Бывае, здаецца, што нейкія падзеі губляюцца ў гісторыі незваротна. Але вось знаходзіцца нейкая драбніца, і як за нітачку за яе пацягні — і нечакана знаходзіш цэлую гісторыю.

Гэты здымак я памятаю столькі, колькі сябе. На фоне прадзедаўскай камяніцы нейкая жанчына ў белым плача, побач стаіць старэйшая кабета. Гэта мая прабабка Ева Сайкоўская зь сям’і Шэмісаў. Ейны строй у дзяцінстве выклікаў у маёй галаве рой пытаньняў і непаразуменьняў — нейкі недарэчны чэпчык на галаве. Тады мая мама, Марыя Граблеўская‑Кардзіс, мне растлумачыла.

У 1938 г. у нашай роднай вёсцы Філіпаны, на Віленшчыне, цяпер гэта Астравецкі раён, у прадзедаўскай хаце, палова якой была аддадзеная пад школу, пад кіраўніцтвам настаўніцы пані Францкевічовай было арганізаванае вясельле. І здымак гэты адтуль.

Па‑рознаму склаўся лёс маёй радзіны. Прадзядоўская хата была нацыяналізавана саветамі. Нейкі час там была школа, бібліятэка. Сёньня гэты будынак стаіць пусты. Каб яго вярнуць ва уласнасьць сям’і треба заплаціць беларускай дзяржаве камэрцыйны кошт. Зь вялікай сям’і бабці, а іх было 6 асобаў дзяцей — Адам, Мечыслаў‑Міця, Саламея‑Салюня, Ева, Тэафіля‑Тофця і Зося — Адам пасьпеў зьехаць з сваёй сям’ёй у Польшчу яшчэ перад вайной, Міцю замардавалі ў Вялейцы саветы. Пані Францкевічова ў Філіпанах настаўнічала, а ейны муж жыў у Вільні. Таемна яна вэрбавала вайскоўцаў у «партызанку», як казалі сваякі. Мне перш думалася, што ў Армію Краёву, але пасьля таго, як яна паставіла беларускае прадстаўленьне, па‑беларуску, я засумнявалася наконт партызанкі. Магчыма, гэта быў запіс і ў беларускія ўтварэньні. Дык, як саветы прыйшлі, гэтыя сьпісы былі імі знойдзеныя. 35‑гадовы Мечыслаў Сайкоўскі разам з аднавяскоўцамі быў арыштаваны і вывезены ў Вялейку. Пазьней жонцы паведамілі, што ён забіты і можна яго пахаваць. Прыехаўшы, яна пабачыла жудасную карціну — забітыя ляжалі плазам, свайго мужа яна пазнала па радзінцы на пальцы рукі. Але гэта было ня самае страшнае для яе выпрабаваньне. Неўзабаве яна пройдзе ўсё пекла: з трыма маленькімі дзецьмі яе вывезуць у Сібір, а пасьля ў Казахстан. У 1950‑х яна выедзе ў Польшчу.

Тэафілю з чатырма дзецьмі таксама вывезьлі. Такі лёс абышоў маю бабулю і дзьвюх ейных сясьцёр, бо, пэўна, жылі бядней. Але хачу ўзгадаць маю бабцю Еўку як героя. Калі яна даведалася, што ейную залоўку разам зь дзецьмі з хутару Бабанішкі, што ля Астраўцу, арыштавалі, а дакладней, непрытомную паклалі на воз і павезьлі на станцыю Гудагай, дзе «фармаваўся» таварняк з «ворагаў народу», бабця паначы заклала коней, сабрала, што магла, у дарогу, і павезла ім у Гудагай перадачу. І пазьней яны зь дзедам чым маглі дапамагалі сваякам, якіх вывезьлі, — высылалі грошы, перадачы. Хоць, пэўна, і самім не зусім заможна жылося. У сям’і было пяцёра дзяцей.

Бабцю я памятаю слаба, я была малой, як яе ня стала. У памяці яна засталася маўклівай і строгай. А ў спадчыну — ейная любімая прымаўка «салому еш, але фасон тшымай», пашпарт ваеннага часу, тканы ручнік з вышытымі ініцыяламі і вялікая ваўняная хустка ў краткі, якой бабця захіналася ў холад. Ад дзеда Стася засталося некалькі вершыкаў на сацыяльныя тэмы, напісаных па‑беларуску. Стрыечная цётка Рэня сказала, што, пэўна, у іншы час мой дзед быў бы паэтам. Маці чамусьці хавала факт вершапляценьня свайго бацькі.

Дык, вяртаючыся да здымку. У 1989 г. я паехала ў Польшчу да сваякоў. Паехала на цэлы месяц. Я адведала ўсіх ад Гдыні да Ольштыну. Гэты побыт у Польшчы са сваякамі застаўся непаўторным. У тым сэнсе, што больш такой раскошы, дзеля адсутнасьці часу, у мяне ўжо ня будзе. Гаворана‑перагаворана. Са сваімі стрыямі дзяжурныя фразы, а найбольш цікавымі былі доўгія аповеды са сваімі любымі цётачкамі і дзядзькамі. Узгадалі яны прымаўку цёткі Тэафіліі: «Мілы той куток, дзе завязаны пупок». Таго, што яны нацярпеліся за часы высылкі, хапіла б на доўгі аповед. Ня трэба глядзець фільмаў жахаў, чытаць дэтэктываў. Сядзі і слухай. Думай, дзівуйся, як яны здолелі выжыць, стацца людзьмі. Кажуць, вера дапамагала. Апавядаюць, як загрузілі іх у таварняк, у Гудагаях, стаяла нейкая пранізьлівая цішыня. Расплакаўся брацік Юрка, у той час яму было два гадкі. Гучна, не сьціхаючы, не паддаючыся ані на якія ўгаворы. І тут нейкі чалавек зацягнуў песьню, увесь састаў яе падхапіў…

Цяжка было на высылцы, цяжка было пачынаць жыцьцё ў Польшчы. Прызнаваліся, што было і маральна цяжка. Трэба было прывыкаць да ўсяго новага, у тым ліку і да мовы. Бо гэтая польская мова была зусім іншай, чым тая гаворка, якой гаварылі на Віленшчыне. Але працавітасьць узяла сваё, балазе ў радзіне не было гультаёў. Што думаюць пра сваю Радзіму? Сумуюць. Было нармальнае жыцьцё, спакойнае дзяцінства, маладыя, моцныя бацькі. Ня любяць слова «Беларусь». У 1989 г. са сваім беларускім максымалізмам даказвала я ім, што не палякі мы. Пагадзіліся. Але тады кажуць: «Мы ліцьвіны». На гэтым і сышліся. Ёсьць у гэтых маіх сваякоў, якія прайшлі праз усе выпрабаваньні, нейкая нявыказаная цеплыня і сьветласьць, радасьць да жыцьця. Тое, што нам, сучасным людзям, чамусьці цяжка даецца.

За гаворкамі ды ўспамінамі дайшлі да сьвятой справы — прагляду здымкаў. Разглядваю здымкі, і тут… Дык гэта ж з этнаграфічнага альбому. Пытаюся, што за здымкі, у адказ чую, што з 1938 г., з таго інсцэнаванага вясельля ў Філіпанах. «Дык гэта ж скарб», — кажу. У адказ: «Можаш узяць». Пытаюся, а як жа вы іх захавалі, празь Сібір, Казахстан? Як пасьпелі іх узяць з сабой, кавалачак маленькай Радзімы?

Мая сямейная архіўная фотакалекцыя ўзбагацілася. На фатаздымках мы разгледзелі маю родную прабабцю, бабціных сясьцёр, братоў, цётачку Геню. Здымкі вельмі цікавыя з этнаграфічнага боку. Трэба прызнаць, што мой край, Віленшчына, зусім не дасьледаваны ў галіне народных строяў. А тут глядзі, смакуй — жаночыя галаўныя ўборы, каралі, спаднічкі, блюзкі. Мужчыны ня менш годна апранутыя. Вясковыя музыкі — скрыпачка. Танчаць «Юрачку». Прывезла здымкі, разглядаем, цешымся. І ніхто б не здагадаўся, што гэтая гісторыя, гісторыя здымкаў, мае свой працяг.

Неяк увосень, па дарозе Вільня—Астравец, еду я з гісторыкам Юркам Унуковічам. Ён у гэты час у Вільні стажыруецца. Апавядае Юрась пра свае знаходкі. Часу мы маем багата, стоячы ў чарзе на мытным пераходзе «Лоша». Кажа Юрась, што ў Інстытуце народнай творчасьці супрацоўніца выпадкова знайшла гару беларускага фальклёру. «Вясельле Марулі», запісанае ў 1938 г. у вёсцы Малыя Філіпаны… Я ня чую, што кажа далей Юрась. Хочацца зьвязаць са сваімі здымкамі. Асьцярожна кажу Юрасю, што мая радня брала ўдзел таксама ў падобным мерапрыемстве. Пагаджаемся, што гэта, магчыма, неяк зьвязана паміж сабой. Чаканьне копіі было, здавалася, самым доўгім у маім жыцьці. І вось урэшце Юрась дае запаветны дыск. Запраўляем у кампутар, і вось яно — чаканае «Вясельле Марулі». «Із збораў беларускага Музэю ў Вільні». Бог ты мой, гэтага зусім не чакалася.

«Вясельле Марулі» ў апрацаваньні сялянаў з засьценку Новыя Філіпаны, Варнянскай воласьці, адыгранае ў Віленскім радыё 15 траўня 1938 г. Рэдакцыя Галіны Салткевічавай. У вясельлі бралі ўдзел 23 асобы, увабраныя ў народную вопратку. Бяруць удзел тры пакаленьні. Побач 15‑гадовай Гені стаіць ейны бацька Адам Сайкоўскі (старэйшы брат маёй бабці —ЛК) і ягоная маці, 67‑гадовая Еўка Сайкоўская (мая прабабка — ЛК). Вясельле адноўлена па самых старэйшых тамтэйшых звычаях, песьнях і вопратцы. Выканаўцы вясельля адначасова зьяўляюцца і аўтарамі. Многа зь вясельных цырымоніяў ужываецца і сягоньня. Але паволі ўжо забываецца.

Далей на трыццаці трох старонках ідзе поўнае апісаньне ўсяго вясельнага абраду, вопраткі людзей, песьняў. Усё на нашай мове, па‑беларуску. Толькі чатыры радкі па‑польску. Апошняя старонка «дабівае» мяне цалкам: «Беларуская рэдакцыя тэксту — Уладас Дрэма, 14 сьнежня 1942 г.».

Апавядаю маме. Мама пацьвярджае, так, пасьля таго прадстаўленьня ў Філіпанах іх запрасілі ў Вільню на радыйны запіс. Выбіраліся сур’ёзна, на конях, упрыгожаных жыргунамі. Раз тэатар, дык ва ўсім. Пытаюся, што памятаеце з таго. Высьветлілася, што кожны памятае сваё. Мама, як жанчына, — што адмыслова ткалі паласатую тканіну для андаракаў. Ейны родны брат Гэнюсь — што падчас першага выступу танцавалі так заўзята, што зламалі сцэну.

Што ўсё гэта значыць для мяне, для маіх сваякоў? Адназначна — гонар за сваю сям’ю, радню, продкаў. Ставіць усе кропкі над «і» ў нацыянальным пытаньні «хто мы?». І разуменьне, што нічога ў гэтым сьвеце не бывае выпадковым. І нашая «беларускасьць» была заўсёды натуральнай. Гонар за сваіх сясьцёр і братоў, што няма ў нас пагарды да беларускага. Што любім адзін аднаго. І гэта ўсё дзякуючы нашым СТАЎПАМ: прапрабабцям, дзядам, мамам, татам, цётачкам, дзядзькам.

А нітачка гісторыі цягнецца. Хочацца пашукаць архівы міжваеннага віленскага радыё, паехаць у Філіпаны. А раптам там яшчэ што‑небудзь захавалася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?