Літаратура44

Ад Якуба Коласа да Сяргея Кузьміна: якія пісьменнікі выдаваліся найбольшымі тыражамі з 1920-х — рэйтынг

Сёння беларускія аўтары рэдка выдаюцца тыражамі, вышэйшымі за пяць тысяч асобнікаў, а перавыданні — дык наогул справа ледзь не фантастычная. Але так, вядома, было не заўжды. У гады, калі Беларусь уваходзіла ў склад СССР, наклады ў 100, 200 ці нават 500 тысяч асобнікаў мала каго здзіўлялі і не былі чымсьці незвычайным, як падаецца з вышыні 2017 года. TUT.BY разам з Банкам БелВЭБ высветлілі, якіх пісьменнікаў выдавалі найбольшымі тыражамі. Таксама мы даведаліся, чые кнігі разышліся па свеце колькасцю ў 3 мільёны экзэмпляраў і які аўтар быў найбольш запатрабаваны пасля развалу СССР.

Нацыянальную кніжную палату Беларусі заснавалі ў 1924 годзе. З той пары яна штогод вядзе ўлік кніг, газет, часопісаў, альманахаў, што выдаюцца ў краіне або за мяжой па замове беларускіх выдаўцоў. Менавіта яе архівы дапамаглі нам адшукаць найбольш тыражных пісьменнікаў і іх кнігі, што ўтрымлівалі лідарства па колькасці надрукаваных асобнікаў.

1918-1930 гады: Колас, Гартны, Бядуля, Чарот

Лідарам гэтага перыяду, а таксама наступных 40 гадоў (выбачайце за спойлер) з’яўляецца Якуб Колас. У гэты час яго кнігі выдаюцца 40 разоў, агульны тыраж складае 125 500 асобнікаў. Самая масавая — «На прасторах жыцця» (1930), яна мела 7-тысячны наклад.

На другім пачэсным месцы — Цішка Гартны. Ён жа Зміцер Жылуновіч — не толькі пісьменнік, паэт і перакладчык, але і грамадскі ды дзяржаўны дзеяч. У яго выходзіць 21 кніга агульным тыражом 81 тысяча асобнікаў. Найбольшы наклад — па 8 тысяч — маюць раман у трох частках «Сокі цаліны» (1922) ды зборнік «Песні працы і змагання» (1921). Цікава тое, што абедзве кнігі былі выдадзеныя не ў мінскім Дзяржвыдавецтве, а ў Берліне Навукова-літэрацкім аддзелам Камісарыяту асветы БССР.

На трэцім месцы аказаўся Змітрок Бядуля — 77,5 тысяч асобнікаў. Найбольшы распаўсюд атрымала аповесць «Салавей» (1929) — 15 тысяч экзэмляраў.

Апошнім у кампаніі лідараў стаў Міхась Чарот. Яго выдавалі 19 разоў. Колькасць асобнікаў - 33 тысячы, 20 тысяч з іх - п’еса «Пастушкі. Данілка і Алеська» (1925).

1931-1940 гады: Колас, Лынькоў, Маўр

1931-1940 гады — чорны перыяд у гісторыі беларускай літаратуры, калі таленты і розумы ў лепшым выпадку былі зацкаваныя, у горшым — расстраляныя. Спіс самых выдаваных аўтараў мог бы выглядаць зусім інакш, але ж, як вядома, гісторыя не церпіць ўмоўнага ладу. Таму кампанія лідараў выглядае наступным чынам.

Самым тыражным аўтарам 1931-1940-х гадоў быў Якуб Колас. Колькасць яго выданняў скарацілася да 29, затое агульны наклад падрос да 183 900 асобінікаў. Самым папулярным выданнем Коласа быў зборнік вершаў «Дзед і мядзведзь» (1939) — 20 тысяч.

Другім у гэтай кампаніі стаў Міхась Лынькоў і яго зборнік апавяданняў пад назвай «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1937). Кніга друкавалася накладам 15 тысяч асобнікаў. Агулам у Лынькова выйшла 27 адзінак выданняў, тыраж якіх склаў 149,5 тысяч экзэмпляраў.

На трэцім месцы — Янка Маўр. Яго выдавалі 27 разоў агульным тыражом 118 200. Самым істотным па колькасці асобнікаў быў раман «Амок» (1937).

1941-1950: Колас, Куляшоў, Чорны

Нягледзячы на тое, што падчас вайны кнігадрукаванне не было прыярытэтнай справай, у 1943 годзе 30-тысячным тыражом выходзіць твор Кузьмы Чорнага «Герой Савецкага Саюза Ціхан Піменавіч Бумажкоў». Для тых, хто не ведае: Ціхан Бумажкоў — кіраўнік партызанскага руху на тэрыторыі тагачаснай Палескай вобласці. Усяго ў Кузьмы Чорнага выходзіць 10 выданняў агульным накладам 107 тысяч асобнікаў. Болей толькі ў Аркадзя Куляшова — 139 тысяч і Якуба Коласа — 307 тысяч. Самай папулярнай кнігай Куляшова былі «Выбраныя вершы і творы» (1948), а Коласа — паэма «Міхасёвы прыгоды» (1947) і аповесць «Трясина» (1950), перакладзеная на рускую мову. Кожная з пералічаных кніг выйшла ў свет накладам 30 тысяч экземпляраў.

1951—1960: Колас, Шамякін, Танк, Купала, Пестрак

У 50-я, калі Савецкі Саюз і, у прыватнасці, БССР пачынаюць ачуньваць пасля вайны, тыражы значна ўзрастаюць. Піліп Пястрак, які замыкае пяцёрку лідараў гэтага перыяду, выдаецца накладам 270 тысяч экзэмпляраў. Самай тыражнай — 100 тысяч асобнікаў — становіцца кніга «Встретимся на баррикадах» (1956).

Толькі пасля смерці Янкі Купалы яго творы пачынаюць выдавацца масава. У 1953 годзе накладам па 50 тысяч асобнікаў выходзяць адразу два зборнікі: «Мальчик и летчик. Алеся: стихотворения» на рускай мове і «Хлопчык і лётчык. Алеся: вершы» на беларускай. Усяго ў гэты перыяд пабачаць свет 18 выданняў беларускага класіка агульным тыражом 278 тысяч экзэмпляраў.

17 выданняў і 345 тысяч асобнікаў выходзяць у Максіма Танка. Самай папулярнай становіцца кніга казак «Конь і Леў» (1955). Было надрукавана ажно 75 тысяч асобнікаў.

Нашмат большыя наклады — у Івана Шамякіна. У гэты перыяд ён выдаваўся 12 разоў, агульны тыраж склаў 470 тысяч асобнікаў. Цікава, што найбольшым тыражом (а гэта 100 тысяч) выходзілі пераклады яго твораў на рускую мову. Сярод іх — раманы «В добрый час» (1955), «Глубокое течение» (1960).

Амаль паўмільёна кніг аднаго аўтара — далёка не мяжа ў гэты перыяд. Якуб Колас па-ранейшаму падвышае стаўкі. Яго ў 1950-я выдаюць 31 раз. Колькасць кніг, якія разыходзяцца па краіне, перавышае 630 тысяч экзэмпляраў. Самая папулярная з іх — не паэма «Новая зямля» ці трылогія «На ростанях», а казка «Рак-усач» (1959) на рускай мове.

1961-1970: Колас, Шамякін, Машара, Барадулін, Шушкевіч

У 60-я тэндэнцыя на падвышэнне накладаў застаецца нязменнай. Мяняюцца толькі імёны, хаця Якуб Колас па-ранейшаму застаецца на вышыні рэйтынгу. Яго творы друкуюць накладам 1 мільён 557 тысяч экзэмпляраў. Найбольшы ахоп мае трылогія «На росстанях», выдадзеная па-руску (1967).

За Коласам з невялікім для таго часу адрывам ідзе Іван Шамякін, зноў жа перакладзены на рускую. Накладам 200 тысяч асобнікаў друкуюцца яго раманы «Тревожное счастье» (1969) і «Сердце на ладони» (1970). Агульны тыраж усіх выданняў — 1 204 800.

З удвая меншым тыражом у нашай выбарцы з’яўляецца імя Міхася Машары. Яго казка «Кукушкины слёзы» (1967) друкуецца накладам 400 тысяч экзэмпляраў. Пасля ідзе Рыгор Барадулін: у яго выходзіць 10 кніг, якія разыходзяцца колькасцю, роўнай 608 200 экзэмплярам. Самы высокі наклад у зборніка «Раскидач: веселые стихи» (1969) — 450 тысяч. Апошні ў пяцёрцы самых тыражных аўтараў 60-х — Станіслаў Шушкевіч (бацька вядомага палітыка). У яго выходзіць з друку 10 выданняў агульнай колькасцю 520 500 асобнікаў. 300 тысяч з іх належаць зборніку «А мы крупу сеяли: стихи и сказки» (1967).

1971-1980: Зуёнак, Вольскі, Колас, Шамякін, Танк, Лынькоў, Купала

Пад канец 80-х лідары вялізных тыражоў нарэшце змяняюцца. Якуба Коласа пераўзыходзяць Васіль Зуёнак і Артур Вольскі. Дзіцячая кніжка-раскладка «Жили-были под водой» Зуёнка друкуецца накладам 1 мільён асобнікаў, а «Черничка» Вольскага — 1 мільён 600 тысяч! Агулам тыражы Васіля Зуёнка падбіраюцца пад тры мільёны — 2 870 000, у Артура Вольскага «крыху» менш — 2 215 000.

На ўмоўным трэцім месцы — павержаны класік Якуб Колас. Яго тыражы ў параўнанні з «сямідзясятымі» ўпалі нязначна — да 1 523 600 асобнікаў. Найбольш вялікімі накладамі— па 200 тысяч экзэмпляраў — выходзяць «Рак-усач» (1973) і «Савось-проказник» (1980).

Вялізную папулярнасць у выдаўцоў мелі пераклад рамана Івана Шамякіна «Снежные зимы» (сумарны тыраж усіх выданняў 1 469 600), вершы Максіма Танка «Веточка и воробей» (сумарны тыраж усіх выданняў 1 135 200), аповесць Міхася Лынькова «Про смелого вояку Мишку и его славных товарищей» (сумарны тыраж усіх выданняў 1 112 100).

У рэйтынгу можна пабачыць імя Янкі Купалы. Яго друкуюць 22 разы агульнай колькасцю 641 900 асобнікаў. Самае папулярнае выданне Купалы застаецца нязменным — «Мальчик и летчик: стихи» (200 тысяч)

1981-1990: Росін, Вольскі, Танк, Быкаў, Барадулін

80-я — апошнія сытыя гады для кнігавыдавецтва. Пасля адбудзецца развал вялікай краіны і глыбокая стагнацыя яе кнігавыдавецкай сістэмы. Але пакуль пра гэта нічога не гаворыць.

Кнігі Рыгора Барадуліна выдаюцца мільённым тыражом («Слыхал?: стихотворение», 1983), Васіля Быкава — таксама («Дожить до рассвета. Его батальон. Волчья стая. Сотников. Обелиск: повести», 1988). Дарэчы, менавіта ў гэты час творы Быкава, які ў 60-я «робіць ідэйныя пралікі», выдаюцца ажно 16 разоў і разыходзяцца да чытачоў 2-мільённай колькасцю.

Больш кніг, чым у Быкава і Барадуліна, выдаецца толькі ў двух аўтараў: Максіма Танка, Артура Вольскага — амаль 2,5 мільёна на 18 выданняў.

А вось найбольш тыражны аўтар 80-х — Аляксандр Росін, чалавек, які рэдагаваў папулярны часопіс для падлеткаў «Парус». У свет выходзяць усяго тры яго выданні, затое іх агульны наклад складае неверагодныя 3 мільёны 400 тысяч асобнікаў. Самае масавае — вершы «Цирковое представление» (1981).

1991-2000: Варонін, Караткевіч, Купала, Заслонава, Сульянаў

У 90-х мяняецца не толькі дзяржаўны строй, але і, што натуральна, густы чытачоў. Пасля развалу СССР і яго кнігавыдавецкай сістэмы наклады кніг моцна ўпалі.

Так, пятым у нашым спісе з’яўляецца імя расійскага вайскоўца Анатоля Сульянава. Яго аповесць «Арестовать в Кремле: о жизни и смерти маршала Берия» разыходзіцца тыражом 240 тысяч асобнікаў. У гэты перыяд ён друкуе ўсяго дзве кнігі, другая выходзіць накладам 1 500 асобнікаў.

Сульянава «перагнала» Іза Заслонова. У 90-я яе кнігі друкуюцца пяць разоў, сумарная колькасць выданняў — 351 600 асобнікаў. Самая масавая — «Резвушка-хохотушка и сестра её Плакса-квакса» (1992) — 200 тысяч.

Ёсць у нашым рэйтынгу гэтага перыяду і знаёмыя імёны. Напрыклад, Янка Купала. Яго кнігі выдаюцца ажно 16 разоў — амаль 400 тысяч асобнікаў. Найбольшы тыраж мае зборнік вершаў (нарэшце!) «Мой край» — 200 тысяч.

Толькі ў 90-я ў ліку самых тыражных пісьменнікаў з’яўляецца імя Уладзіміра Караткевіча. Яго кнігі друкуюцца ажно 25 разоў сумарным накладам 646 500 асобнікаў. Найбольшы тыраж, праўда, атрымала выданне на рускай мове «Черный замок Ольшанский: роман; Дикая охота короля Стаха: повесть» (1992) — 180 тысяч.

А лідарам у 90-х стаў дагэтуль невядомы пісьменнік (кажуць, што гэта псеўданім для групы аўтараў) Андрэй Варонін. Яго кнігі «Комбат», «Атаман», «Му-му» выходзілі накладам 125 тысяч асобнікаў. У свет выйшла 138 яго кніг, сумарны тыраж якіх склаў 3 620 800 асобнікаў!

2001-2010: Кузьмін, Ганага, Колас, Быкаў

У «нулявых» попыт на кнігу значна змяніўся. Васіль Быкаў, які замыкае чацвёрку самых тыражных, выдаецца накладам усяго 72 тысячы асобнікаў на 14 выданняў. Самае масавае з іх — «Выбранае» (2001) — 36 200.

У Якуба Коласа больш — 114 500 асобнікаў, 37 700 з іх належаць паэме «Сымон-музыка» (2001).

Вышэй за іх узняўся дзіцячы праваслаўны пісьменнік Барыс Ганага. У яго выходзіць 47 выданняў агульнай колькасцю 1 141 400 асобнікаў. Самае папулярнае — «О божием промысле» (46 400).

На вышыні ў «нулявых» быў Сяргей Кузьмін, які зараз, па яго прызнанні, «знаходзіцца ў творчым крызісе». Затое 15 гадоў таму ў яго выйшла ажно 58 выданняў сумарным накладам 1 143 600 асобнікаў. Самыя папулярныя з іх мелі тыраж па 30 тысяч экзэмпляраў, напрыклад, вершы «Птицы леса», «Кем я стану?», «Утенок и его друзья».

Каментары4

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў10

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША5

Трамп забараніў уезд у ЗША грамадзянам 12 краін

Памёр Аляксандр Класкоўскі-малодшы7

У мінскіх крамах заўважылі мяса ў правакацыйных упакоўках і без маркіровак. Адкуль?1

Праціўнікі Ціханоўскай збіраюцца на круглы стол, каб вырашыць, як жыць далей44

На працоўным стале ў Пуціна стаіць камп'ютар з аперацыйнай сістэмай, якая ўжо шмат год не абнаўляецца14

Ціханоўская: Яны не хочуць перамоў, яны хочуць, каб мы добраахвотна пайшлі ў турмы8

Трамп неанансавана перагаварыў з Пуціным: Пуцін сказаў, і вельмі рашуча, што яму давядзецца адказаць на атаку па аэрадромах22

Новак Джокавіч зрабіў чарговую пародыю на Сабаленка. Тая падыграла3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў10

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць