Студэнта абвінавачваюць ва ўзломе мабільнага яго знаёмай і ў падпале яе кватэры.

17-гадовы малады чалавек родам з Новалукомля вучыўся ў Віцебску. У студзені без ведама і згоды знаёмай дзяўчыны хлопец скапіяваў і запусціў на мабільным тэлефоне, якім яна карысталася, праграму для доступу да яе асабістай інфармацыі.

«Пасля чаго з цікаўнасці і рэўнасці, цягам пяці месяцаў атрымліваў звесткі пра яе месцазнаходжанне, перапіску (у тым ліку ў месенджарах), размовы, файлы, паролі да яе акаўнтаў сацыяльных сетак. Абвінавачаны несанкцыянавана прымаў і перахопліваў канфідэнцыйныя дадзеныя, капіяваў іх на свой тэлефон і ноўтбук. У далейшым выкарыстаў у сваіх мэтах, паведамляў староннім. Перыядычна ён блакаваў камп'ютарную інфармацыю на мабільным тэлефоне дзяўчыны», — паведамляе Следчы камітэт.

Цяпер хлопца вінавацяць у несанкцыянаваным доступе да камп'ютарнай інфармацыі, неправамерным яе завалоданні. А таксама ў падпале кватэры дзяўчыны.

Па дадзеных следства, у ноч на 29 сакавіка ў кватэры дзяўчыны быў здзейснены падпал. У выніку распаўсюджвання агню на прадметы мэблі, бытавой тэхнікі, вопратку, міжпакаёвыя дзверы, шпалеры, столь і падлога кватэры знішчана і пашкоджана маёмасць на 4500 рублёў. Дзякуючы таму, што відавочца заўважыў агонь у кватэры, размешчанай на другім паверсе дзевяціпавярховага жылога дома і выклікаў МНС, пажар не распаўсюдзіўся на суседнія памяшканні.

Экспертыза паказала — быў падпал.

Цяпер матэрыялы па справе перадалі ў суд.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?