Па выніках рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты палаты прадстаўнікоў вымалёўваецца адна заканамернасьць – па многіх акругах, дзе ідзе вядомы апазыцыйны лідэр, апроч прадстаўніка ўлады, вылучаецца яшчэ адзін ці некалькі досыць дзіўных кандыдатаў. Як правіла, гэтыя людзі прыкладна ж аднаго ўзросту з кандыдатам ад апазыцыі і займаюць падобныя пасады.

Мяркуйце самі. Ва ўручанскай акрузе Менску, дзе балятуецца былы намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч, вылучаны таксама амаль ягоны аднагодка з ЛДП бізнэсовец Сяргей Тарлюк.

Да лідэра ПКБ Сяргея Калякін у Коласаўскай дадалі камуніста з праўладнай КПБ Юр’я Васкрасенскага, а таксама незразумелую прадстаўніцу нібыта АГП Кацярыну Маласаеву, хаця апошняя не праходзіла па сьпісах АДС.
Да старшыні БСДП Анатоля Ляўковіча ў Берасьці прыставілі намесьніка дырэктара ААТ “Кравіра і К” Барыса Гасана.

Разам з жаўнерам тэрміновай службы Віталём Каратышом па Лунінецкай акрузе балятуюцца настаўнік адной зь мікашэвіцкіх гімназій (толькі на год старэйшы за прадстаўніка БНФ), а таксама начальнік юрыдычнай службы в/ч 65408.

Яшчэ больш цікавая сытуацыя ў Гарадзенскай-Цэнтральнай акрузе, дзе ад АДС ідзе старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу работнікаў “Горадня-Азот” Сяргей Антусевіч. У процівагу яму вылучылі яшчэ аднаго супрацоўніка “Азоту” Аляксандра Мікалуту. У кандыдатаў па ўзросьце ўсяго год розьніцы.

З намесьнікам старшыні Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам па Аўтазаводзкай акрузе Менску ідзе аднагодак з КПБ Алег Зяневіч. Аляксей працуе намесьнікам генэральнага дырэктара ААТ “БеларусьКапіталМэнэджмэнт”, а Алег – вядучым спэцыялістам філіялу №503 “Беларусьбанку”.

У Аляксандра Дабравольскага з АГП сярод супернікаў па Сьвіслацкай акрузе 31-гадовы Сяргей Туромша, які працуе начальнікам упраўленьня па рабоце з ключавымі кліентамі МТС.

Зь Віталём Рымашэўскі з БХД па Адзінцоўскай акрузе вылучаецца 29-гадовы індывідуальны прадпрымальнік Юры Шаблін, а таксама 25-гадовы повар “Бітлз-кафэ” Яўген Трэгубка.

Выглядае на тое, што вылучэньне многіх з гэтых людзей накіраванае на тое, каб адабраць частку галасоў у апазыцыйных кандыдатаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?