27 кілямэтраў, звышнізкая тэмпэратура — амаль абсалютны нуль, звышглыбіня — 100 мэтраў пад Жэнэвай. І звышспадзяваньні на адкрыцьці таямніцаў матэрыі, узаемінаў прасторы і часу...

Прыемна, што ў гэтым агульнаэўрапейскім навуковым праекце ад пачатку ўдзельнічаюць беларускія фізыкі. Яны распрацоўвалі дэтэктары для ВГК, два навукоўцы зь Менску непасрэдна ўдзельнічаюць у гэтыя дні ў выпрабаваньнях апарату.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?