Адам Глобус. І вось я зноў у Барсэлоне.

Адам Глобус. І вось я зноў у Барсэлоне.

У маёй душы адначасова жывуць дамасед і падарожнік...

Яшчэ ў дзяцінстве, як куды ехаць, я адразу пачынаў нэндзіцца. Ад адной толькі думкі, пра хуткі пераезд мне рабілася млосна. Бо звычны свет пачынаў хістацца, а маё маленькае “я” нібыта мусіла падзяліцца і выйсці з самога сябе. Перад паездкамі я сварыўся з бацькамі і плакаў.

Адзін з самых драматычных успаінаў майго дашкольнага дзяцінства знітаваны якраз з паездкаю з бабінага мястэчка Койданава ў бацькоўскі сталічны Менск. Сканчаўся жнівень, трэба было падрыхтавацца да школы, у нашай гарадской кватэры мяне чакаў цёмна-блакітны форменны пінжак і партфель з букваром. Ехаць я не хацеў. Разумеючы ўсё глупства сваіх паводзінаў, я ўсё ж залез пад бабін ложак і ўчапіўся абедзьвюма рукамі за жалезную ножку. Выцягвалі мяне доўга, а, выцягнуўшы, адлупцавалі скураным пасам, аб які дзед Бронік правіў сваю небяспечную брытву. У цягніку пахла яблыкамі ды свежым ветрам чыгункі. Я глядзеў у вакно і маўчаў. На станцыі Койданава засталося маё дзяцінства і маё непадзельнае маленькае “я”, яно і зараз недзе там, пад бабіным ложкам трымаецца абедзьвюма рукамі за гладкую жалезную ножку.

У юнацтве я навучыўся маўчаць перад падарожжамі. Хваля няўтульнасці накрывала мяне з галавою і я замаўкаў. Моўчкі пакаваў рэчы, моўчкі развітваўся са звыклым наваколлем, моўчкі ехаў…

У цябе можа скласціся ўражанне, што я не люблю падарожнічаць, але гэта зусім не так. Вандраваць я люблю, але пакідаць сваё роднае месца цяжка, бо я не з тых, хто сваё звычайнае існаванне даводзіць да невыноснасці, не з тых, хто замест таго, каб навесці ў доме парадак, усім расказвае, які гадкі і паганы ў яго дом. Я люблю ўсе дамы, дзе давялося жыць, люблю вуліцы, па якіх штодня хаджу, люблю свой бацькоўскі горад, сваё бабіна мястэчка і сваю дзедаву вёску. Але ёсць адна рыса ў маім характары, якая падштурхоўвае мяне ў падарожжы. Маё “я” вельмі цікаўнае. Дзеля яго давялося навучыцца любіць транспарт. Я люблю цягнікі, машыны, аўтобусы, электрычкі, самалёты, караблі, катамараны і гелікоптэры, вакзалы, аўтобусныя і трамвайныя прыпынкі, аэрапорты і аэрадромы…

Верталёт я палюбіў з першага погляду. Першы раз я ляцеў на верталёце з Адлера ў Сочы, глядзеў на горы і на мора, глядзеў на велічны Каўказ і зайздросціў сам сабе. У падарожжах я сам сабе зайздрошчу: я-падарожнік выклікае павагу і зайздрасць у я-дамаседа. Добра, што я-дамасед не агрэсіўны і не помслівы. А вось я-падарожнік у мяне тэмпераментны, ён страшэнна не любіць паўтораў. Ад бясконцых паўтораў мне і даводзіцца ўцякаць у падарожжы. Лячу ў Барселону, Маскву, Рым, Амстэрдам, еду ў Вільню, Беласток, Магілёў, іду на ўскрайкі гораду. Новыя краявіды мяне клічуць, я ўсё спадзяюся на адкрыццё, на ўражанне, на азарэнне…

Кожнае маё падарожжа сканчаецца прыкладна аднолькава: мне пачынае хацецца дамоў. Калі ў падарожжа мяне клічуць розныя галасы, дык дамоў мяне кліча адзін і той жа голас. Але не з голасу пачынаецца працэс вяртання, а са смаку. За сняданкам ежа раптоўна страчвае ўсялякі смак, яшчэ за вячэраю ўсё было разнастайным – і горкім, і салодкім, і вострым, і салёным… А раніцаю зрабілася папярова-прэсным. Можна сыпаць перац і соль, але ад гэтага страва зробіцца няўежнай, а смаку не набудзе. Канешне я спрабаваў сябе падманваць, спрабаваў паабяцаць я-дамаседу, што ўсё будзе выдатна. Але абяцанкі-цацанкі не спрацоўвалі. Усё смачнае чакала мяне толькі дома.

Калі вяртанне пачынаецца ў мяне з ежы, дык падарожжа – са званка будзільніка. Званок, які я чую кожную раніцу робіцца невыносным, яго паўторнае ціліціньканне трываць няма аніякай моцы. Калі так, значыць прыйшоў час выпраўляцца ў падарожжа.

Цяпер я задумаўся: каго я ў сабе люблю больш я-падарожніка ці я-дамаседа. Адказаць не магу, бо найбольш я ў сабе люблю мастака, які бачыць сальнічку і перачніцу на стале ў барселонскай рэстарацыі і думае, як па вяртанні дадаму ён напіша нацюрмот “Соль і перац”, як пакажа яго сваім старым сябрам і патлумачыць, што самае цікавае ў карціне не тое, што рассякае свядомасць напапалам, а тое, што аб’ядноўвае соль і перац у адну непадзельную кампазіцыю.

* * *

Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы і мініятуры. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?