08.10.2017 / 09:03

Таццяна Барысік. Батон у падарунак 10

У маршрутку ўваходзіць маці з маленькай дачушкай.

— Вам два білеты ці дзіця на рукі возьмеце? — пытае кіроўца.

— На рукі, — адказвае маці, бо рэйс міжгародні, дарагаваты.

Студэнт з задняга сядзення таксама рады магчымасці ашчадзіць грошы.Ён паказвае на свайго сябрука і цікавіцца:

— А можна і я яго на рукі вазьму?

* * *

У салоне аўтобуса гарачыня — аж самлець можна. Але, як толькі крыху прачыняюць люк, аднекуль здалёк чуваць незадаволены голас бабкі — аматаркі заўсёднага і паўсюднага камфорту:

— Зачыніце! А то, бывае, прадзьме — а тады на бальнічны!

Хлуслівая скарга не знаходзіць падтрымкі. На ўвесь аўтобус гучыць суворы запыт:

— На пенсіі бальнічны?

Артыст

Праз пярэднія дзверы ў прыгарадны аўтобус увальваецца паддаты дзядзька, на адной назе — гумавы тапаць, на другой — стаптаны чаравік. Ён сядае на прыступку побач з вадзіцелем і адразу прыцягвае ўсеагульную ўвагу кампліментам самому сабе:

— Мне пяцьдзясят чатыры, а хіба скажаш?

— Не, маладзей гледзіцеся, — дзеля жарту падтаквае нехта, астатнія моўчкі пасміхаюцца з гэткае самаўпэўненасці.

 Пасажыр усё больш пачувае сябе зоркай салона і пачынае гучна распавядаць пра сваю працоўную дзейнасць. Мусіць, ён ці то даглядчык на якой прыватнай ферме, ці то вартаўнік у заапарку:

— Шыншылаў каралеўскіх завезлі. Гэта ж, брат ты мой, якія трусы!.. А страусы? Ого! Яйка во такое во!.. Заходжу — дык яны, бляха, ногі свае выстаўляюць! У галаву каторы дзеўбане…

— Вы б каску адзявалі, — раіць пасажырка насупраць.

— А як жа? І каску адзяю і шынель, — дзеліцца страусіны начальнік прафесійнымі сакрэтамі.

— Ты, дзядзька, артыст, цябе б на Ютуб ці на сцэну,—прапануе здалёк гучны голас.

— А, што ж, не горш за Жванецкага быў бы! — пахваляецца артыст і дадае ўжо даволі самакрытычна: — Цырк паехаў, а я астаўся…

Пасля заўважае прывабную кабету насупраць і з ходу прапануе:

— А давайце пацалуемся!

— Не, на шчасце, не паспеем: мне ўжо выходзіць!

— Тады давайце спяём! — не губляецца ён і аптымістычна зацягвае: —І ніхто не узнает,гдзе магілка мая…

Не скончыўшы песні, на прыпынку раптам пазнае родныя мясціны і спешна выкульваецца з аўтобуса. На ўспамін пра сябе пакідае лужыну на прыступцы. Усяго нейкія пятнаццаць хвілін ехаў, а як шмат паспеў!

* * *

Мармуровая прахалода аўтавакзала. Самаробная рэклама з вітрыны шапіка спрабуе пераканаць: «Самыя танныя калготкі ў горадзе». Захапляюся гандлярскім спрытам, але веры не даю: ведаю, куды прыехала. Неяк узімку нават у тутэйшай прыбіральні ёлачную гірлянду купіць прапанавалі. Шпацыруючы, заўважаю рэкламу самых танных калготак у горадзе яшчэ на двух шапіках. Ну, што тут скажаш… Бабруйск, прывітанне!

* * *

«Эксклюзіў! Толькі для нашых кліентаў!»— інтрыгуе мясцовая рэклама. Працяг расчароўвае: «Сродак для мыцця посуду вытворчасці Карэя».

* * *

Абвестка на дзвярах вакзальнага буфета інфармуе: «У продажы вырабы «Мінскхлебапрадукт». Пенсіянерам — 3% зніжка».

Выгаднасць наступнай прапановы ўражвае яшчэ болей: «Пры куплі прадукцыі коштам больш як 6 рублёў — батон у падарунак!»

Адэса, мо й сталіца гумару, але Бабруйск не горшы.

Цёзка

Прыйшоў Іван неяк у госці да сябра. А там яшчэ адзін сабутэльнік сядзіць, толькі з іншай вёскі. Як добра ўрэзалі, дык Івана ахапіла любасць да гаспадаровага сабакі:

— Хачу я твайго Бульку пагладзіць.

 Узняўся з зэдліка так, ледзьве стол не перакуліў.

— Пагладзь мяне — і я ж Булька! — нечакана прапанаваў трэці сабутэльнік. Не схлусіў, бо меў у родных мясцінах гэткую ж мянушку.

Гісторыя кахання

(з размовы дзвюх пляткарак)

— Ці чула ты? Выпівалі яны неяк разам. То яна і пытае: «Ты мяне любіш?» — «Люблю», — кажа.— «Тады дакажы — адсячы сабе палец!»

— І што?

— Адсек! Пасля яшчэ прыраўнаваў яе неяк, дык вешацца бегаў.

— Во дурны! У псіхушку ж на ўчот маглі паставіць. І чым жа ўсё скончылася?

— Ды пасадзілі іх. На дачу ўлезлі. Дык ён жа толькі бензапілу ўзяў, а тая ж, сука…

* * *

— Ну, што ж ты агарод не садзіш? У двары крапіва, быльнёг, дзяды каля плота. Хоць скасіў бы!— ушчувае суседка дачніка-апівоху.

— Не магу. Нашто мне тыя грады? Я прыроду люблю, — тлумачыць сусед.

Якое свята — такія і свінні

У прапаленай грубцы пыхкае чыгунок з бабкаю. За акном на чорным галлі дзе-нідзе маленькімі сонейкамі познія яблыкі свецяцца. Усё як тады, у маленстве. Дарослы сын прыйшоў наведаць бацькоў.

«Ну во, хутка і сёмага»,— зірнуўшы ў каляндар згадала маці. «Трэба палічыць па графіку, як я працаваць буду», — азваўся бацька. Праседзеўшы колькі хвілін у глыбокім задуменні, палічыў. Аж двойчы для пэўнасці. Вынік не надта ўсцешыў: «Выходны — а шкада…» Яно й зразумела — па святах двайны тарыф, а каму грошы лішнія? «Раней на акцябарскія свіней білі», — прамовіў сын, апанаваны журботна-лірычным настроем. Па хаце паплыла настальгічная ціша. «А што, можам і цяпер чыкнуць!» — з маладой зухаватасцю выгукнуў бацька. Сын збянтэжана зірнуў на бацьку, у хлеўчуку ўжо гадоў пяць як нічога не рохкала: «Ты пра што кажаш, бацька? Якую свінню біць будзем?» — «Ды, мусіць, тваю, сынок, марскую!»

* * *

Пацыент з загіпсаванаю рукою прыйшоў да хірурга. Строгі доктар, агледзеўшы руку, пачуў пах перагару і загадаў медсястры:

— А гэтаму выпішыце бальнічны з чырвонаю паласой!

Пацыент, злосна пасміхнуўшыся, ні на грам не спужаўся:

— Можаш і чэрап з косткамі на ім намаляваць! Я пенсіянер.

* * *

Прыйшла бабка на прыём да тэрапеўта.

— На што жаліцеся? — пытаецца доктар

— Ды галава баліць, — кажа бабка і адразу чуе карысную параду:

— Ну, раз баліць — дык ідзіце ў калідор ды пасядзіце трохі. Там свяжэй.

Матулін клопат

— Ну, як там твой сынок у школе?

— Ды нічога, толькі кажуць ўсё, што па нямецкай балы нізкія. А дзе ён на ёй размаўляць будзе? Не трэба мне яго нямецкая. Мне трэба, каб ён адвучыўся хутчэй і зарабляць пайшоў.

— А мой жа ўчора на школьны аўтобус праспаў. Я то на яго насварылася, а сама сабе думаю: «А калі і праспаў, дык што? Рабочаму важнейшыя не веды, а здароўе».

Хто багацейшы?

У школе настаўніца наказвае вучням, каб бацькі пажарныя апавяшчальнікі ў кожны пакой купілі.

— Яны ж дарагія! — абураецца дзяўчо з другой парты. — Больш як сямнаццаць рублёў.

— Мы шматдзетныя — і то купілі! — прыводзіць сваю сям’ю ў прыклад настаўніца.

— Дык вас жа кормяць бясплатна два разы на дзень, а мы самі плацім, — нагадвае вучаніца. Маці яе гадуе адна.

* * *

«Яны растуць, а мы старэем», — са светлаю журбою гаворыць дваццаціпяцігадовы бацька, гледзячы на трохгадовую дачку.

***

Таццяна Барысік

Нар. 1977. Скончыла факультэт дашкольнага выхавання Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1999). Працавала ў школах Бабруйскага і Магілёўскага раёнаў. Цяпер жыве ў Магілёве. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтар самвыдатаўскага зборніка паэзіі «Гаркну ў бліскучы мацюгальнік» (Асіповічы, 2003), зборніка апавяданняў «Жанчына і леапард» (2014). Сталая аўтарка «НН». Лаўрэатка 2-й прэміі Ежы Гедройца — 2015.

0
Міхась, Віцебск / Адказаць
08.10.2017 / 09:34
Жыццё:) Дзякуй!
16
1 / Адказаць
08.10.2017 / 11:12
Хрень какая-то
12
але ж / Адказаць
08.10.2017 / 12:11
банальшчына
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру