04.10.2017 / 19:20

ЕС выставіў кампаніі Amazon пазоў на сотні мільёнаў еўра

Еўрасаюз запатрабаваў ад амерыканскай кампаніі Amazon даплаціць у еўрапейскі бюджэт сотні мільёнаў еўра падаткаў, ад якіх карпарацыя сышла ў выніку «палюбоўнай» угоды з уладамі Люксембурга, дзе зарэгістраваны галаўны еўрапейскі офіс Amazon.

Пазове папярэднічала трохгадовае расследаванне аб падатковым пагадненні паміж амерыканскім рытэйлерам і Люксембургам. У заключэнні гаворыцца, што ўгода насіла характар «дзяржаўнай падтрымкі», паведамляе ВВС.

Раней сёлета Еўракамісія выставіла аналагічныя патрабаванні на суму 13 мільярдаў еўра (11 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў) кампаніі Apple, якая атрымала падатковыя льготы ў Ірландыі.

ЕС абвінавачвае Ірландыю ў прадастаўленні незаконнай дзяржаўнай падтрымкі кампаніі Apple, дзякуючы якой у рэспубліцы з'явілася каля 4000 працоўных месцаў, у выніку заключанага спецыяльнага падатковага пагаднення. Apple падае апеляцыю.

Падатковае пагадненне паміж Люксембургам і Amazon было заключана ў 2003 годзе. Тады старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер займаў пасаду прэм'ер-міністра Люксембурга.

Прадстаўнікі Еўракамісіі адмовіліся ад каментароў. Ад Amazon атрымаць каментары таксама не ўдалося.

Раней у Еўракамісіі заяўлялі, што «папярэдні разгляд дазваляе класіфікаваць падатковае пагадненне як дзяржаўную падтрымку Люксембургам кампаніі Amazon». Amazon, аднак, адмаўляе факт атрымання адмысловага падатковага рэжыму ў Люксембургу: «На нас распаўсюджваюцца тыя ж падатковыя правілы, што і на іншыя кампаніі, якія дзейнічаюць тут».

Акрамя гэтых падатковых расследаванняў, Еўрапейская камісія збіраецца аб'явіць аб сваіх планах па барацьбе з махлярствам пры выплаце ПДВ, у выніку якога Еўрасаюз штогод недаатрымлівае падаткаў на 150 мільярдаў еўра.

Чакаецца, што ў сераду будзе абвешчана аб маштабнай падатковай рэформе, якая, у тым ліку, закране і правілы, што тычацца налічэння ПДВ пры міжнародных разліках.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру