Вярхоўны суд Тайланда прызнаў былога прэм'ер-міністра краіны Інглак Чынават вінаватай у злачыннай халатнасці і папушчальніцтве карупцыі і прысудзіў яе да пяці гадоў пазбаўлення волі, паведамляе ВВС.

AFP

Паводле даных суда, халатнасць пры рэалізацыі дзяржпраграмы па закладным выкупе рысу ў сельгасвытворцаў абышлася краіне па меншай меры ў 8 млрд даляраў.

Інглак Чынават была адпраўленая ў адстаўку з пасады прэм'ера 7 мая 2014 года Канстытуцыйным судом Тайланда — за некалькі тыдняў да ваеннага перавароту ў краіне. Сама Чынават адмаўляе ўсе абвінавачванні ў свой адрас. Незадоўга да абвяшчэння вердыкта яна пакінула краіну і адправілася як мяркуецца, у Дубай.

Інглак Чынават працягвае карыстацца папулярнасцю ў выбаршчыкаў з бедных сельскіх раёнаў. Аднак яе не падтрымліваюць выбаршчыкі, якія прадстаўляюць сярэдні клас і пераважна адукаванае гарадское насельніцтва.

Суд сцвярджае, што Чынават ведала, што здзелка па закладным выкупе рысу была незаконнай, аднак нічога не зрабіла для таго, каб не дапусціць яе рэалізацыі.

«Гэта кажа аб імкненні атрымаць незаконную выгаду. Таму дзеянні абвінавачванай разглядаюцца як нядбалае стаўленне да сваіх абавязкаў», — гаворыцца ў заяве суда.

Падчас суда экс-прэм'ер сцвярджала, што яе пераслед носіць палітычны характар. Па яе словах, яна не займалася праграмай па выкупе рысу на штодзённай аснове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0