«Мы невыпадкова абралі такую назву для свайго гурту. Мы сапраўды прагнем паказваць сваім слухачам рэлікты — творы, якія могуць быць забытыя, да якіх можа ня быць той увагі, якой яны вартыя. Людзі мусяць ведаць свае скарбы, свае дзіўныя і дарагія рэчы, а ня тое, што дае ім сучасны маркетынг», — кажа лідэр і бубнач Re1ikt Алесь Дземідзенка, які зрабіў з прозы Міхася Зарэцкага тэкст для новай песьні свайго гурту.

Музыка адзначае, што ў Зарэцкім яго кранае вялікая сіла эмацыйнасьці вобразаў: «Гэта неспакойная літаратура, якая пабуджае зрабіць нырок у сьмерч пачуцьцяў і нэрвова запарваць траўку перад сном. Калі чытаеш ягоныя творы, то ажно сэрца пачынае біцца мацней, нібыта апынаешся там, побач зь героямі, ці становішся нават адным зь герояў. Раю пачытаць «Паэму пра чорныя вочы» ды іншыя апавяданьні, каб самім у гэтым пераканацца». Варта дадаць, што ў тэксьце Re1ikt усе словы, выразы і сказы ўзятыя непасрэдна з арыгінальнага твору.

Рытм, зь якім разьвіваецца сюжэт у «Паэме пра чорныя вочы» лідэр Re1ikt параўноўвае з крэшчэнда ў музыцы, а словы-вобразы аўтара з аранжыроўкаю. Шкада, кажа Алесь, што ў межах гэтага праекту немагчыма было зрабіць маштабную музычную агучку для твору, як тое было зь нямым фільмам «У агні народжаная» па сцэнары іншага расстралянага паэта Анатоля Вольнага. «Мы ўвогуле цікавімся рознымі рэчамі, зьвязанымі зь Беларусьсю — сьпевамі, гісторыяй, літаратурай, выяўленчым мастацтвам, дзеячамі розных эпохаў. Даставаць гэтыя рэчы зь ценю гісторыі і забытасьці і асьвятляць іх для людзей, інтэграваць у культурную рэчаіснасць — адна з нашых творчых місій», — кажуць музыкі. Дарэчы, пераўтварэньне празаічнага твору ў песьню Re1ikt ажыцьцявіў не ўпершыню — да гэтага былі кампазыцыі «Кабета Інсекта» паводле апавяданьня Яна Баршчэўскага і «Балотныя агні» паводле апавяданьня Якуба Коласа. Што да песьні на Міхася Зарэцкага, то музыкі яе выканалі ўжо аднойчы на сваім сольным канцэрце. Афіцыйная жывая прэм’ера гэтага твору адбудзецца на прэзэнтацыі праекту «(Не)расстраляная паэзія» 29 кастрычніка. Будзе яна выконвацца надалей, але ня часта, бо, як кажуць музыкі, патрабуе вельмі моцных эмацыйных выдаткаў. Акром таго, неўзабаве будзе прэзэнтаванае музычнае відэа на гэтую кампазыцыю.

ПАДТРЫМАЦЬ ПРАЕКТ НА TALAKA.BY

Міхась Зарэцкі — сапраўдная літаратурная зорка 1920-х, ягоныя творы карысталіся вялікім попытам, ягоныя выступы ў прэсе ўздымалі самыя насутныя праблемы і жыва абмяркоўваліся. У студэнцкія часы ён быў адным з аўтараў ліста аб самавыключэньні з БДУ у адказ за непавагу да беларускіх пісьменьнікаў. 90 год таму ён дзяліўся развагамі, надзвычай актуальнымі сёньня: «Дакуль мы будзем жыць гэтым пазаддзем чужой культуры, якое з тупым салдацкім самадавольствам «преподносят» нам нашы суседзі і якое мы прымалі як чыстае збожжа? Дакуль мы будзем зьбіраць з чужога стала ўбогія брудныя аб'едкі, аддаючы сваё дабро на агульную пагарду і зругу?». Зарэцкі — аўтар геніяльных твораў: раман «Вязьмо», аповесьць «Голы зьвер», цэлы шэраг непаўторных псыхалягічных апавяданьняў і неверагоднага па сваёй маштабнасьці раману «Крывічы», які быў канфіскаваны бальшавікамі. А сьледам быў раструшчаны і фізычна зьнішчаны сам творца. Падрабязьней пра ягоны лёс і творчасьць распавядзе выкладчык беларускай літаратуры БДУ Аляксей Стрэльнікаў ў адкрытай лекцыі праекту «(Не)расстраляная паэзія» 13 кастрычніка ў кнігарні «Логвінаў». Відэавэрсія лекцыі будзе дадазена на гэтую старонку.

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТНУЮ ПРЭЗЭНТАЦЫЮ ПРАЕКТУ «(НЕ)РАССТРАЛЯНАЯ ПАЭЗІЯ»

Re1ikt «Пра чорныя вочы»

(музыка гурту, словы Міхася Зарэцкага)

Цябе я шукаў сем гадоў
у моры жыцьця сумятлівым,
твой ружовы пакой, пастой,
напомню табе аб мінулым бурлівым…

…Аб днях, калі морам лілася кроў,
у якія гарэла сьвятая нянавісьць.
Страшэнная ноч пад халодным дажджом.
Нешта расьці пачало паміж намі.

Скончым песьню нашае дзівоснае яскравае дружбы.
Не, я цябе не кахаў.
Я ня бачыў цябе як жанчыну.
Помню, неяк за руку ўзяў,
што потым было, несуразна і дзіка прайшло…

Калі па лясах пасьцілаецца восень,
сеецца пах пажоўклай травы,
успамінаю нашы паходы,
малюнкі рассыплю прад тваімі вачмі.

Скончым песьню нашае дзівоснае яскравае дружбы.
Я цябе не знайшоў, не засьпеў, я пайду
ад цябе. Яе чорны агонь вачэй
у шаломным грукаце дзён я знайду.
Я пайду. Я знайду, дармо ты сьмяесься…

(1927/2017)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0