Новым міністрам культуры прызначаны 44-гадовы кіраўнік БДУКМ Юрый Бондар. Ён замяніў Барыса Святлова, які займаў пасаду 5 гадоў.

Юрый Бондар.

Юрый Бондар.

Культуролаг-юрыст-палітолаг

Бондар узначальваў універсітэт культуры і мастацтваў з 2013 года (працаваў там з 2001, выкладаў культуралогію), але па адукацыі ён юрыст. Бондар скончыў у 1997 году юрыдычны факультэт БДУ па спецыяльнасці «правазнаўства». Акрамя таго, новы міністр культуры — кандыдат палітычных навук.

У Акадэміі кіравання пры прэзідэнце ён абараніў дысертацыю «Інстытуцыяналізацыя палітычнай навукі ў пераходным грамадстве (сістэмны аналіз вопыту Беларусі і Расіі)».

Разам са сваім бацькам — Паўлам Бондарам — выпусцілі ў «Беларускай энцыклапедыі» падручнік «Паліталогія. Навука аб палітыцы» на расейскай мове.

Дэпутат Мінгарсавета

Бондар — дэпутат Мінскага гарадскога савета. Ён сеў у дэпутацкае крэсла ў 2014 годзе. Балатаваўся па Чыгуначнай акрузе, абыйшоўшы траіх апанентаў: іпэшніка, прадстаўніка камуністычнай партыі і камунальшчыка.

Таксама можна даведацца, што ў Бондара ў маёмасці толькі легкавое аўто — кватэры няма. Яго гадавы даход за 2014 год — амаль 274 мільёны старых рублёў. Гэта трохі больш за $2 тысячы на месяц.

Цікава, што падчас перадвыбарчых пікетаў Бондар паскардзіўся ў міліцыю на пікет Віталя Рымашэўскага. Маўляў, той абражаў студэнцка-выкладчыцкую каманду, якая збірала подпісы ў падтрымку свайго рэктара-кандыдата.

У выніку на Рымашэўскага завялі адміністратыўную справу. 

Дарэчы, у 2016 годзе Юрый Бондар быў кіраўніком ініцыятыўнай групы кандыдаткі ў парламент і сваёй падначаленай — спявачкі Ірыны Дарафеевай.

Славянін-антыглабаліст

«Да актывізацыі маральна-патрыятычнага выхавання, абнаўлення асобасна-прафесійнай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў падахвочвае і аб’ектыўная рэальнасць з такімі праявамі, як трагічныя падзеі ва Украіне і іншых дзяржавах; дэструктыўныя, непрадказальныя працэсы ў шматпалярным свеце; крывадушна закамуфляваная рэалізацыя ЗША і іх сатэлітамі ідэалогіі глабалізму», — піша Бондар у артыкуле прысвечаным патрыятычнаму выхаванню моладзі, які быў апублікаваны ў часопісе «Беларуская думка».

Акрамя таго, ў тым жа артыкуле Бондар называе вывучэнне «змагання савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне» важнейшым сродкам выхавання моладзі. І не забываецца пра братоў-славянаў.

«Варта падкрэсліць, што ў сучасных умовах надзвычай важна захаваць духоўнае адзінства брацкіх славянскіх народаў, фарміруючы ў прадстаўнікоў малодшых пакаленняў пачуццё дачынення да Вялікай Перамогі», — піша Бондар.

У іншым артыкуле Бондар так ацаніў падзеі ва Украіне:

«Цяперашняя трагедыя Украіны як раз у тым, што суверэнная ідэалогія ўкраінскага народа была падмененая ідэалогіяй еўраінтэграцыі. У выніку здарыўся агульнанацыянальны пералом, які прывёў да усеахопнага крызісу суверэннай дзяржаўнасці».

Піша апавяданні

Бондар з сям’і выкладчыка БДУ — яго бацька, Павел Бондар, кандыдат гістарычных навук, прафесар. Бацька і паўплываў на тое, што сын пайшоў у юрысты, казаў у адным з інтэрв’ю Юрый Бондар. Але сам ён вялікай цікавасці ад права не атрымліваў.

«Да мастацтва заўсёды імкнуўся: дзіцем з энтузіязмам наведваў розныя творчыя студыі, музычную школу. Мая прабабуля па матчынай лініі была паспяховай актрысай пецярбургскага тэатра, магчыма, яе каханне да высокага збольшага перадалася і мне… З вялікім задавальненнем спяваў у школьным хоры, і педагогі нават пагаворвалі, што я закапаў талент вакальнага выканаўцы. Ва універсітэце актыўна выступаў у студэнцкай лізе КВЗ, а цяпер часам пішу апавяданні і радую імі сяброў», — распавядаў Бондар парталу minsknews.by.

«Казанова»

Юрый Бондар — кіраўнік музычнага праекту, які беларускі ўніверсітэт культуры зрабіў разам з расейскім прадзюсарам Кімам Брэйтбургам. Яны паставілі ў Мінску мюзікл «Казанова».

Бондар на прэм'еры «Казановы»

Бондар на прэм'еры «Казановы»

Дарэчы, на прэм’ерны спекталь хадзіў Віктар Лукашэнка з сям’ёй — казаў, яму спадабалася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?