30.09.2017 / 10:01

Вайсковы экспэрт: «Пры сучасных сродках тэхнічнай выведкі схаваць баявую тэхніку і войскі немагчыма» 26

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін выказаў сумнеў, што расейскія войскі маглі застацца ў Беларусі пасьля вучэньняў «Захад-2017», паведамляе радыё «Свабода». Спадарожнікі ды іншыя тэхнічныя сродкі выведкі гэта могуць лёгка вызначыць.

Начальнік украінскага Генэральнага штабу Віктар Мужэнка ў камэнтары для агенцтва Reuters заявіў, што Расея пакінула ў Беларусі свае войскі пасьля вучэньняў «Захад-2017». 

Паводле Міністэрства абароны Беларусі, апошні чыгуначны эшалён з вайскоўцамі і тэхнікай Узброеных сілаў Расеі, якія бралі ўдзел у вучэньнях «Захад-2017», выбыў 28 верасьня.

Экспэрт у вайсковых пытаньнях Аляксандар Алесін на просьбу Свабоды пракамэнтаваць заяву ўкраінскага генэрала Віктара Мужэнкі выказаў такое меркаваньне:

«Я думаю, што з улікам сучасных сродкаў тэхнічнай выведкі, калі спадарожнік можа выявіць практычнага кожнага салдата — да таго ж, акрамя аптычнай выведкі, ёсьць інфрачырвоная выведка, радыёэлектронная выведка ды іншыя, — схаваць ніякія войскі немагчыма. Нават калі б і пасьмеў хто гэта зрабіць, было б ганебнае выкрыцьцё для ўсяго сьвету. Думаю, што нават спрабаваць ня будуць.

Да таго ж Беларусь — удзельніца Дамовы аб абмежаваньні звычайных узбраеньняў у Эўропе. І іншыя падпісанты гэтага пагадненьня могуць запатрабаваць ад Беларусі інспэкцыі пазначанага раёну. То бок яны могуць прыехаць і спраўдзіць, калі ўзьнікнуць падазрэньні.

Таму я ня думаю, што хтосьці будзе рызыкаваць і хаваць тое, што заведама знойдуць, нават калі б і была такая нядобрая задумка. Таму я лічу, што, у прынцыпе, немагчыма. Ну, можа, нейкая кабета схавае нейкага прыблуднага расейскага салдаціка ў сябе на сенавале…

Але каб нейкія сур'ёзныя часткі і падразьдзяленьні, да таго ж з баявой тэхнікай — сумняюся. Я мяркую, што заявы ўкраінскага генэрала Мужэнкі — гэта працяг той інфармацыйнай вайны, якая вялася да пачатку вучэньняў. Я спадзяваўся, што пасьля вучэньняў гэта ўсё спыніцца. Але, відаць, ня ўсе мэты дасягнуты. Украіна, вядома, жадае атрымліваць эканамічную, вайсковую дапамогу, дапамогу ўзбраеньнем. Акрамя таго, яна жадае, каб ёй, так бы мовіць, усясьветная грамадзкасьць спачувала як краіне, якая патэнцыйна можа зазнаць расейскую агрэсію. Я мяркую, вытокі падобных заяваў такія. Да рэчаіснасьці яны ня маюць ніякага дачыненьня».

20
гарадзенка / Адказаць
30.09.2017 / 10:20
Ажно смешна слухаць лухту, якую пляце гэты аглядальнік. Вядома пасля вучэнняў расейцы вернуцца ў РФ, але як выехалі, так і вернуцца, мяжы няма і беларусы мяжу не кантралююць, таму і заехаць назад змогуць  вельмі хутка. На мой погляд галоўная мэта гэтых вучэнняў была  адпрацаваць варыянт хуткага ўвода расейскіх вайскоўцаў і яна выдатна выканана і ўсё адпрацавана да дробязей. Зараз усім замыляць вочы адводам тэхнікі і вайскоўцаў, але гэта на час, калі ўсе супакояцца.
35
Puszczanski pan / Адказаць
30.09.2017 / 10:37
Я ўвогуле лічу, што тая гістэрыя, якая разгарнулася вакол гэтых вучэнняў, толькі адмоўна паўплывала на імідж такіх краін як Літва, ці Украіна. Асабліва Літва апошнім часам выглядае як неадэкватная паранаідальная краіна. І ў гэтым няма нічога добрага. Падобная ж палітыка і ў Расеі, толькі ў іншай танальнасці. Так на роўным месцы краіны і іх народы накручваюць сябе да стану непрытомнасці, што ў канчатковым выніку і прыводзіць часам да рэальных канфліктаў, у тым лічу вайсковых.
1
Віктар Малочка / Адказаць
30.09.2017 / 10:46
  Што значыць,каб Украіне "спачувалі як краіне, якая патэнцыйна можа зазнаць расейскую агрэсію". Спадар Алесін не лічыць,што Расея даўно для
 Украіны агрэсар і ,што Расейскія войскі ваююць на Данбасе? Дзіўна ацэнка ,для спадара эксперта!. 
https://nn.by/?c=ar&i=198279

Паказаць усе каментары/ 26 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру