На польскім рэгіянальным інфармацыйным сайце podlasie24.pl з'явілася інфармацыя, што паліцыя горада Седльцы правярае паведамленне пра невядомага хлопчыка, які ехаў у горад, схаваўшыся ў фуры, а потым збег, піша Tut.by.
У 20-х датах верасня ў мясцовую паліцыю праз форму электроннай сувязі звярнуўся пакуль не ўстаноўлены кіроўца грузавіка і распавёў, што ў адзін з папярэдніх дзён (дакладней паліцэйскія не высветлілі) у кабіну яго машыны, як мяркуецца што тады стаяла на паркінгу ў Любартаўскім павеце, забралася дзіця — хлопчык на выгляд прыкладна 10 гадоў, апрануты ў цёмнае адзенне. Па словах кіроўцы, дзіця схавалася ў спальным адсеку фуры, накрыўшыся коўдрай.
Дальнабойшчык спачатку не бачыў хлопчыка, а пабачыўшы, што вязе «зайца», паспрабаваў з ім паразмаўляць, але хлопчык на пытанні не адказваў. Тады кіроўца спыніўся на стаянцы ў мястэчку Бялкі, каб расказаць паліцыі, аднак дзіця выскачыла з кабіны і збегла.
Горад знаходзіцца прыкладна за сто кіламетраў ад польска-беларускай мяжы. Мясцовыя паліцыянты, вядома, у курсе таго, што ў памежным беларускім раёне знік 10-гадовы хлопчык. Прадстаўнікі паліцыі тлумачаць, што афіцыйна яны Максіма Мархалюка не вышукваюць, але ўся інфармацыя і арыенціроўкі на яго даведзены да кожнага паліцэйскага ў сумежных ваяводствах. Па словах прадстаўніка прэс-службы паліцыі, гэтыя два паведамленні — аб знікненні беларускага хлопчыка і хлопчыка ў фуры таго ж узросту — тут разглядаюць як магчыма ўзаемазвязаныя.
— Гэта гіпатэтычна можа быць звязана з вашым [зніклым у Беларусі] хлопчыкам. Мы звяртаем увагу на любых дзяцей без суправаджэння дарослых, але пакуль на нашай тэрыторыі беспрытульнікаў не выяўлена, — распавялі ў прэс-службе Сядлецкай паліцыі. — Мы правяраем любую інфармацыю, што датычыцца дзяцей, у тым ліку і гэтае паведамленьне пра хлопчыка ў машыне. Таму мы размясцілі адпаведную інфармацыю на мясцовых сайтах, каб знайсці відавочцаў. Пакуль гісторыя працягу не атрымала.
На тэрыторыі Польшчы ў апошні час дзеці не знікалі, паведамілі ў паліцыі.
— Следчыя органы адпрацоўваюць ўсе магчымыя версіі знікнення Максіма Мархалюка — нават калі яны здаецца малаімавернымі. Нельга выключаць і таго, што дзіця можа знаходзіцца на тэрыторыі аддаленага населенага пункта ў Беларусі ці нават у іншай краіне. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца, пошукі ідуць, - паведаміў TUT.BY прадстаўнік упраўлення СК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.