30.09.2017 / 15:47

Усё ж Рыгор Кастусёў: інтрыгі і цікавосткі з'езду БНФ 46

Абраны новы кіраўнік Партыі БНФ.

З’езд БНФ гэтым разам прытуліў у сябе Палац мастацтваў. Эфект малой залы сыграў сваю ролю. Было ўражанне, што людзей шмат. Большасць — гэта мужчыны за пяцьдзесят. Дваццацігадовая моладзь дружна пасела ў апошніх шэрагах.

На першы шэраг затое сеў Ілля Дабратвор — самы малады кандыдат на пасаду старшыні Партыі. Дабратвор адзеў вышыванку, а не гальштук. За ім сядзеў Алесь Таўстыка — вядомы прадпрымальнік і аматар пашумець, разам з ім дысідэнт Вячаслаў Сіўчык.

Ілля Дабратвор.

Вольга Дамаскіна села бліжэй да сярэдзіны залы, у сіняй сукенцы, на абцасах. Адзін з дэлегатаў з’езду расказваў, што хоча галасаваць менавіта за Дамаскіну. Маўляў, яе тры месяцы ўгаворвалі ўзначаліць БНФ, а ў апошні момант кіраўніцтва вырашыла вылучыць усё ж Кастусёва. Увогуле пра Дамаскіну можна было пачуць толькі станоўчыя водгукі.

Вольга Дамаскіна.

Рыгор Кастусёў і Ігар Лялькоў, як намеснікі старшыні, занялі месца ў прэзідыуме. Кулуарна шапталіся, што Лялькоў рыхтуе скандал. Маўляў, ягоная крытыка Фронту будзе знішчальнай.

Самыя гарачыя спрэчкі ў пачатку разгарнуліся вакол пытання: галасаваць па намесніках адзіным спісам, ці за кожнага асобна. Афарызмам разрадзіўся Рыгор Кастусёў: «Я за дэмакратыю ў прыняцці рашэнняў, але за аўтарытарызм — у выкананні».

Рыгор Кастусёў.

Кастусёў, як і Янукевіч, былі за «адзіны спіс». Дабратвор хацеў, каб па кожным галасавалі асобна. Яго падтрымліваў юрыст з ЗША Юрась Зяньковіч (якасны касцюм, гадзіннік, гальштук). «Называйце мяне Юрась, а не Юрый», — папрасіў ён Янукевіча.

У выніку перамагла прапанова «адзінага спісу». «Калі будзе інакш, то намеснікі будуць думаць не пра поспехі партыі, а пра тое, як перамагчы на наступным з’ездзе, а гэта будзе катастрофа!» — сказаў Янукевіч.

Рыгор Кастусёў і Аляксей Янукевіч.

Аляксей Янукевіч не мае права больш балатавацца ў старшыні згодна са статутам. «Вы ўсе — героі», — сказаў Янукевіч, калі звяртаўся да залы. Прамова былога старшыні была дастаткова шчырай і рэзкай. Ён прызнаў сваю памылку ў тым, што Партыя БНФ падтрымала Таццяну Караткевіч на выбарах-2015. «Апартуністы без каштоўнасцяў», — акрэсліў ён «Гавары праўду», у выніку чаго сарваў апладысменты. Расказаў пра ціск «брусэльскіх бюракратаў», каб партыя далучылася да правай кааліцыі з АГП, БХД і Рухам «За Свабоду». «Гэта гонар быць старшынёй Партыі БНФ», — скончыў свой выступ Янукевіч.

Канцэптуальнай выйшла спрэчка паміж Вячаславам Сіўчыкам і намеснікам старшыні Партыі БНФ Алесем Стральцовым-Карвацкім. «Чаму ва ўлётцы Стральцова заклікаецца не запісвацца пры перапісе беларусамі?» — крычаў Сіўчык. «Я лічу сваёй радзімай Літву, таму заклікаю запісвацца ліцвінамі», — казаў Стральцоў. Сіўчык настойваў на тым, што ліцвінскі рух павінен быць забаронены. «Не час гуляцца ў гістарычныя рэканструкцыі. Хлусня, што беларусамі нас назвалі ворагі», — адказваў Сіўчык.

Вячаслаў Сіўчык.

Дэлегат з’езда з Светлагорска Вадзім Болбас быў вельмі рэалістычным у сваіх ацэнках. «Не трэба казаць, што наш народ галодны, абяздолены. Хутка выйдзе на пратэсты. Народ накормлены. Чакаць на пратэсты не выпадае», — казаў Болбас. Ён паставіў задачу перад новым кіраўніцтвам аб’яднацца з КХП-БНФ.

У выніку на пасаду старшыні было вылучана шэсць кандыдатаў. Чатыры чаканых (Кастусёў, Дамаскіна, Дабратвор і Таўстыка) і двое нечаканых — бізнэсовец Васіль Астроўскі і марскі афіцэр з Магілёва Аляксандр Страх. Варта адзначыць, што каманды мелі толькі трое — Кастусёў, Дамаскіна і Дабратвор. Астатнія балатаваліся хутчэй для эпатажу і піяру сваёй асобы.

А вось Ігар Лялькоў узяў самаадвод. Ніякага скандалу ён так і не ўчыніў. Кастусёў прапанаваў у свае намеснікі Аляксея Янукевіча, Алеся Стральцова, доктара Змітра Салошкіна, гарадзенскага актывіста Вадзіма Саранчукова і лідара «Моладзі БНФ» Юрася Лукашэвіча.

Ігар Лялькоў.

Вольга Дамаскіна назвала сярод сваіх намеснікаў Ігара Лялькова, Вадзіма Саранчукова, салігорца Паўла Батуева і Змітра Каспяровіча. Дабратвор — Вадзіма Саранчукова (ён быў адразу ў траіх кандыдатаў), слуцкага актывіста Віталя Амяльковіча і Кацярыну Шуст.

Вольга Дамаскіна адкрыта казала, што кіраўніцтва БНФ прапаноўвала ёй вылучацца, аднак у апошні момант перадумалі і паставілі на іншага кандадата. «Мне было нечакана і непрыемна вылучэнне Рыгора Кастусёва», — сказала Дамаскіна. Увогуле выступ Дамаскінай быў вельмі вывераны, дакладны і ўпэўнены. А вось у адказах на пытанні з залы Дамаскіна крыху паплыла. Яна чалавек малавядомы, таму пытанняў было шмат, у Кастусёва не пытаўся ніхто нічога.

«Чаму вы згубілі падтрымку кіраўніцтва партыі?» — спытаў у Дамаскінай Юрась Зяньковіч. «Магчыма, таму, што Аляксей Янукевіч не мог вызначыцца, кім я буду: «старшынёй» ці «старшынькай», — адрэагавала Дамаскіна.

Дабратвор казаў, што БНФ прапануе шмат непапулярных мераў. Напрыклад, уступленне ў НАТА.

З крытыкай на цяперашняе кіраўніцтва абрынуўся Васіль Астроўскі. Цікава, што ён заклікаў падтрымліваць Вольгу Дамаскіну. «Пры ёй закулісся і інтрыг будзе меней», — сказаў Астроўскі. Ён заклікаў вярнуць у партыю Вінцука Вячорку, Лявона Баршчэўскага, Алеся Міхалевіча.

Алесь Таўстыка.

Алесь Таўстыка зладзіў перформанс, раскідаўшы на падлозе аркушы паперы. «Гэта маё змаганне за абарону правоў людзей». Таксама Таўстыка змясціў каля сябе традыцыйныя бел-чырвона-белы сцяг, сцягі Еўрасаюза і ЗША.

На гэтым пачалося галасаванне.

***

Зміцер Дрыгайла агучыў афіцыйныя лічбы галасавання. Усяго прагаласавала 163, адзін бюлетэнь быў прызнаны несапраўдным.

Кастусёў — 107 галасоў

Дамаскіна — 32

Дабратвор — 12

Астроўскі — 7

Страх — 2

Таўстыка — 2

Такім чынам, Рыгор Кастусёў абраны старшынёй Партыі БНФ.

Намеснікамі Кастусёва стануць: Аляксей Янукевіч, Алесь Стральцоў, Зміцер Салошкін, Вадзім Саранчукоў, Юрась Лукашэвіч.

Зміцер Панкавец, фоты Сяргея Гудзіліна

51
Боцман / Адказаць
30.09.2017 / 15:53
Шуты гороховые
34
Devil / Адказаць
30.09.2017 / 16:00
Мы Ліцьвіны, а не белыярусы! А так трохі цырк гэта ўсё нагадвае( пры Зяноне гэтага б не было!
28
кузяпанк / Адказаць
30.09.2017 / 16:15
ничога не маю супраць, але цикава, хто плациць заробак старшыни, намесникам и г.д. яны ж на працу не ходзяць як большасць людзей.
Паказаць усе каментары/ 46 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру