Старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Цяцерын у праграме «PRO спорт. Вынікі» на тэлеканале «Беларусь 5» ацаніў імавернасць прыбыцця экс-першай ракеткі свету Вікторыі Азаранка на фінальны матч Кубка федэрацыі супраць зборнай ЗША, які пройдзе 11-12 лістапада на корце «Чыжоўка-Арэны», піша Sport.tut.by
— Усе ў курсе, што яе чакаюць судовыя слуханні. Натуральна, не на нашай зямлі. Рашэнне будзе прымацца згодна з амерыканскім заканадаўствам. Сама Віка прызнаецца, што вядзе падрыхтоўку да матча супраць каманды ЗША. Што ж, будзем спадзявацца, што адвакаты спрацуюць прафесійна і ўдача будзе на нашым баку, - сказаў Сяргей Цяцерын.
Вікторыя Азаранка вядзе працэс з бацькам свайго сына за права апекі над 9-месячным Леа. З-за гэтага беларуска знялася з US Open і яшчэ некалькіх турніраў.
Беларускія тэнісісткі ў красавіку ўпершыню ў гісторыі выйшлі ў фінал Кубка федэрацыі. За галоўны камандны трафей сусветнага жаночага тэніса каманда Беларусі пазмагаецца са зборнай ЗША. Матч пройдзе 11-12 лістапада ў Мінску і складаецца з пяці сустрэч і праходзіць у два спаборніцкія дні. У першы дзень праходзяць дзве гульні ў адзіночным разрадзе, у другі — дзве адзіночныя і адна парная сустрэча.