6 крымскіх татараў былі затрыманыя сёння ў Бахчысараі. Яны ўзятыя пад варту па падазрэнні ў прыналежнасці да групоўкі «Хізб ут-Тахрыр», паведамляе крымскататарскі канал ATR.

Акрамя таго, адначасова з імі адміністратыўна затрымалі яшчэ 9 суседзяў, якія збегліся на месца арыштаў выказваць свой пратэст. 

Усяго колькасць палітвязняў у Крыме дасягнула 54 чалавекі, з іх палова — этнічныя татары, а другая палова — украінцы.

Па словах кіраўніка Меджліса крымскататарскага народа Рафата Чубарава, абвінавачванні ў прыналежнасці да «Хізб ут-Тахрыр» надуманыя. Па-першае, гэтая арганізацыя легальная ў большасці краін свету. Па-другое, арыштоўваюць проста актывістаў нацыянальнага і рэлігійнага руху.

У Расіі экстрэмісцкім абвешчаны і сам Меджліс — выбарная рада прадстаўнікоў крымскіх татараў, які адмовіўся прызнаць анексію Крыма Расіяй.

Сярод іншых крымскіх палітвязняў — 67-гадовы журналіст Мікола Сямена, які атрымаў 2,5 года турмы за рэпартажы на сайт «Крым. Рэаліі» і радыё «Свабода», у якіх ён называў Крым акупаваным. Застаецца за кратамі і 41-гадовы ўкраінец-рэжысёр Алег Сянцоў.

«Мы маем справу з выдушваннем крымскіх татараў з Крыма», - так пракаментаваў сённяшнія арышты кіраўнік крымскататарскага тэлеканала ATR Лянур Ісламаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?