«Праца па стварэнні спрыяльнага дзелавога клімату ў краіне будзе працягвацца».

Пра гэта прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў 10 верасня на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу «Найлепшы прадпрымальнік 2007 года», паведамляе прэс‑служба ўрада.

Як зазначыў прэм’ер, урад атрымаў афіцыйнае заключэнне Сусветнага банка і Міжнароднай фінансавай карпарацыі аб тым, што Беларусь увайшла ў лік сусветных лідэраў па правядзенні прававых рэформ, скіраваных на спрашчэнне вядзення бізнесу. Таксама Беларусь увайшла ў лік чатырох вядучых дзяржаў‑рэфарматараў у нарматыўнай і прававой сферы.

«Цяпер перад намі стаяць новыя задачы — увайсці ў лік першых 30 краін», — падкрэсліў С.Сідорскі.
Ён дадаў, што ў гэтых рэйтынгах не ўлічаны макраэканамічная палітыка, якасць інфраструктуры, валютная ўстойлівасць, узровень злачыннасці. «Але ж менавіта тут зроблена дастаткова шмат у нашай краіне, і з улікам гэтых крытэрыяў рэйтынг Беларусі яшчэ вышэйшы», — лічыць прэм’ер‑міністр.

На думку кіраўніка ўрада, прадпрымальнікі павінны пераходзіць ад простых схем развіцця да больш складаных, нацыянальнаму бізнесу трэба больш актыўна ўцягвацца ў працэс інавацыйнага развіцця краіны.

«Менавіта ж прадпрымальніцкае асяроддзе заўсёды было найбольш успрымальным да ўсяго новага і перадавога. Ад бізнесу мы чакаем сацыяльнай адказнасці,
адмовы ад «шэрых» схем працы, рэалізацыі доўгатэрміновых інвестыцыйных праектаў, удзелу ў вырашэнні найбольш вострых праблем нашага грамадства», — сказаў ён.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?