Суд Чыгуначнага раёна Віцебска прызнаў мужчыну вінаватым у жорсткім абыходжанні з жывёламі і аштрафаваў яго на 20 базавых велічыняў (460 рублёў), піша Tut.by са спасылкай на «Витьбичи».

Жыхар Віцебска 22 чэрвеня адзначаў дзень нараджэння. Святкаваў з сябрамі з самай раніцы. А да вечара, калі яны разышліся, убачыў, што яго сабака ў двары нарадзіла шасцярых шчанюкоў.

Гаспадар пасадзіў іх аднаго за адным у мех, выкапаў яму каля свайго плота і стаў кідаць туды шчанят. Але раптам каля дома з'явіліся падлеткі. Яны пацікавіліся ў мужчыны, што ён робіць і хто скуголіць ў мяшку. Імяніннік груба ім адказаў. Тады дзеці выклікалі міліцыю.

— На месца здарэння адразу ж прыбылі аператыўна-следчая група і супрацоўнікі АМАПа. Яны даставілі мужчыну ў РАУС, — распавяла суддзя Алена Грабянчук. — Узровень алкаголю ў крыві затрыманага складаў 3,29 праміле — гэта моцная ступень ап'янення.

Гараджанін не адмаўляў, што падлеткі спрабавалі ў яго высветліць, для чаго ён выкапаў яму. Праўда, іх заяву, што ён нібыта біў шчанюкоў рыдлёўкай, адмаўляў. Маўляў, проста іх закопваў.

У суд мужчына не з'явіўся, хоць атрымаў паведамленне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0