І нават калі вы ўжо звыкліся з гэтымі прымітыўнымі ўзыходамі і заходамі сонца, а паўночнае ззянне над Беларуссю вас не захапляе, паглядзіце на падборку, якую мы падрыхтавалі. Такое насамрэч не кожны дзень убачыш.

Блакітная лава

У Інданезіі кратэр Кава-Ідзэн, што на выспе Ява, вывяргае блакітную лаву замест звычайнай жоўтай і чырвонай, якую мы прывыклі бачыць калі не самі, то на фатаграфіях.

Незвычайны блакітны колер, які можна ўбачыць толькі ўначы, забяспечваецца наяўнасцю вялікае канцэнтрацыі серы, якая, як вядома з школьнага курсу хіміі, гарыць сінім полымем. 

Пустыня, якая цвіце

Здавалася б, пустыня на тое і пустыня, каб у ёй акрамя рэдкіх кактусаў ды перакаці-поле нічога не сустракалася. Між тым, пустыня Атакама мае неймаверную ўласцівасць цвісці, калі год выдаўся даволі вільготным. Апошнім часам гэта адбываецца ўсё часцей, і яна цвіце прыгожымі кветкамі раз на 3-4 гады восенню.

Валасаты лёд

Гэты незвычайны лёд мяккі навобмацак і выглядае як валасы. Такая дзіўная з'ява — вынік працы бактэрыі Псеўдамонас бэзавы (Pseudomonas syringae). Бактэрыя павышае тэмпературу ўнутранай вадкасці, якая знаходзіцца ў расліне, і калі гэтая вада выходзіць вонкі, то бок на больш халоднае паветра, утвараецца лёд у выглядзе доўгіх валасінак. 

Звычайна гэты лёд потым засыпае снегам, таму яго вельмі складана знайсці ў прыродзе. 

Ледзяныя кветкі

У экстрэмальна халодных рэгіёнах нашае планеты можна назіраць такую з'яву: калі халоднае вільготнае паветра насычаецца вадой, з любых дэфектаў на паверхні вадаёма пачынаюць фармавацца крышталі лёду. Да невялікіх крышталікаў далучаюцца новыя малекулы вады з паветра, потым яшчэ і яшчэ — і ў выніку атрымліваюцца дзівосныя ледзяныя кветкі, раскіданыя па ўсёй паверхні вады. 

Вясёлкавыя эўкаліпты 

У вясёлкавых эўкаліптаў з Аўстраліі ёсць унікальная шматколерная кара, і на першы погляд здаецца, што хтосьці ўручную фарбуе яе ў самыя розныя яскравыя колеры. Гэта адбываецца таму, што дрэвы «ліняюць» — скідваюць кавалачкі кары ў розны час на працягу года. А тыя ўчасткі кары, якія агаліліся ў выніку «лінькі», пачынаюць старэць. Падчас гэтага старэння кожны ўчастак набывае характэрны для пэўнага тэрміну старэння колер.

Такія прыгожыя дрэвы сустракаюцца таксама на Філіпінах, Новай Гвінеі і блізкіх да гэтага рэгіёну выспах, дзе, праз незвычайны знешні выгляд, шырока распаўсюджаныя ў якасці гарадскіх дэкаратыўных раслін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?