Ужо ў трэці раз рэдакцыя дзіцячага перыядычнага выдання «Паласатая газета» правяла дабрачынную акцыю ў падтрымку дзяцей, якія апынуліся летам у лячэбных установах: Рэспубліканскі апёкавы цэнтр, Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі, Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах, Аддзялення працяглага знаходжання ў дзіцячых бальніцах Гродна, Гомеля, Брэста, Віцебска, Магілёва, Мінска, Бабруйска, Оршы, Мазыра.

IBA актыўна ўзяла ўдзел у акцыі, выкупіўшы частку накладу газеты. Супрацоўнікі кампаніі разам з «Палосачкай» напісалі і адправілі кароценькія запіскі з добрымі словамі і пажаданнямі хутчэйшага выздараўлення дзецям, якія знаходзяцца на лячэнні. Ім і былі ўручаны свежыя нумары дзіцячай газеты з запіскамі. Запіскамі ад зусім незнаёмых людзей, якія пранікліся суперажываннем да дзятвы, якая вымушана правесці вакацыі не на морах-дачы, а сярод бальнічных сцен. Таму ў пасланнях ўтрымліваліся простыя сардэчныя словы падтрымкі і зусім сяброўскія подпісы, напрыклад: «З цеплынёй, ад бабулі Соні», «Мы трымаем за цябе кулачкі і лапкі, цётка Іна і кот Сняданак», «Моцна абдымаю, дзядзька Саша»…

Ганна Граноўская, галоўны рэдактар «Паласатай газеты», паведаміла, што заяўленыя 1170 нумароў газеты адпраўленыя дзецям у бальніцы.

Дзякуючы шчырым пажаданням адбываюцца цудоўныя гісторыі. Вось адна з іх, распавядае Граноўская: «У Бараўлянах, у анкалогіі, запіска ад цёці Рыты, якая пачынаецца са слоў «Дзяўчынка мая, прыгажуня…», трапіла да дзяўчынкі Дашы. Прыбегла разгубленая мама да псіхолага Цэнтра, пытаецца: «А хто такая цёця Рыта, у мяне дзіця усміхаецца!» Дзяўчынка праходзіць цяжкі курс хіміятэрапіі, яе наогул нічога не радавала…»

Ганна Граноўская сардэчна падзякавала IBA Group за ўдзел у акцыі, а таксама перадала словы ўдзячнасці ад супрацоўнікаў медыцынскіх устаноў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0