09.10.2017 / 20:08

Як камянецкія ўлады забыліся пра закон: гісторыя пра запалоханых фермераў, самадурства і разборкі ў стылі 1990-х 48

Пра гэтую правінцыйную драму мы даведаліся ад галоўных яе герояў — сям'і ўзорных беларускіх фермераў, якія сталі ўпоперак — нават не дарогі, — а закінутага поля асобным камянецкім чыноўнікам і функцыянерам «Савушкавага прадукта».

Гэтая шматдзетная пара — Галіна і Мікалай Борсукі — грукалася са сваёй бядою ва ўсе беларускія СМІ: у іх адбіралі зямлю. 

Якую зямлю? Якую раней жа і выдалі. Чаму і як? А гэта асобная гісторыя.

Спачатку ўсё было добра

Борсукі — такая ідэальная сям'я для сённяшняй беларускай дзяржавы: галасуюць за Лукашэнку, маюць пяцёра дзяцей, абое былыя рабацягі, ні капейкі не ўзялі з бюджэту.

У 2014-м годзе яны вырашылі прыдбаць сабе кавалак зямлі — спачатку на чатыры гектары, каб паспрабаваць нешта вырасціць на продаж. 

Участак далі ім паганы: частка зямлі там голая, залітая нейкім хімікатам, нават пустазелле там не расце. 

Такую ім дзялянку выдалі ад пачатку. Голая зямля — гэта частка тых гектараў. Імаверна, некалі тут стаялі нейкія фасфаты для апрысквання, якія праліліся.

Але Борсукі давялі яго да ладу, збіралі ўраджай, куплялі таксама бульбу ў суседніх калгасах і разам са сваёй перапрадавалі ў буйныя гандлёвыя сеткі. 

Можа быць, нават вы яе елі, бо Борсукі — буйныя пастаўшчыкі таго ж «Еўраопта». Апроч свайго ўраджаю, яны скуплялі і перапрадавалі, напрыклад, калгасныя ўраджаі як ІП.

За пару год фермеры сталі адным з найбуйнейшых падаткаплатнікаў у Камянецкім раёне: за 2016 год заплацілі ў бюджэт каля 53 тысяч рублёў (мы маем адпаведную выпіску). 

Вядома, з часам апетыты раслі.

У 2016 годзе Борсукі звярнуліся ў Камянецкі райвыканкам з просьбай даць ім яшчэ зямлі. 

«Улады стварылі камісію, на ёй прапанавалі нам дзялянку, — расказвае Галіна Борсук. — Мы паехалі, глянулі. Там было 43 гектары. Так, дзялянка праблемная была: недзе лужыны, кусты растуць, зямля пасечаная меліяратыўнымі каналамі. Ну але што рабіць? Любую зямлю можна да ладу давесці. Мы падумалі, што выправім, і ўзялі яе». 

Кусты, каналы — такія гектары атрымалі Борсукі другі раз, але не спалохаліся.

Жанчына кажа, што калі яны разам з кампетэнтным чыноўнікам райвыканкама прыехалі глядзець зямлю, на ёй ездзіла нейкая тэхніка. 

«Але мы з мужам увагі гэтаму не надалі. Падумаеш, ездзіць нешта. Гэтая ж зямля належала калгасу «Белавежскі», які нам яе як бы перадаваў, быў у яе гаспадар», — апісвае яна сітуацыю. 

І насамрэч, тыя 43 гектары перайшлі ва ўласнасць Борсукаў ад «Белавежскага», якому было нерэнтабельна апрацоўваць тыя соткі, бо далёка.

«Я цябе падстаўлю»

На радасцях ад атрымання такога кавалка зямлі фермеры панабралі крэдытаў: купілі трактар «Беларус», сеялку, лінію па пераборцы бульбы. 

Усё было як у казцы з прапісаным сюжэтам: неяк падкідвалі мясцовага дзеда да дому, а той тыкнуў у будынак старой сталярнай майстэрні ля дарогі. Паднялі раёнкі, купілі праз аўкцыён будынак з разлікам зрабіць у прыбудовах сховішча, цэх, у самім будынку — аграсядзібу пры добрых справах.

З цэглы — свіран кінутага старога фальварку, які выкупілі фермеры

Фермеры пралічылі ўсё да дробязяў: набылі сямянкі на тыя гектары. Садзіць хацелі бульбу, моркву. 

Юрыдычна аформілі зямлю — аддалі тысячу рублёў, — і хацелі прыступаць да работ.

Але тут ім прыгадалася тая загадкавая тэхніка, што ездзіла на іх гектарах падчас першага агляду — высветлілася, што на той тэрыторыі, што ўжо належала ім, працаваў іншы калгас, суседні, «Савушкава пушча» (да моманту набыцця «Савушкавым прадуктам» — ААТ «Каленкавічы») — ён высаджваў там нейкія свае культуры. 

Трэба ўдакладніць, што па паперах ніякага дачынення да тых 43 гектараў «Савушкава пушча» не мае. Кажучы юрыдычна, яны карысталіся часткай зямлі Борсукаў незаконна. 

Вакол гэтай зямлі і завярцеліся разборкі.

«Улады абавязалі нас цягам шасці месяцаў прыступіць да работы. Але калі мы высветлілі, што нашай зямлёй карыстаецца хтосьці яшчэ, то як жа мы прыступім? Мы прапанавалі «Савушкавай пушчы» вызваліць занятыя гектары або вырашыць мірна — даць нам 16 гектараў у іншым месцы, мы згодныя на змену граніц без змены кадастравага нумару, бо застрахаваныя», — расказваюць фермеры. Падкрэсліваюць, што яны закупілі насенне для ўсіх гектараў, а па факце маглі засеяцца толькі часткова — 70 тон бульбы выкінулі ці раздалі.

Але палюбоўна вырашыць спрэчку не атрымалася.

У хуткім часе рашэннем Камянецкага выканкама ў фермераў зямлю проста адабралі.

Чым кіраваўся выканкам, адбіраючы зямлю? Ніякімі законамі ён не кіраваўся. Справу абставілі так, нібыта некалі там (яшчэ ў мінулым стагоддзі) дзве гаспадаркі — тады яшчэ «Праўда» (сёння — «Савушкава пушча») і «Белавежскі» дамовіліся на абмен землямі.

Пры гэтым дакладна вядома, што ніякіх папер на гэтую зямлю ў «Савушкавай пушчы» не было ўвогуле ніколі — тыя гектары ў 2007 годзе былі афіцыйна аформлены як уласнасць «Белавежскага».

Выканкам проста «прыняў да ведама» інфармацыю ад людзей, якіх называюць колішнімі супрацоўнікамі згаданых гаспадарак.

Не дзіва, што пры такім раскладзе фермеры пайшлі ў суд і перамаглі — Эканамічны суд Брэсцкай вобласці прызнаў несапраўдным рашэнне Камянецкага райвыканкама аб адборы зямлі. 

І вось тут, кажуць фермеры, іх вырашылі ціснуць ужо сур'ёзна.

«Старшыня выканкама проста ў судзе казаў нам, што мы не павінны былі ісці сюды, не павінны былі выказваць сваю нязгоду, — расказвае Галіна. — Жыццё пераўтварылася ў пекла. Суд жа іх яшчэ абавязаў кампенсаваць нашыя юрыдычныя выдаткі, якое нахабства!»

Як жа «разбіраліся» з нягнуткімі фермерамі? А як умелі: пагрозамі і шантажом.

«Савушкава пушча» забараніла ездзіць па «іхніх» дарогах — а гэта пясок сярод поля, — якія вядуць да гектараў Борсукаў. Нібыта гэта яна, «Савушкава пушча», іх праклала.

Трэба таксама адзначыць, што ў «Савушкавага прадукта» ёсць такая карпаратыўная традыцыя — купляць кіраўнікам сваіх падуладных гаспадарак чорныя джыпы.

І вось гэтыя джыпы, як у «Брыгадзе», прыязджалі на фермерскае поле палохаць рабочых сваёй прысутнасцю.

«Прыедуць, тры-чатыры машыны, пастаяць і паедуць», — кажа Мікалай.

Пад такім маральным ціскам рабочыя Борсукаў — простыя сяляне з суседняй вёскі — адмаўляліся працаваць і сыходзілі з поля.

Мы маем таксама фотаздымкі такіх рэйдаў, у якіх удзельнічаў і мэр Камянца. Узнікае пытанне: у яго больш работы няма, як палохаць фермерскіх рабочых?

Знаёмыя Борсукаў таксама расказалі нам, што Галіна прызнавалася аб пагрозах па мабільным, але сама жанчына сказала, што «не хоча пра гэта гаварыць».

Апагеем гэтых феадальных разборак стаў дзень, калі разам з джыпамі на поле прыехаў экскаватар — ім проста на ўчастку Борсукаў вырылі яму.

 «У ёй я цябе і пахаваю», — такім выразам, са словаў Галіны Борсук, суправадзіў капанне ямы кіраўнік «Савушкавай пушчы» Васіль Крапчук. 

Яма, якую выкапалі для Галіны Борсук.

Пры гэтай сцэне, варта адзначыць, прысутнічалі і чыноўнікі райвыканкама, тады ў жанчыны здарылася істэрыка.

Прывядзем вам таксама запісаны дыялог сям'і фермераў з гэтым самым Крапчуком, які адбыўся трохі раней, калі яны хадзілі да яго на прыём.

Адзначым інтанацыі, на якіх гэты правінцыйны начальнік гаворыць з людзьмі, ягоныя аргументы («іспокон веков») і пагрозы, якімі ён апеляваў.

«На падставе гістарычна склаўшыхся абставін»

Фермеры сцвярджаюць, што пасля паразаў у сваіх наскоках дробныя паны вырашылі падключыць да разборак паноў трохі большых.

У прыватнасці, кажуць Борсукі, да іх прыязджаў «ажно сам» Якаў Бухавецкі (намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы «Савушкавага прадукта», былы віцэ-губернатар Брэстчыны).

«Прыехаў Якаў Адамавіч, сказаў: «Вас тут не было і не будзе. Бо я так сказаў. Пакуль ты пад стол хадзіла, кім я ўжо быў!» Я ўжо апрыёры павінна ўсцацца? Мужа за куртку трос там, мяне да гістэрыкі давёў», — расказала Галіна Борсук.

Тым часам апеляцыйная інстанцыя разглядала апеляцыю Камянецкага выканкама на першае рашэнне Эканамічнага суда Брэсцкай вобласці.

«Чыноўнікі былі ўведзеныя ў зман і пры прыняцці рашэння аб наданні зямельнай дзялянкі мелі на ўвазе іншую зямельную дзялянку», — сыпле перламі пастанова апеляцыйнага суда.

«Выкарыстанне дадзеных земляў для вырошчвання прапашных культур прывядзе да мінералізацыі арганічнага рэчыва і праяваў эразійных працэсаў сельскагаспадарчых земляў», — піша суд.

Асноўным жа з'яўляецца тое, што ў першапачатковай фармулёўцы райвыканкама аб адабранні зямлі выкарыстоўваецца фраза «з улікам гістарычна склаўшыхся граніц, у якіх дзялянка фактычна выкарыстоўвалася акцыянерным таварыствам «Каленкавічы».

І вось апеляцыйны суд Брэсцкай вобласці прызнаў такую фармулёўку законнай, адмяніўшы рашэнні першага суда і пракуратуры.

Такім чынам фермеры пазбавіліся сваёй зямлі, з паспяховых бізнэсоўцаў і буйных падаткаплацельшчыкаў пераўтварыліся ў людзей на мяжы банкруцтва.

«Калі нічога не зменіцца — усё спалю! Нічога не схаваюць»

Фермераў абавязалі да 1 кастрычніка вызваліць зямлю (цалкам сабраць ураджай да гэтага часу яны не паспявалі).

Таксама цяпер яны пад пагрозай праблем з падатковай — у іх засталося 4 гектары зямлі, з якімі яны мусяць абгрунтаваць ураджай у 40 фур.

«Гэта катастрофа! — кажуць фермеры. — Нашто мы плацілі такія падаткі, каб потым з намі дзяржава так абышлася? Нават калі з хаты высяляюць пад дзяржаўныя патрэбы, то пакуль кампенсацыю дадуць — не выселяць. А тут што? Мы ўклалі шалёныя грошы ў тэхніку. Нам на чатыры гектары не трэба было гэтага. Мы ўлезлі ў крэдыты, а чым аддаваць? Цяпер у нас усё канфіскуюць крэдыторы, але па меншай цане, дык мы мала таго, што ўсё аддамо, дык яшчэ застанемся віннымі! За што мы будзем карміць дзяцей цяпер? Мы і так выкінулі і раздалі 70 тон сямянкі, бо не маглі яе пасадзіць. А колькі страчанай выгады? Нас робяць банкрутамі! Мы не зможам разлічыцца!».

Але здзекі на гэтым не спыніліся — на просьбы фермераў выдаць ім іншы ўчастак зямлі, улады выкідвалі новыя фокусы.

«Нас выклікаюць, дастануць спіс і давай чытаць рашэнне: ёсць зямля у такой гаспадарцы, але яна выкарыстоўваецца. Ёсць у такой, але яна выкарыстоўваецца. Яшчэ ў такой, але яна таксама выкарыстоўваецца. Дык а нашто ты зачытваеш, калі ты іх не можаш даць? Я праз такое нахабства заявіла, што тады за гэтую зямлю буду біцца, калі вы так дэманстратыўна нас пінаеце», — бядуць Борсукі.

«Што нам цяпер чакаць, што прыедуць палякі і адбяруць маёнтак, які мы купілі? Ён належаў Родам, гэта гістарычна вядомы факт, суд абавязаны будзе прыняць рашэнне на іх карысць, мяркуючы па нашай сітуацыі. Гэта ўсё смешна, канечне, але мы вырашылі — калі нічога не будзе тут, то я ўсё спалю! Яны тут цыкаюць на нас, што мы шмат гаворым, у СМІ звяртаемся, але хай ведаюць: спалю, і нічога яны не схаваюць! Дзе закон?» — эмацыйна сказала Галіна Борсук, яе муж паківаў на гэта галавою.

Мы спыталіся таксама, ці не спрабавала яна схадзіць і па-чалавечы пагаварыць з Аляксандрам Машэнскім (уласнік «Савушкавага прадукта»).

«Я жыву ў Рэспубліцы Беларусь, а не ў савушкавай рэспубліцы, — рэзка адказала жанчына. — Закон тут павінен быць нейкі? Я за Лукашэнку галасавала, з якога перапэлаху я пайду цяпер да Машэнскага?»

Фермеры таксама пайшлі ў Вярхоўны суд, але і гэты прызнаў законным рашэнне Камянецкага выканкама аб «гістарычна склаўшыхся граніцах.

Але гэтыя людзі пакуль не апускаюць рукі і напісалі зварот у Генеральную пракуратуру.

«Юрыдычна гэта не важна»

Як усё гэта каментуюць у райвыканкаме?

Упраўляючы справамі выканкама сказаў нам, што мела месца памылка пры выдзяленні зямлі — словам, паўтарыў пазіцыю, агучаную ў судзе. А вось пра капанне ям для людзей кіраўнікамі асобных гаспадарак ён «нічога не ведае».

Тады мы пазванілі дырэктару «Савушкавай пушчы» Васілю Крапчуку. Ён рэзка абвяргае ўсе довады Борсукаў.

«Гэта вам расказалі фермеры! Ніколі там такога не было. Калі прыязджалі джыпы, там быў абласны землеўпарадчык, старшыня райвыканкама і генеральны дырэктар «Савушкавага прадукта». А Борсукі не захацелі гаварыць. Не палічылі вартым гаварыць са старшынёй райвыканкама! А яму я не капаў», — сказаў ён.

Як жа ягоная гаспадарка карысталася той зямлёй, калі не мела на яе права?

«Трэба спусціцца на зямлю і разгледзець гэтую справу з побытавага гледзішча. Вы грэх на душу бераце! Юрыдычна гэта ўсё не важна! Чыста па-жыцейску трэба разабрацца ў гэтай сітуацыі», — вось такой думкі пра сілу закона ў Беларусі Васіль Крапчук.

Дарэчы, як нам цяпер стала вядома, кіраўніцтва выканкама «мякка намякае» Борсукам, што можа даць ім зямлі.

Праўда, гэта толькі на словах. Дый якой зямлі? Якую раней адабралі ў іншага фермера. Відаць, гэта такі там стыль кіравання.

Мы знайшлі чалавека, чыю, у недалёкім мінулым, зямлю, абяцаюць Борсукам.

Гэта шматдзетны бацька з Высокага. Ён кажа, што таксама ўжо не можа маўчаць.

«Лукашэнка казаў, што ў газетах пішуць пра прыдуманых людзей, а, маўляў, як праверка прыязджае — то іх няма. Дык вось, я сябе адразу назаву, і хай прыязджае прэзідэнцкая праверка! Я Вячаслаў Баневіч, мне 46 гадоў, шэсць дзяцей у мяне. Не п'ю, не куру, не забулдыга. Увесь час — дзецям», — сказаў нам па тэлефоне іншы фермер з таго ж раёна.

Гісторыя Вячаслава падобная да гісторыі Борсукаў — яму зямлі спачатку далі, а потым адабралі.

«Я неяк узяў зямлі ў «Белавежскага». Дырэктар калгаса Мароз мне спачатку даў, а потым захацеў забраць. Чаму? А не ведаю. Мы ж раней закрывалі па харчаванні садкі і школы раёна, а потым, відаць, трапіў у разрад «непаважаных людзей», як тут кажуць, пачалі мяне тэрарызаваць. Былы яшчэ губернатар Сумар казаў яму: не замінай, хай працуе. А прыйшоў новы губернатар, усё зноўку пачалося. Гэта быў 2015 год, я трапіў пад засуху, а аб'ёмы былі вялікія пасаджаныя. Ну патрапіў я сур'ёзна на грошы… Але на наступны год сабраўся з апошнімі сіламі, давай працаваць. На гародніну не хапіла грошай, стаў сеяць кукурузу. І што вы думаеце? Ніводны калгас у мяне тую кукурузу не ўзяў, па загадзе раённага начальства не ўзяў — гэта мне проста мэр наш і сказаў на прыёме, калі я хадзіў. Так і запішыце, ён сам мне сказаў!»

Губернатар Брэсцкай вобласці Анатоль Ліс, экс-кіраўнік «Белавежскага» Юрый Мароз, мэр Камянца Валянцін Зайчук за мікрафонам. Фота kamenec.by

Але зямлі было шмат — каля 90 гектараў, не паўсюль жа расла кукуруза. Як кажа Вячаслаў, частку — 42 гектары — летась проста адабралі..

«У ліпені прыйшло прадпісанне, каб я засеяў зямлю, яны кажуць: вы ўсе тэрміны згубілі. А я кажу, што нічога не губляў, што ёсць розныя культуры, якія ў розныя месяцы высаджваюцца. Мне што, у маі пекінскую капусту сеяць? І тут у мяне літаральна за чатыры дні зямлю забіраюць. Проста забіраюць, не даючы шансаў: я ў суседняй гаспадарцы трактар папрасіў дадатковы, каб засеяцца, абы па-іхняму было, а ўлады той трактар прагналі. Пасеяцца не далі — дакументы ў суд. А суды — гэта такая, ведаеце, пародыя. У працэсе суда яны хацелі давесці, што я не выкарыстоўваў зямлю цягам году. Але летась у мяне там расла морква, таматы, сведкі ў мяне былі. Але нікога не сталі слухаць, прынялі рашэнне хуценька, маіх аргументаў не слухалі. Мне ўвогуле так падалося, што суд замоўны, калі такое бывае, канечне. А ў Брэсце тое ж самае. Пакуль я ў гэтых судах не ўдзельнічаў, то ў мяне перад імі было нейкае, ведаеце… трапятанне было, што высакародная такая работа. Але як паглядзеў, то і хадзіць туды больш не буду».

Праз год, сёлета, у яго адабралі яшчэ 26 гектараў.

«У мяне там усё на гэты год было засеяна. Кукуруза, проса. Але ўчастак ля дарогі. Мне мэр кажа, маўляў, тут дэлегацыі ездзяць, перадай гэтую зямлю «Белавежскаму», каб было бачна, што іх зямля. А мы табе замест гэтага іншую дамо адразу ж, — кажа мужчына. — І дагэтуль я ніякай кампенсацыі не атрымаў. Мяне падманулі! Кажуць, што калі я буду «добра сябе паводзіць», то замест той зямлі, якую я добраахвотна аддаў, яны мне дадуць новую. Значыць, гэта на тое, што мне і так паложана, цяперака накладаюцца ўмовы! Можа, дамо… а можа, і не дамо. І не цяпер, а на вясну… Абяцанкі-цацанкі, дурню радасць. Засталося ў мяне 26 гектараў цяпер, пакуль не адбіраюць».

Ён кажа, што будзе змагацца за адабраную летась зямлю, бо яшчэ тры гады можа на яе прэтэндаваць.

«Губернатар сказаў аддаць Борсукам тую зямлю, што забралі ў мяне. Я да Борсукаў прэтэнзій не маю, бо не яны ў мяне яе адбіралі. Ім таксама трэба працаваць, — кажа Вячаслаў. — Але яны нас свядома сутыкаюць ілбамі. Адкуль ведаю, што губернатар? Дык гэта для мясцовых сакрэт полішынэля, гэта вы там можаце не ведаць, а нам ніякай таямніцы няма».

«Я з уладамі не хачу сварыцца — мне энергія на дзяцей трэба. Але і зямля мне трэба. Таму, як давядзецца, то будзем сварыцца. Бо канкрэтна мая незадаволенасць у тым, што самадурства чыноўніцкае на месцах. Лукашэнка кажа адно, а яны на месцах робяць іншае, абсалютна разыходнае. Я чуў яго словы, што ён цяпер пра сітуацыю ў краіне са СМІ даведваецца, вось хай і гэта пачытае. У нас сацыяльная дзяржава, павінны дапамагаць неяк людзям. Калі ў іх нейкая гаспадарка трапляе ў цяжкі стан, то адразу ж патрабаванне райвыканкама да паспяховых — дапамагчы грашыма. Дык а нас тады за што топяць? Не паспеў ты трохі буксануць, як адразу забралі зямлю. Ідзе пабудова магнацка-сялянскай Беларусі, дзе ёсць невялічкая частка магнатаў, а астатнія ўсе халопы. Надта ж яны перагінаюць палку, можа трэснуць».

Арцём Гарбацэвіч, фоты Сяргея Гудзіліна

4
Тамара / Адказаць
09.10.2017 / 11:41
Усе правільна ! -распрацаваў зямлю аддай у калхоз ,ды бяры зноў пусташ ды распраццоўвай для кагосці , так было -так будзе заўжды .
0
Серб / Адказаць
09.10.2017 / 12:00
Рэд. Выдалена.
0
Мордехай В. / Адказаць
09.10.2017 / 12:04
Борсукам крепкого здоровья, справедливости не будет.
Паказаць усе каментары/ 48 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру