У Таліне 29 верасня пачаўся саміт па пытаннях лічбавых тэхналогій, які працягнецца некалькі дзён. Лідары краін ЕС абмяркоўваюць будучыню лічбавых тэхналогій у Еўропе, паведамляе Радыё Польшча.

PAP

Гаспадыня сустрэчы, Эстонія, на працягу гэтага паўгоддзя старшынствуе ў Радзе Еўрапейскага саюза. Развіццё новых тэхналогій і аблічбоўка ўваходзяць у шэраг прыярытэтаў старшынства Эстоніі. Прэм'ер-міністр краіны Юры Ратас адзначыў, што тэхналагічнае развіццё кантынента неабходнае, калі Еўропа хоча быць моцнай з пункту гледжання канкурэнтаздольнасці эканомікі:

«Мы ствараем лічбавае грамадства, і гэта наш прыярытэт. Гэта значыць, што нам патрэбныя тры рэчы: адпаведная інфраструктура, законы і адпаведны падыход».

Еўрапейскія лідары абмяркоўваюць тэмы кібербяспекі, развіцця лічбавай адміністрацыі і сучаснай эканомікі, а таксама выкарыстання высокакваліфікаваных супрацоўнікаў. На саміце не будуць прымацца рашэнні па канкрэтных законах, гаворка будзе ісці, хутчэй, пра кірунак змяненняў. Эстонія спадзяецца на тое, што на саміце будуць вызначаныя асноўныя ўстаноўкі, якія павінны будуць увасобіцца ў жыццё да 2025 года. Саміт носіць нефармальны характар, прыняцце канкрэтных рашэнняў не прадугледжанае. У рамках саміту праходзяць сустрэчы з экспертамі, навукоўцамі і прадстаўнікамі стартапаў.

Адначасова ідуць перамовы паміж Францыяй, Германіяй, Іспаніяй і Італіяй з нагоды новай формы падаткаабкладання дзейнасці інтэрнэт-кампаній.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0