Google Home Mini

Тут і далей — кадры з прэзентацыі

Тут і далей — кадры з прэзентацыі

Першым анонсам прэзентацыі стала навіна аб пашырэнні лінейкі «разумных» калонак кампаніі. Кампактная версія, якая, дзякуючы цэнніку 49 даляраў, апынулася і самой даступнай, прапануе карыстальнікам шырокі выбар тканін, якія пакрываюць палову паверхні гаджэта.

Гаджэт будзе падлучацца да ўсіх прыладаў і аксэсуараў, якія ёсць у вас дома, ствараючы сапраўдную экасістэму. Напрыклад, вы зможаце адшукаць тэлефон, што заваліўся за канапу, папрасіўшы Google Home Mini актывізаваць пошукавы сігнал.

Google Home Max

Асноўная асаблівасць Google Home Max, якая робіць яе падобнай да HomePod ад Apple, — гэта «інтэлектуальныя» стэрэадынамікі і 12 месяцаў бясплатнай падпіскі на YouTube Red. Уся гэтая тэхналагічная дасканаласць будзе каштаваць 399 даляраў. Пры гэтым продажы калонкі стартуюць толькі ў снежні.

Google Pixelbook

Новы Pixelbook ад Google фактычна ўяўляе сабой абноўлены Chromebook, бо захаваў ранейшую праграмную платформу (якая мае абмежаваныя магчымасці). Пры гэтым ноўтбук стаў яшчэ танчэйшым і лягчэйшым. Цяпер яго таўшчыня па ўсёй паверхні роўная 10 мм, а вага не перавышае 1 кг.

Прылада сумяшчальная з галасавым асістэнтам Google Assistant, крамай дадаткаў Google Play і «разумным» алоўкам Pixel Pen. Цана за базавую версію Pixelbook стартуе ад 999 даляраў.

Google Pixel 2

У гэтым годзе Google павялічыла кожную з мадэляў флагмана, нарасціўшы дыяганалі іх дысплеяў да 5 і 6 цаляў адпаведна. Pixel 2 атрымалі таксама «адчувальныя» грані. Калі сціснуць Pixel 2 з бакоў, будзе выкліканы галасавы асістэнт Google Assistant.

Асноўны фотамодуль смартфонаў абсталяваны 12-мегапіксельнай матрыцай і адаптаваны для працы з дапоўненай рэальнасцю. Дысплей абедзвюх мадэляў выкананы па папулярнай цяпер OLED-тэхналогіі, а іх корпус абаронены ад траплення вады і пылу па адным з стандартаў IP-сертыфікацыі. Акрамя таго, Pixel 2 падтрымліваюць суперхуткую зарадку. Пры гэтым час, які затрачваецца смартфонамі на падзарадку ад 0 да 100%, вытворца не агучыў.

Продажы Google Pixel 2 і Pixel XL 2 стартуюць у шасці краінах — Аўстраліі, Канадзе, Нямеччыне, Індыі, Вялікабрытаніі і ЗША — па цане 649 даляраў за базавую мадэль і 849 даляраў — за топавую.

Google Pixel Buds і Google Clips

Pixel Buds — фірмовыя навушнікі кампаніі, інтэграваныя з галасавым асістэнтам Google Assistant і ўбудаваным перакладчыкам з 40 моваў свету. Іх кошт у розніцы будзе роўны 159 далярам — такую ж суму Apple просіць за свае AirPods.

Быў прэзентаваны таксама Google Clips — знешні модуль камеры, сумяшчальны са смартфонамі лінейкі Pixel. Яго можна прымацаваць над уваходнымі дзвярамі ці ўзяць у падарожжа, каб фатаграфаваць тое, што адбываецца навокал. Кошт аксэсуара, дата з'яўлення якога ў розніцы пакуль не называецца, складзе 249 даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?