Прэч бутэлькі, люлькі, карты!
Марна траціць час не варта.
Хай жывыя
Рушаць з кіем
У сьвяты паход!
Нас не край далёкі кліча
Вывучаць чужы нам звычай,
Нас чакае
Ў нашым краі
Родны наш народ.
Гэты верш запісаў у пачатку ХХ стагоддзя са словаў Зыгмунта Нагродскага Антон Луцкевіч. Нагродскі, стары віленскі дзяяч, фундатар «Нашай Нівы», расказваў, што верш склаў у 1890-я яго сябар, паэт Францішак Багушэвіч. Бо віленская дэмакратычная моладзь, збіраючыся на экскурсіі на ўлонне прыроды, не мела чаго спяваць і абвясціла конкурс на найлепшую песню для сваёй супольнасці. Песня Багушэвіча набыла шалёную папулярнасць.
Дзеля справядлівасці адзначым, што Дудар Беларускі стварыў і польскую версію верша.
Precz butelki, precz fajczarnie,
Dosyć tracić czas ten marnie.
Niech, kto żyje, bierze kije,
Dalej rusza w świat.
Nie idziemy w obce kraje
Badać cudze obyczaje,
Gdyż nie znamy, co tu mamy,
Co robi nasz brat.
Idźmy poznać nasze pole,
Odczuć braci naszych dolę,
Co w ciemnocie, czoła pocie
Żywią wszystkich nas.
Nieśmy płomień pod ich strzechy,
Promień światła i pociechy,
Wskrześmy ducha spod kożucha,
Póki jeszcze czas.
Па-польску гаварыла тады тая віленская моладзь. Была і яшчэ адна прычына: Нагродскі адзначаў, што верш быў антытэзай «Песні філарэтаў», якую прыпісваюць Антоні Эдварду Адынцу і датуюць 1824-м: «Precz, precz, smutek wszelki, zapal fajki, staw butelki…»
«Смутак» Адынца меў канкрэтныя прычыны: напярэдадні быў разгромлены патрыятычны праект пакалення 1820-х, да якога ён і сам належаў — таемнае таварыства філаматаў.
Тамаш Зан, Ігнат Дамейка, Адам Міцкевіч, Антоні Эдвард Адынец, Ян Чачот.
Філаматы выраслі паміж удзельнікамі напалеонаўскага пахода 1812-га і паўстанцамі 1830-х.
Дзіўна нават, што яны з іх выключна мірнымі мэтамі усеагульнай асветы, няспыннага інтэлектуальнага самаўдасканалення, збірання народнай спадчыны, з’явіліся між двума такімі радыкальнымі пакаленнямі ваяроў.
Філаматы мелі таемнае таварыства накшталт масонскага — толькі з выяўнейшай патрыятычнай скіраванасцю.
У кастрычніку 1817-га яны пачыналі ў Віленскім універсітэце ўпяцёх. Але іх ідэі сустрэлі такі шырокі водгук у сэрцах моладзі, што праз некалькі год іх лік ішоў на сотні, а сетка арганізацый перакінулася з Вільні на іншыя гарады.
Каб існаваць і далей рэалізаваць свае мэты, яны ішлі на саступкі — некалькі разоў на патрабаванне рэктара зачынялі (насамрэч проста відазмянялі) сваю арганізацыю. У рэктара Маеўскага рвалася сэрца: філаматам быў нават яго ўласны сын. І некалькі год яны паспяхова існавалі пад носам імперскай адміністрацыі.
Каталізатарам для разгрому філаматаў стаў выхад у палітычную плоскасць: надпіс крэйдай на дошцы ва ўніверсітэцкай аўдыторыі «Няхай жыве Канстытуцыя 3 мая!»
Пра гэта неадкладна данеслі аж вярхоўнаму ўладцу краю (!), вялікаму князю Канстанціну. Імперская адміністрацыя прынюхалася і адчула пах «польского бунту». А здушэнне бунтаў — гэта заўжды новыя кар’ерныя магчымасці, прэміі і чыны.
Пачаліся масавыя арышты. Па справе праходзіла 135 чалавек. 113 з Беларусі, 6 з Польшчы, 16 з Украіны (пераважна Валыні). Абвінавачанне, перафразаваўшы на сённяшні лад, — «антырасійская прапаганда».
У выніку дзесяць чалавек выслалі за межы радзімы. Яшчэ 80 трапіла пад надзор паліцыі.
* * *
Знаць Чачота ўсе павінны
І пра Зана дабрачыннасць,
Пра Касцюшку, і Манюшку.
І пра песняроў.
Яны былі тытанамі. Адам Міцкевіч. Ігнат Дамейка. Тамаш Зан. Ян Чачот.
Адзін вывеў у лік сусветных польскую нацыянальную літаратуру. Другі даў штуршок для развіцця цэлай краіне Чылі ў Паўднёвай Амерыцы. Трэці адкрыў для імперыі прыродныя багацці за Уралам. Чацвёрты заклаў пачаткі даследавання беларускай мовы, народнай песні.
Якой сілай яны былі б усе разам у Айчыне, каб не мелі патрэбы рабіць сваю справу таемна, калі б не забірала сілы канспірацыя, не тачылі здароўе высылкі і выгнанні.
Калі б ім далі расквітнець, у выніку мы атрымалі б зусім іншую Беларусь. А можа і не Беларусь увогуле.
Але можна канстатаваць: беларусазнаўчыя даследаванні, пошук беларусамі сябе пасля разгрому філаматаў надоўга спыніўся.
І ўсё ж без іх не было б Багушэвіча, без Багушэвіча — Луцкевічаў, без Луцкевічаў — БНР…
Ці то філаматы так апярэдзілі свой час, што іх лозунгі, паўтораныя Багушэвічам праз 60 гадоў гучалі свежа, ці то час тут так расцягваецца, што нават ідэя беларускай незалежнасці, прагалошаная ў 1918-м, дагэтуль не рэалізаваная цалкам. Дый Багушэвічавы словы не старэюць:
Хай жа ўсе, усе, хто можа,
Возьмуць свой кіёк дарожны,
У край айчынны
Час ісці нам
Вывучаць свой люд.
Сонцу нашаму свяціцца,
Піць нам са сваіх крыніцаў, —
Вымятаем
Дружна з краю
Мы замежны бруд!…
Дык cкажам следам за Занам, Чачотам, Багушэвічам:
Вы, з фэйсбукаў і ўкантактаў!
Марна траціць час не варта!