Тэлеграм канал «Не БТ», які літаральна за пару тыдняў набраў каля тысячы падпісантаў, паведаміў, што журналіст Канстанцін Прыдыбайла хутка зноў працаўладкуецца на тэлеканале «Беларусь-1».

Хто такі Канстанцін Прыдыбайла? Нарадзіўся ў Варкуце ў 1989 годзе, да 2006 года жыў у Іжэўску. Толькі тады пераехаў у Беларусь, на гістарычную радзіму бацькоў.

Скончыў гуманітарны факультэт БДУ па спецыяльнасці «Сацыяльная псіхалогія». Працаваў на тэлеканале «Беларусь-1», дзе вёў спартыўныя, крымінальныя навіны, перадачу «Добрай раніцы, Беларусь!»

У 2015 Прыдыбайла перабраўся на расійскі прапагандысцкі тэлеканал Life, дакладней на яго аддзяленне Life78 у Пецярбургу. З Расіі Прыдыбайла пісаў скаргі на збор сродкаў на сайт 1863x.com, выступаў супраць маршу студэнтаў, бел-чырвона-белага сцяга.

Летам 2017 Прыдыбайла сышоў з «Лайфа». «Падабралі яго на БТ, дзе з дапамогай Прыдыбайлы хочуць запусціць шоу накшталт «Вячэрні Ургант». Пакуль невядома, ці ён сам будзе весці перадачу, ці не. Але дакументы на яго прызначэнне ўжо падрыхтаваныя», — напісаў ананімны канал «Не БТ».

Сам Канстанцін Прыдыбайла адказаў «Нашай Ніве» ў твітары, што кантракт з «Беларусь-1» пакуль не падпісаны.

Хаця факта таго, што вяртаецца на «Беларусь-1» не адмаўляе. «Так, я вяртаюся на БТ, тут класныя людзі, і я з імі буду працаваць у кайф».

З Прыдыбайлы пасмяяўся блогер Антон Матолька, на што журналіст адказаў: «Паклічу — прыйдзеш?».

«Толькі калі звольняць Давыдзьку ці ён папросіць за ўсё прабачэнні», — адрэагаваў Матолька.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?