Апошнія месяцы «Наша Ніва» шукала розных работнікаў — маркетолага, менеджараў па продажах, відэажурналіста, а цяпер і рэдактара раздзела «Гісторыя». Нам напісалі больш за сотню кандыдатаў.

Ёсць шмат годных кандыдатаў, але хапаешся за галаву, калі бачыш больш за палову атрыманых рэзюмэ.

«Доброго времени суток. Меня интересует работа у вас. Имею множество интересов. Пока что работаю на заправке, но недавно понял, что журналистика — это мое призвание. Готов приступить к работе со следующего понедельника. С уважением, Александр». Падобных зваротаў было шмат.

На жаль, у беларускіх школах не праходзяць курс дзелавога этыкету. Але інтэрнэт мае шмат карысных парадаў для тых, хто збіраецца ўладкавацца на працу. Чаму б папярэдне не пачытаць хоць некаторыя з іх?

Можа, класічнае рэзюмэ-анкета ў прыкладзеным файле ўжо і не ў модзе, але паспрабуйце даць больш карыснай інфармацыі пра сябе. Вы можаце ўявіць, што некаторыя нават не лічаць патрэбным указаць свой узрост, а пра імя мы можам меркаваць толькі з адрасу электроннай пошты. Часам гэта [email protected].

Ёсць, праўда, і іншыя крайнасці, калі рэзюмэ расцягваецца на 10 старонак і тлумачыць, у якім узросце чалавек упершыню ў жыцці адкрыў Microsoft Word. Нават калі не шануеце час рэдактара, які абавязаны прачытаць гэта, пашкадуйце хаця б свае сілы.

Нічога не кажа пра чалавека лепш, чым яго профілі ў сацыяльных сетках. Спрасціце задачу рэдактару, пакіньце адразу спасылкі на іх. Бо ўсё адно ён палезе шукаць вас Укантакце і ў фэйсбуку, каб скласці ўражанне пра вашыя інтарэсы і лад жыцця.

Звычайна на кожную вакансію прыходзіць некалькі дзясяткаў рэзюмэ. Задача прэтэндэнта — пераканаць, што ён будзе найлепшым варыянтам, тым самым адзіным і непаўторным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?