Аляксандр Лукашэнка, прымаючы сёння даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў, заявіў аб неабходнасці будаваць і ўмацоўваць масты паміж краінамі як на Захадзе, так і на Усходзе, паведамляе БелТА.
«Сёння неабходна будаваць і ўмацоўваць масты — палітычныя, эканамічныя, гуманітарныя — паміж краінамі і рознымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі як на Захадзе, так і на Усходзе. Шукаць як мага больш агульных поглядаў, якія будуць аб'ядноўваць краіны і народы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што сёння за беларускай сталіцай трывала замацаваўся статус эфектыўнай перамоўнай пляцоўкі, і не толькі па ўкраінскай праблематыцы. У гэтым годзе Мінск прымаў два важныя міжнародныя форумы: сустрэчу міністраў замежных спраў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы, дзе Беларусь упершыню старшынюе, і сесію Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.