Глыбокае ўваходзіць у ТОП-30 гістарычных гарадоў Беларусі. Аднак уяўленне турыстаў аб Глыбокім як гістарычным горадзе — досыць павярхоўнае. Два храмы ў стылі віленскага барока ў старым цэнтры і Алея славутых землякоў — тут жа, побач. І ўсё? Не!

Гістарычнае Глыбокае — гэта і будынак базыльянскага кляштара ў Беразвеччы, у якім месціцца пенітэнцыярная ўстанова, фальварак Барок з сядзібным домам і паркавымі прысадамі (цяпер вул. Сасновая), забудова канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя былой Рынкавай плошчы, Ільінская капліца пачатку ХІХ стагоддзя, вежа ў гонар Канстытуцыі РП ад 3 траўня 1791 года, дамы з брандмаўрамі на плошчы 17 Верасня і па вуліцы Горкага, а таксама помнік прыроды — дэндралагічны сад і, нарэшце, кварталы забудовы ў закапанскім стылі. Апошні аб’ект і ёсць тэмай нашага апавядання.

Пасля падпісання 18 сакавіка 1921 года Рыжскай мірнай дамовы Глыбокае адыходзіць да ІІ Рэчы Паспалітай, атрымлівае статус горада і становіцца цэнтрам павета. Назву павету ўсё ж пакінулі колішнюю ­— Дзісненскі. Сама ж Дзісна апынулася на мяжы: праз Дзвіну — Савецкі Саюз, рызыкоўна пакідаць тут сталіцу павета, таго й глядзі — пераплывуць раку бальшавікі ўночы на лодках і абвесцяць тут «Дзісненскую народную рэспубліку». Дзісна стала занепадаць, а брукаваныя вуліцы колішняга павятовага цэнтра пачалі зарастаць трыпутнікам.

У новым павятовым цэнтры трэба было будаваць шмат жылля для «ўжэнднікаў». Так з’явіліся «калёніі» для чыноўнікаў павятовай адміністрацыі. Для такіх дамоў быў абраны папулярны тады закапанскі стыль. Трэба адзначыць, што першым заснавальнікам і папулярызатарам закапанскага стылю быў Станіслаў Віткевіч. Менавіта па яго праекце быў узведзены першы будынак у закапанскім стылі — «Віла пад піхтамі» ў Козінцы для Яна Гвальберта Паўлікоўскага, 1896—1897. І да сёння гэты будынак з’яўляецца непераўзыдзеным творам закапанскага стылю.

Тыпавы дом у закапанскім стылі — 6 дамоў па вуліцах Габрыэля Нарутовіча і Юзафа Пілсудскага. Малюнак Ул. Скрабатуна.

Тыпавы дом у закапанскім стылі — 6 дамоў па вуліцах Габрыэля Нарутовіча і Юзафа Пілсудскага. Малюнак Ул. Скрабатуна.

На Паазер’і — Браславе, Шаркоўшчыне, Паставах, Мёрах і Глыбокім — адным з папулярызатараў закапанскага стылю быў Юліюш Клос, прафесар Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні з 1920 года, дэкан факультэта прыгожых мастацтваў, загадчык кафедры архітэктуры (1920—1929), пазней выкладаў гісторыю архітэктуры, чарчэнне. (Бачыў надмагільны помнік Ю. Клосу на цвінтары Роса ў Вільні.)

У свой час аўтар палічыў прыкладную колькасць у Глыбокім будынкаў у закапанскім стылі, якія яшчэ захаваліся на сёння. Атрымалася — пад 40. Але не шукайце! Абшылі іх сайдынгам, пластыкам, змянілі формы дахаў, паставілі вокны ПВХ… Калі паглядзець даваенныя здымкі Глыбокага, то яно глядзелася вельмі «па-закапанску», не горш за татранскі курортны горад Закапаны! Шмат чаго потым згарэла ў полымі апошняй вайны…

Калонія ўраднікаў у Глыбокім у першасным выглядзе. Відарыс з боку вул. Юзафа Пілсудскага, 1930-я гг. На дальнім плане, злева, 3-х паверхавы будынак у стылі канструктывізму, у якім пасля вайны месцілася Глыбоцкая педвучэльня, дзе ўзнікла падпольная арганізацыя Саюз Беларускіх Патрыётаў, smok.hostil.pl

Калонія ўраднікаў у Глыбокім у першасным выглядзе. Відарыс з боку вул. Юзафа Пілсудскага, 1930-я гг. На дальнім плане, злева, 3-х паверхавы будынак у стылі канструктывізму, у якім пасля вайны месцілася Глыбоцкая педвучэльня, дзе ўзнікла падпольная арганізацыя Саюз Беларускіх Патрыётаў, smok.hostil.pl

Найбольшую цікавасць, да нядаўняга часу, выклікала забудова ў закапанскім стылі на былых вуліцах Юзафа Пілсудскага (Вольная) і Габрыэля Нарутовіча (Камсамольская). Квартал — з шасці аднатыпных дамоў. Праўда, яшчэ не факт, што гэты квартал праектаваў сам Юліюш Клос, маглі ж тагачасныя глыбоцкія архітэктары прывязаць тыпавы праект да Глыбокага, але праекты глыбоцкіх «закапанскіх» дамоў ідэнтычныя браслаўскім, дзе іх адназначна праектаваў Юліюш Клос.

Падобны праект быў распрацаваны і для павятовага горада Браслава. Архітэктар Юліюш Клос.

Падобны праект быў распрацаваны і для павятовага горада Браслава. Архітэктар Юліюш Клос.

Хачу адзначыць, што аўтар гэтых радкоў вучыўся ў Глыбоцкай СШ №2, а з вокнаў класа адкрываўся прыгожы і рамантычны відарыс на гэтую забудову. Памятаю асаблівасці гэтага ансамблю, які я ахарактарызаваў бы сёння як твор сядзібна-паркавага мастацтва. То бок татранскі фон, адтуль, дзе «Віла пад піхтамі», быў прыўнесены і ў Глыбокае — прысады з лістоўніц, піхтаў, хвоі веймутавай. Па аповедах старажылаў, перад дамамі былі не дзялкі з буракамі і морквай, як цяпер, а кветнікі з ружаў, аксамітныя газоны. Еўропа! Меўся і лакальны водаправод. Дамы былі разлічаныя на дзве сям’і «ўжэнднікаў». А цяпер? Кажуць, падзялілі іх катухамі і жыве там цяпер аж па шэсць сем’яў у кожным доме.

Без сумневу, забудова ў закапанскім стылі па вуліцах Вольнай і Камсамольскай, гіпатэтычна, каб захавалася цалкам, або яе можна было аднавіць цяпер, стала б адной з разынак Глыбокага, якую не абміналі б турысты. Адн­­­ак турысты не тое што не ведаюць і абмінаюць гэты аб’ект, проста там ужо няма на што глядзець! Заміж керамічнай чырвонай дахоўкі на стромых дахах — шэры шыфер, павыкідвалі аканіцы, галерэі з калонамі пазабівалі дошкамі, паставілі вокны ПВХ, напрыбудоўвалі да дамоў розных дапаможных памяшканняў (гаражоў, кухняў). Страхоцце!

Тыдзень таму праязджаю з хлопцамі па вул. Камсамольскай (б. Габрыэля Нарутовіча)… Халера, што робіцца! З аднаго «закапанскага» дома ўжо здзерлі шалёўку, на сцены мацуюць плёнку — не інакш як пад шклавату. З франтона прыбралі салярны знак (сонца). Прыбудоўваюцца веранды, якіх раней не было. Праўда, дах пакрываюць чырвонай бляхай, і можна было б нібыта і прамаўчаць, але ж дужа дзіўны для «закапанскага» дома яе профіль — не імітацыя керамічнай дахоўкі, а гафрыраваныя лісты бляхі. О!!! А ў двары кіпіць праца! Нават аўтавышка з люлькай! І ўжо амаль зашалявалі жоўтым сайдынгам дваравы фасад дома…­­ Відавочна, такі лёс чакае і іншыя «закапанскія» дамы…

«Капітальны рамонт»: дэмантаж дашчанай шалёўкі, прыбудова верандаў, змена выгляду франтона… Фота Зм. Лупача.

«Капітальны рамонт»: дэмантаж дашчанай шалёўкі, прыбудова верандаў, змена выгляду франтона… Фота Зм. Лупача.

Дваровы фасад амаль ужо зашалявалі сайдынгам… Фота Зм. Лупача.

Дваровы фасад амаль ужо зашалявалі сайдынгам… Фота Зм. Лупача.

Падвезлі шклавату. Справа — яшчэ не крануты «капітальным рамонтам» дом. Аднак і ён за дзесяцігоддзі страціў шмат са сваёй былой прыгажосці. Фота Зм. Лупача.

Падвезлі шклавату. Справа — яшчэ не крануты «капітальным рамонтам» дом. Аднак і ён за дзесяцігоддзі страціў шмат са сваёй былой прыгажосці. Фота Зм. Лупача.

Пашпарт аб’екта. Фота Зм. Лупача.

Пашпарт аб’екта. Фота Зм. Лупача.

Як выглядала забудова ў закапанскім стылі на згаданых вуліцах ў 1930-я гады, нам дапамагаюць убачыць здымкі Леанарда Рачыцкага, фоталетапісца Глыбокага, чыноўніка глыбоцкай павятовай адміністрацыі, які і жыў з сям’ёй у адным з гэтых дамоў. Натуральна, потым ён быў рэпрэсаваны як «вораг народу», адпраўлены на Поўнач. Адгукнуўся затым на заклікі пайсці да генерала Андэрса ў Польскі корпус Брытанскай Арміі. Па дарозе ў Іран наведаў сям’ю — дзвюх дачок і жонку — вывезеных у Казахстан, дзе яны галадалі. Пасля вайны сям’я ўз’ядналася ўжо ў Польшчы.

Забудова ў закапанскім стылі па вуліцы Габрыэля Нарутовіча (Камсамольская), 1930-я гг. Фота Леанарда Рачыцкага.

Забудова ў закапанскім стылі па вуліцы Габрыэля Нарутовіча (Камсамольская), 1930-я гг. Фота Леанарда Рачыцкага.

Фрагмент галерэі дома ў закапанскім стылі. Фота Леанарда Рачыцкага (на фота — яго жонка Вера, у дзявоцтве — Дрозд).

Фрагмент галерэі дома ў закапанскім стылі. Фота Леанарда Рачыцкага (на фота — яго жонка Вера, у дзявоцтве — Дрозд).

Забудова па вул. Генрыка Сянкевіча (Горкага). На пярэднім плане — леснічоўка. Не захавалася. Фота Леанарда Рачыцкага, 1930-я гг.

Забудова па вул. Генрыка Сянкевіча (Горкага). На пярэднім плане — леснічоўка. Не захавалася. Фота Леанарда Рачыцкага, 1930-я гг.

Прадказальна, што нехта, а то й сам спадар Астаповіч, скажа: вялікая віна глыбоцкіх краязнаўцаў, што не выступілі ў абарону ансамбля, не напісалі ліст у Мінкульт.

Ладна, дапусцім, так… А якая канчатковая мэта змагання? Напрыклад, аднавіць цалкам комплекс як меркаваны помнік сядзібна-паркавага мастацтва? То тады трэба выселіць пад 30 сямей, і пабудаваць для іх новы 4-5-павярховы дом. «Закапанскія» дамы — аддаць, напрыклад, пад турбазу, музейную экспазіцыю, гатэль ці офісы…

Ёсць на вуліцы Вольнай (б. Юзафа Пілсудскага) і іншыя «закапанскія» дамы, праўда, у вельмі, вельмі змененым выглядзе. Фота Ул. Скрабатуна.

Ёсць на вуліцы Вольнай (б. Юзафа Пілсудскага) і іншыя «закапанскія» дамы, праўда, у вельмі, вельмі змененым выглядзе. Фота Ул. Скрабатуна.

На вул. ксяндза біскупа Бандурскага (Камуністычнай) існавалі іншыя прыклады забудовы ў закапанскім стылі. Усё даўно радыкальна перабудаваная. Фота Ул. Скрабатуна, 2003 г.

На вул. ксяндза біскупа Бандурскага (Камуністычнай) існавалі іншыя прыклады забудовы ў закапанскім стылі. Усё даўно радыкальна перабудаваная. Фота Ул. Скрабатуна, 2003 г.

Вось тут адказныя асобы адразу і зададуць стандартнае пытанне, якое чуў ужо неаднойчы: «У цябе ёсць грошы даць нам на ўзвядзенне 4-павярховага дома? Няма? То й не трэба лётаць з ідэямі!»

Звярнуцца да сумлення жыхароў? Дык гэта ж іхняя прыватная ўласнасць! Зразумела, усё — прыватызавана. Яны вольныя цяпер паставіць на сваіх газонах гараж або цяпліцу, пасадзіць там бульбу ці буракі, паставіць вокны ПВХ… Ну, і хто гатовы змагацца з аравай, калі не ў 120 чалавек, дык у 50 дакладна! Сем’і ж растуць! Трэба разбудоўвацца.

Ды й, зрэшты, да каго персанальна звяртацца з «ідэяй»? Няма да каго! На ўсіх пасадах — дзеці вёскі і перадусім не гуманітарыі. Для іх аўтар — не аўтарытэт, а дэструктыўны элемент. То бок людзі сядзяць на сваіх пасадах, атрымліваюць заробак — і на халеру ім яшчэ забабоны Скрабатуна!

Быў некалі ў Глыбокім гарсавет: мэр ­— інжынер-будаўнік, намеснік — гісторык. Дык не трэба было шукаць з кім паразмаўляць! Тэлефанавалі самі: «Уладзімір Іванавіч, ты, як краязнаўца, ведаеш гістарычныя назовы вуліц, зрабі, калі ласка, праект іх перайменавання». Зрабіў. Каб было ўсё публічна — сабраў народ у бібліятэцы, абмеркавалі, прагаласавалі. Праект апублікавала раёнка. Што далей? Ды разагналі гарсаветы па ўсёй Беларусі! Райцэнтры да 100 тысяч апусцілі фактычна да статусу вёскі.

Трэба адзначыць, што ў закапанскім стылі на Глыбоччыне былі ўзведзеныя не толькі жылыя дамы для чыноўнікаў, але і сінагогі («блакітная» сінагога ў Глыбокім), прыстань (прыстань на возеры Беразвецкім у Глыбокім), а таксама леснічоўкі (Казюкі, захавалася), Баравое (Пастаўшчына, захавалася), нават і праваслаўныя цэрквы, некаторыя з іх атрымлівалі субсідыі ад дзяржавы — царква ў Свіле (згарэла ці спалілі ў 1960-я), кашары ды ўсё даваеннае Падсвілле было «закапанскім» — не засталося нічога.

  Будаўніцтва прыстані на возеры Беразвецкім у Глыбокім, 1930-я гг. Захаваліся рэшткі цокальнага паверха, на якіх узвялі два новыя драўляныя дамы.

Будаўніцтва прыстані на возеры Беразвецкім у Глыбокім, 1930-я гг. Захаваліся рэшткі цокальнага паверха, на якіх узвялі два новыя драўляныя дамы.

У беднай дзяржаве апрыёры не можа быць ніякай культуры, калі ж яна, насуперак галечы, будзе ўсё ж развівацца, то неўзабаве жыхары краіны захочуць жыць багата і доўга, не глытаць пігулкі, а весці здаровы лад жыцця. Тады яны яшчэ захочуць хадзіць на выбары і, што самае галоўнае, ­­— выбіраць! Гэта не аўтарская выснова — гэта аксіёма!

Некалі, калі быў на 20 гадоў маладзейшы, аднойчы разносіў агітацыйныя ўлёткі — ці за Пазняка, ці за Домаша, дык адна глыбоцкая цётка мне сказала:

— Я буду галасаваць — за Лукашэнку! А вы — за што змагаецеся?

— За Беларусь, за мову, за эканоміку, за гісторыю, за культуру, і г.д.,­— кажу я.

— За культуру? — перапытала жанчына. — Культура — у Латвіі! — кажа яна. — Туды едзьце жыць! А нам, беларусам, культура не нужна! Мы проста хацім кушаць!»

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?