04.10.2017 / 21:29

Еўрапарламент заклікаў Каталонію не абвяшчаць незалежнасць

Еўрапейскі парламент звярнуўся да Каталоніі з заклікам не абвяшчаць незалежнасць. На пленарным пасяджэнні ў Страсбургу адбылася дыскусія на тэму нядзельнага рэферэндуму аб аддзяленні гэтай аўтаномнай вобласці ад Іспаніі, паведамляе Радыё Польшча.

Пасяджэнне Еўрапарламента пачалося з выступлення намесніка старшыні Еўракамісіі Франса Цімерманса, у якім ён падтрымаў іспанскія ўлады. Па яго словах, Каталонія праігнаравала закон, арганізаваўшы рэферэндум.

«Абавязак кожнай краіны — абараняць вяршэнства права, што часам патрабуе прымянення адпаведнай сілы», — растлумачыў намеснік кіраўніка Еўракамісіі. Ён з жалем, аднак, пракаментаваў падзеі нядзелі, падкрэсліўшы, што гвалтам праблему не вырашыць.

У ходзе дыскусіі дэпутаты Еўрапейскага парламента заклікалі бакі канфлікту да адзінства і дыялогу. Многія парламентарыі адзначылі высокую рызыку развалу Іспаніі і заклікалі Каталонію не абвяшчаць незалежнасць у аднабаковым парадку.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру