Гіганцкі пацук, намаляваны са словаў навукоўцаў. Выява Velizar Simeonovski, The Field Museum

Гіганцкі пацук, намаляваны са словаў навукоўцаў. Выява Velizar Simeonovski, The Field Museum

«Новы від сысуноў сапраўды вельмі дзіўны — велізарны, проста гіганцкі пацук. Гэта першы від пацукоў, выяўлены за апошнія 80 гадоў на Саламонавых выспах, сляды якога навукоўцы беспаспяхова шукалі ўвесь гэты час», — распавядае Тайран Лейверы з Палявога музея Чыкага (ЗША).

Першыя вандроўцы, якія трапілі на трапічныя выспы Карыбскага мора і Індыйскага акіяна, часта расказвалі ў сваіх успамінах пра тое, што на гэтых кавалках сушы жывуць незвычайна буйныя і агрэсіўныя пацукі і іншыя грызуны, якія па памерах нагадваюць катоў і сабак, а не сваіх суродзічаў з Еўропы.

Большая частка гэтых «мегапацукоў», як распавядаюць навукоўцы, вымерла пасля таго, як на выспы прыйшла цывілізацыя са сваімі нязменнымі атрыбутамі — масавымі высечкамі дрэваў, сабакамі і іншымі свойскімі жывёламі, здольнымі лавіць і есці грызуноў. Па падліках генетыкаў, толькі за першыя два стагоддзі каланізацыі Амерыкі еўрапейцы знішчылі два дзясяткі відаў такіх пацукоў.

На Саламонавых выспах, як распавядае Лейверы, з даўніх часоў існуе легенда аб гіганцкіх пацуках, якія вядуць утойлівы лад жыцця і дасягаюць сапраўды рэкордных памераў: па расказах мясцовых жыхароў — да 50 сантыметраў у даўжыню. Навукоўцы ўжо больш за 80 гадоў спрабуюць знайсці «віку», як называюць пацука абарыгены, аднак да гэтага часу выявіць гэтую міфічную істоту не ўдавалася.

Па словах заолага, ён сам прымаў удзел у бясплённых пошуках, а нядаўна пачаў сумнявацца ў тым, што «віка» сапраўды існуе, і схіляўся да думкі, што мясцовыя жыхары лічылі звычайных чорных пацукоў асобным відам і прыпісвалі ім незвычайныя ўласцівасці.

Неўзабаве пасля гэтага яму пашчасціла: шпацыруючы па лесе, навуковец убачыў пацука, які выпаўзаў з-пад нядаўна паваленага дрэва. Яго незвычайна буйныя памеры і ўнікальная будова чэрапа адразу падказалі заолагу, што ён мае справу з новым відам сысуноў.

Гэты пацук, які атрымаў імя Uromys vika, сапраўды аказаўся вельмі буйным грызуном — каля кілаграма вагой і прыкладна 45 сантыметраў у даўжыню. Такія вялікія памеры, як мяркуюць навукоўцы, могуць быць абумоўленыя незвычайнай дыетай гэтае ўжо не міфічнае істоты: «віка» сілкуецца какосавымі арэхамі, прагрызаючы шкарлупінне і выядаючы мякаць.

Складанасці з выяўленнем пацука, як тлумачыць Лейверы, звязаныя з тым, што ён жыве не на зямлі, як амаль усе астатнія пацукі, а на галінах дрэў і вельмі рэдка спускаецца ўніз. Як мяркуе навуковец, продкі пацукі трапілі на Саламонавы выспы гэтак жа, як і многія іншыя «мегакрысы», — шляхам імправізаванага «рафтынгу», падарожнічаючы на ствалах дрэў, выкінутых у моры рэкамі Азіі ці Аўстраліі.

Як і многія іншыя жыхары трапічных выспаў, Uromys vika, па словах заолага, хутчэй за ўсё адразу патрапіць у Чырвоную кнігу як від, якому пагражае выміранне, бо яго папуляцыя невялікая, а на востраве Вангуну, дзе Лейверы натыкнуўся на міфічную жывёлу, праводзяцца высечкі лясоў. Навукоўцы спадзяюцца, што ўлады архіпелага неўзабаве прымуць меры па абароне гэтага новага віду пацукоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?