5 верасьня ў Івянец спэцыяльнай дэлегацыяй быў дастаўлены Дабрадатны агонь зь Ерусаліму і адначасова з гэтым папулярызаваўся дзень беларускага пісьменства.

У гонар гэтых падзей у Івянцы сабралася вельмі многа народу, ня толькі праваслаўных, але і каталікоў.

З царквы Прападобнай Еўфрасіньні Полацкай хросным ходам жыхары Івянца рушылі на аўтастанцыю, дзе дачакаліся дэлегацыю зь лямпадай, у якой гарэў Дабрадатны агонь. Дэлегацыю ўзначальваў выкладчык факультэту тэалёгіі БДУ айцец Сергій.

Пасьля выступу па паперцы валожынскага ідэоляга на расейскай мове пра беларускае пісьменства і іншае слова ўзяў айцец Сергій, які выступаў на добрай беларускай мове, але, гаворачы пра беларускае пісьменства, казаў, што толькі праваслаўе дало беларусам пісьменства, а палякі ў 1596 г. зьнішчылі беларускую мову, забаранілі выдавецтва кніг, газэт і інш.

Але ж агульнавядома, што першую друкаваную беларускую Біблію выдаў каталік Францыск Скарына, а пасьля уніі 1596 г. на беларускай мове вяліся набажэнствы ва ўніяцкай царкве, якая ахоплівала каля 80% усіх вернікаў ВКЛ, і дзякуючы гэтаму захавалася беларуская мова. І наадварот, у 1840 г. расейскія ўлады забараняюць Статут ВКЛ, выдадзены на беларускай мове, і забараняюць нават тэрмін «Літва», а назву нашага народу мяняюць на «беларусаў».

Пасьля паўстаньня 1863—1864 гг. была забароненая і назва нашага народу «беларусы», і назва «Беларусь» ператвораная ў «Северо‑Западный край», а вышэйшыя навучальныя ўстановы, як Віленскі ўнівэрсытэт і Полацкая езуіцкая акадэмія, былі ліквідаваныя, не гаворачы ўжо пра закрыцьцё беларускіх школаў і ліквідацыю ўніяцтва.

Прыкладна тое самае назіраецца і цяпер, але ў больш вытанчанай і зьедлівай форме пры захаваньні назвы «Беларусь» і адначасовым вынішчэньні ўсяго беларускага.

У нашай краіне праводзіцца пагалоўная русіфікацыя, і сваё важкае слова ў абарону мовы тытульнай нацыі напярэдадні Дня беларускага пісьменства павінен быў сказаць айцец Сергій, які ў БДУ вучыць беларускіх студэнтаў.

Каб умацаваць нашую нацыю і дзяржаўнасьць, народ павінен добра ведаць сваю гісторыю і быць адданым сваім беларускім караням, мове і культуры. Аб гэтым вельмі добра сказалі беларуская пісьменьніца Ніна Загорская і астатнія выступоўцы.

У час сьвята вельмі ўсьцешыла тое, што пасьля хроснага ходу ў царкве Еўфрасіньні Полацкай адбылося беларускамоўнае набажэнства, пасьля якога вернікі панесьлі Дабрадатны агонь па сваіх хатах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?