Міністар замежных справаў Галяндыі Максім Вэрхагензапатрабаваў пазбавіць Сяргея Мартынава шэнгенскай візы.

Міністар замежных справаў Галяндыі Максім Вэрхаген
запатрабаваў пазбавіць Сяргея Мартынава шэнгенскай візы.

Меркаваны візыт міністра замежных справаў Сяргея Мартынава ў Парыж на сустрэчу «тройкі» Эўрасаюзу не адбудзецца. Як паведамілі БелаПАНу ў МЗС Францыі, міністры замежных справаў Эўрасаюзу прымуць рашэньне пра запрашэньне Мартынава толькі ў залежнасьці ад дэмакратычнасьці выбараў 28 верасьня. Больш за тое, у сераду міністар замежных справаў Галяндыі Максім Вэрхаген запатрабаваў пазбавіць Сяргея Мартынава шэнгенскай візы. Гэта дыпляматычны адказ ЭС на недыпляматычныя заявы Аляксандра Лукашэнкі ў панядзелак.

Нагадаем, што 9 верасьня расейскае агенцтва РІА «Новости» распаўсюдзіла навіну, што Мартынаў будзе запрошаны ў Парыж для сустрэчы з прадстаўнікамі «тройкі» ЭС, якую плянуецца правесьці ў межах чарговага паседжаньня кіраўнікоў МЗС краінаў Эўрасаюзу.

Пра гэта нібыта паведаміў прадстаўнік прэс-службы эўракамісаркі па замежных сувязях і эўрапейскай палітыцы суседзтва Бэніты Фэрэры-Вальднэр.

Паведамлялася, што Мартынаў мае правесьці перамовы з Фэрэрай-Вальднэр, а таксама міністрам замежных справаў Францыі Бэрнарам Кушнэрам (ягоная краіна старшынюе ў ЭС у гэтым паўгодзьдзі) і вярхоўным прадстаўніком ЭС па замежнай палітыцы і бясьпецы Хаўерам Саляна.

Назіральнікі разглядалі магчымасьць падобнай сустрэчы як першы крок на шляху зьняцьця Эўрасаюзам палітычнай блякады Беларусі, што доўжыцца ўжо чатыры гады. Санкцыі распаўсюджваюцца на 41 прадстаўніка беларускай адміністрацыі, у тым ліку А.Лукашэнку. Ім забаронены ўезд у ЭС, замарожаныя іхныя актывы.

Аднак у сераду 10 верасьня міністар замежных справаў Галяндыі Максім Вэрхаген нечакана запатрабаваў пазбавіць Сяргея Мартынава шэнгенскай візы. Калі парлямэнт адобрыць гэтую ініцыятыву, то прадстаўнік афіцыйнага Менску ня зможа ўяжджаць на тэрыторыя Эўрасаюзу.

Вэрхаген упэўнены, што санкцыі супраць Беларусі здымаць зарана, бо ў краіне ўсё яшчэ не паважаюцца правы чалавека.

«Галяндыя адносіцца да тых краін, якія жорстка адносяцца да рэжыму Лукашэнкі. Іхняя пазыцыя яшчэ раз можа сьведчыць, што асаблівай нармалізацыі адносінаў так і не наступіла. Не выключаю, што такія словы кіраўніка МЗС Галяндыі маглі стаць вынікам панядзелкавай прэс-канфэрэнцыі А.Лукашэнкі, дзе кіраўнік дзяржавы дапусьціў некалькі абразьлівых выказваньняў на адрас Захаду», — кажа аналітык Раман Якаўлеўскі.

8 верасьня на сустрэчы з расійскімі журналістамі Аляксандра Лукашэнка звыкла маляваў Захад у вобразе цынічнага ворага. Акрамя гэтага, ён дапусьціў некалькі недыпляматычных выразаў на адрас ЗША і Эўропы, заявіўшы, у прыватнасьці: «Нас усё адно не зразумеюць, колькі б мы ні цалавалі Захад у адпаведныя месцы».

Інфармацыя пра магчымае запрашэньне міністра Мартынава і адмену санкцый супраць Беларусі ўпершыню зьявілася ў суботу. Кіраўнікі дыпляматычных ведамстваў краінаў ЭС сфармулявалі яе ў суботу ў Авіньёне. Ініцыятарам дыскусіі выступіла Польшча. Міністар замежных справаў гэтай краіны Радаслаў Сікорскі заявіў: «Я мяркую, што мы павінны паскорыць прыняцьце гэтага рашэньня, бо сытуацыя зьмяняецца. Палітвязьняў больш няма. Гаворка пра тое, каб правесьці дыскусію па выпрацоўцы дарожнай карты нармалізацыі адносінаў зь Беларусьсю», — дадаў ён.

Ён аргумэнтаваў прапанову тым, што ЭС нядаўна зьняў санкцыі з Кубы, дзе застаецца амаль 300 палітвязьняў, а супраць Беларусі санкцыі захоўвае.

«У параўнаньні з Кубай Беларусь, хоць яна яшчэ й далёкая ад нашых стандартаў, мае нашмат свабаднейшы рэжым, у якім можна весьці бізнэс, можна падарожнічаць і няма палітычных вязьняў», — сказаў Сікорскі.

Ясныя сыгналы пра сваю гатоўнасьць нармалізаваць адносіны зь Беларусьсю рабілі ня толькі эўрапейцы, але і амэрыканцы. І першыя, і другія давалі зразумець, што дзеля падтрымкі незалежнасьці Беларусі ва ўмовах расійскіх імпэрскіх прэтэнзій яны гатовыя супрацоўнічаць нават з Лукашэнкам пры захаваньні ім мінімуму прыстойнасьці.

Як у пятніцу паведамілі «Нашай Ніве» ў прэс-службе пасольства ЗША ў Менску, міністэрства фінансаў гэтай краіны зьняло на шэсьць месяцаў санкцыі супраць прадпрыемстваў «Лякафарба» і «Шкловалакно». Гэта стала магчыма пасьля таго, як афіцыйны Менск пайшоў на вызваленьне палітвязьняў. Крок вітаўся Вашынгтонам як пазытыўны.

Не выключалася, што адменай санкцый супраць двух гэтых прадпрыемстваў справа не абмяжуецца, і амэрыканскія ўлады абвесьцяць аб новых саступках у эканамічнай сфэры. Маецца на ўвазе размарожваньне рахункаў «Белнафтахіму», але тут яшчэ няма канкрэтыкі.

Нагадаем, што санкцыі супраць лідзкай «Лякафарбы» і полацкага «Шкловалакна» былі ўведзеныя 15 траўня ў дадатак да эканамічных санкцый у дачыненьні да канцэрну «Белнафтахім».

Варта адзначыць, што на пазамінулым тыдні Менск наведваў намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Дэвід Мэркел.

Эўрасаюз настойвае, што самым важным тэстам для Беларусі будуць зараз выбары 28 верасьня.
Пытаньне запрашэньня Мартынава будзе вырашанае ў залежнасьці ад дэмакратычнасьці іх правядзеньня.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?